Ігар ДАДОН: “Лічу, што Беларусь для нас — прыклад”

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова ў любы момант зрабіць для Малдовы ўсё, што ў яе сілах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

“Мы гатовы для вас у любы момант зрабіць усё, што вы захочаце, калі гэта ў нашых сілах. Усё, што вы бачылі, пачынаючы ад прамысловых трактароў, БелАЗаў, МАЗаў, сельгаспрадпрыемстваў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ад вас нічога не ўтойваем , вы блізкі нам чалавек. Мы з вамі прытрымліваемся практычна аднолькавых поглядаў. Вы помніце, што мы ў любы момант гатовы дапамагчы, падставіць сваё плячо”.

Прэзідэнт адзначыў, што з вялікай павагай ставіцца да Малдовы і яе народа. “Чамусьці ў Малдове кажуць: “Мы маленькая дзяржава, маленькі такі народ”. Гэта вялікі народ, гэта нармальная па сярэднееўрапейскіх мерках дзяржава”, — заявіў беларускі лідар.

Асаблівасцю візіту Ігара Додона ў Беларусь стала наведванне шэрага прадпрыемстваў і культурных аб’ектаў яшчэ да сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. “Вы паглядзелі Беларусь, вы яе, можна сказаць, памацалі ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы. Вы пабывалі на культурных аб’ектах, убачылі, як мы ставімся да памяці. Мы не піярымся і не расказваем, якія мы няшчасныя і як на вайне нам цяжка было. Мы захоўваем гэтую памяць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Ваша такая прэлюдыя да нашай сустрэчы — гэта вельмі каштоўна. Я з вамі магу размаўляць як з чалавекам, які спазнаў Беларусь”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон адзначыў, што візіт у Беларусь перасягнуў усе яго чаканні.

“За гэты кароткі час мне далі магчымасць дакрануцца да таго, што я бачыў па тэлевізары. У мяне былі пэўныя чаканні, але ўсё, што я ўбачыў, вышэйшае за іх”, — сказаў Ігар Дадон.

Прэзідэнта Малдовы ў час візіту суправаджае вялікая дэлегацыя, саветнікі па розных пытаннях. “Ёсць добрыя ідэі, якія тычацца і прамысловых прадпрыемстваў, і сельскай гаспадаркі. Думаю, што пасля гэтага рабочага візіту мы зможам узняць нашы двухбаковыя адносіны на якасна новы ўзровень”, — перакананы ён.
Ігар Дадон прызнаўся, што яшчэ да візіту шмат чытаў аб прадпрыемствах Беларусі, глядзеў аб іх рэпартажы, а гэтымі днямі змог убачыць усё наяве: “Я вельмі рад, што вы змаглі гэта захаваць і ўзняць на новы ўзровень. Нам ёсць чаму павучыцца. Я кажу гэта шчыра, адкрыта. Я бачыў прадпрыемствы і ў Еўрапейскім саюзе, але той узровень, на які ўзнялася прамысловасць у Беларусі, для нас толькі мара на гэтым этапе. Мы маем намер па некаторых напрамках больш паглыблена запусціць сумесныя праекты”.

Кіраўнік Малдовы таксама адзначыў намаганні Беларусі па захаванні памяці аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. “У нас агульная Перамога. Трэць беларусаў аддалі сваё жыццё для таго, каб мы разам перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне”, — падкрэсліў ён.

Ігар Дадон расказаў, што ў Малдове робяцца розныя спробы перапісаць гісторыю і нават перайменаваць Дзень Перамогі ў Дзень Еўропы. “Мы абавязаны абараніць 9 Мая для нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Усё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной, для нас святое”, — заявіў Прэзідэнт Малдовы.

Напярэдадні сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Ігар Дадон у эфіры праграмы “Актуальнае інтэрв’ю” на тэлеканале “Беларусь 1” адзначыў, што Малдова павінна быць падобна да Беларусі.

“Я на ўсіх сустрэчах з выбаршчыкамі апошнія 3—4 гады ўсюды гаварыў, што хачу, каб Малдова была такой, як Беларусь. Патрэбны моцны лідар, патрэбна строгая вертыкаль улады, трэба навесці парадак у эканоміцы, вярнуць тое, што было добрага пры Савецкім Саюзе (вы змаглі гэта захаваць, а ў нас усё разбурылі), трэба мець дружалюбныя сувязі з усімі”, — сказаў Ігар Дадон.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што ў недалёкай будучыні ў Малдове змогуць умацаваць інстытут прэзідэнцтва, каб навесці парадак у краіне.

“Я лічу, што з Беларусі мы можам браць прыклад па многіх напрамках. Першае — гэта будаўніцтва дзяржаўнай палітыкі (прэзідэнцкая краіна, паўнамоцтвы прэзідэнта). І тады ўсё запрацуе, не будзе вось гэтай анархіі — гэта не дэмакратыя, гэта анархія атрымліваецца. У вас гэтага няма, і гэта плюс”, — падкрэсліў ён.

Малдова таксама хацела б арыентавацца на поспехі Беларусі ў эканамічнай сферы. “Вы захавалі ўсё, што было ў Савецкім Саюзе. Вы не разбурылі калгасы, саўгасы. Вы захавалі вялікія гаспадаркі, вы ім дапамагаеце. У вас вельмі сур’ёзная вытворчасць, і не толькі ў сельскай гаспадарцы, у вас і сур’ёзная прамысловасць. Тое, што мы разбурылі, вы захавалі”, — канстатаваў малдаўскі лідар.

Ігар Дадон таксама адзначыў поспехі Беларусі ў сацыяльнай сферы, будаўніцтве, развіцці інфраструктуры. “Я лічу, што Беларусь для нас — прыклад”, — сказаў напрыканцы прэзідэнт.