Ідзе прыём дакументаў ва ўстановы прафтэхадукацыі

- 11:15Актуально, Апошнія запісы

З 15 чэрвеня пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. З улікам патрэб эканомікі, дэмаграфічнай сітуацыі і вынікаў працаўладкавання выпускнікоў гэтага года аб’ёмы і структура прыёму засталіся практычна на ўзроўні мінулага года. Так, сёлета ва ўстановы ПТА плануецца прыняць 34,8 тысячы чалавек.

Прафесійна-тэхнічную адукацыю можна атрымаць на аснове агульнай базавай, агульнай сярэдняй або спецыяльнай адукацыі ў дзённай, вячэрняй ці завочнай форме.
Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі будзе ажыццяўляцца да 20 жніўня. Калі да гэтага тэрміну на асобных спецыяльнасцях застануцца вакантныя месцы, то ўстановы адукацыі па ўзгадненні са сваімі заснавальнікамі могуць падоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп да 15 верасня.
Нагадаем: залічэнне ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца на падставе заяў паступаючых (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi, атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі ці пасведчання аб спецыяльнай адукацыі.
Адметна, што ў гэтым годзе адкрыта падрыхтоўка па запатрабаваных прафесіях рабочых у трох установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — у Салігорскім горна-хімічным каледжы, у Віцебскім політэхнічным каледжы і Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.