Іх подзвіг паўторыць не кожны

- 10:53Выхаванне

Аграгарадок Баруны… Невялікі населены пункт з багатым гістарычным мінулым. Менавіта сюды імкнуцца шматлікія паломнікі і пілігрымы, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай і набраць вады з гаючай крынічкі. Падаецца, што гэты населены пункт увасабляе прыгажосць, спакой і святасць. Аднак далёка не заўсёды была тут гармонія і спакой.

Першая сусветная вайна… Гэтыя словы прымушаюць задумацца, ад іх заміраюць нашы сэрцы. Мы, нашчадкі, не бачылі вайны. Мы не ўцякалі ад куль. Мы не цярпелі нястачу і голад. Аднак усё гэта бачылі нашы продкі, якія не раз сутыкаліся са смерцю. Яны бачылі кроў, разбурэнне, паламаныя лёсы маладых людзей. А некаторыя нават ахвяравалі жыццём дзеля мірнага неба над нашымі галовамі.

Невялікі каменны помнік узвышаецца недалёка ад Барунскай школы. Чатыры сумныя твары пазіраюць з яго. Хто гэтыя людзі? Гэта звычайныя юнакі, якія ў пэўных абставінах змаглі стаць героямі. А.Карпаў, М.Рахмін, Д.Макшэеў, Ф.Гаібаў — гэтыя прозвішчы назаўсёды застануцца ў памяці мясцовых жыхароў, вучняў школы і проста неабыякавых да сваёй гісторыі людзей. 25 верасня 1916 года адбыліся трагічныя падзеі. Экіпаж паветранага карабля “Ілья Мурамец” мужна змагаўся, аднак быў абстраляны нямецкім праціўнікам і пацярпеў крушэнне пад Барунамі. Усе лётчыкі загінулі…

Кожны год 25 верасня вучні Барунскай сярэдняй школы разам з педагогамі прыходзяць да помніка, каб ушанаваць памяць герояў-лётчыкаў. Каля памятнага знака гучаць гістарычныя звесткі пра падзеі той вайны. Да помніка ўскладаецца вянок. У гэтым годзе тэматычнае мерапрыемства “Іх подзвіг паўторыць не кожны…” было праведзена ў сельскай бібліятэцы. Наталля Браніславаўна Станулевіч падрыхтавала шмат цікавых звестак пра лётчыкаў. З вялікай цікавасцю школьнікі ўспрымалі новую інфармацыю, а таксама ўдзельнічалі ў абмеркаванні.

Памяць пра герояў павінна жыць заўсёды, а не толькі ў гэтую сумную дату. І яна жыве. Нашы вучні не забываюць сваёй гісторыі. Антаніна Макей і Андрэй Свірыда з’яўляюцца сталымі ўдзельнікамі навукова-практычных канферэнцый. Свае даследаванні яны прысвячаюць трагічным падзеям Першай сусветнай вайны. Гэтыя вучні былі ўдзельнікамі навуковай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, дзе работа Антаніны заняла 1-е месца, а даследаванне Андрэя было адзначана падзячным лістом. Шмат цікавай інфармацыі было адшукана вучнямі ў працэсе напісання навуковых работ. Гэтыя звесткі сталі набыткам школьнага музея.

У музеі сабрана шмат цікавай інфармацыі, якая пастаянна абнаўляецца не без удзелу нашых вучняў. Многія школьнікі з’яўляюцца экскурсаводамі. Яны з вялікім запалам расказваюць сваім аднакласнікам, а таксама гасцям аграгарадка аб жудасных падзеях Першай сусветнай вайны.

Каля помніка героям-лётчыкам заўсёды пануе чысціня і парадак. Вучні і педагогі сістэматычна арганізоўваюць суботнікі. Наша школа падтрымлівае цесную сувязь з ветэранамі дальняй авіяцыі Расіі. Дэлегацыя ветэранаў неаднаразова наведвала жалобны мітынг, а пасля члены дэлегацыі расказвалі цікавыя факты з жыцця лётчыкаў, дэманстравалі дакументальныя фільмы, прывозілі цудоўныя падарункі ў школьны музей.

Час ідзе. Змяняюцца пакаленні. Мяняецца і грамадства. Аднак нязменнай застаецца наша памяць пра падзеі той далёкай і крывавай вайны, якая забрала з сабой вялікую колькасць жыццяў. Маладое пакаленне павінна памятаць пра тыя падзеі, каб пасля не паўтарыць іх. І памятаць не адзін раз на год, а штодзённа: праз працу ў школьным музеі, праз удзел у навукова-практычных канферэнцыях, праз добраўпарадкаванне помніка, праз чытанне адпаведнай літаратуры.

Марта МАЦКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Барунскага
ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна.