Іх вопыт прызнаны лепшым

- 10:32Адукацыйная прастора

У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшло ўрачыстае закрыццё і ўзнагароджанне пераможцаў II Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыi”.

Конкурс праводзіцца з мэтай удасканалення сістэмы спецыяльнай адукацыі, павышэння якасці і даступнасці адукацыі для асоб з АПФР, развіцця творчых ініцыятыў педагагічных работнікаў, а таксама выяўлення, абагульнення і распаўсюджання лепшага вопыту работы ўстаноў спецыяльнай адукацыі. Выпрабаванні праходзілі ў намінацыях “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова”, “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”, “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)”, “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.

У журы конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, НІА, АПА, Рэспубліканскага цэнтра для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. Сярод крытэрыяў ацэнкі конкурсных матэрыялаў — актуальнасць і адпаведнасць вопыту педагагічнай дзейнасці сучасным тэндэнцыям развіцця спецыяльнай адукацыі, адкрытасць і сувязь з соцыумам, даступнасць атрымання спецыяльнай адукацыі, эфектыўнасць і ўмовы функцыянавання ўстановы спецыяльнай адукацыі, выкарыстанне сучасных тэхналогій у рабоце ўстановы, інклюзіўны падыход да адукацыі і адпаведнасць зместу конкурсных матэрыялаў заяўленай тэме.

Для ўдзелу ў першым (абласным) этапе конкурсу ўстановы прадстаўлялі ў аргкамітэт інфармацыйна-аналітычную даведку аб сваёй дзейнасці за апошнія 3 гады. Другі (рэспубліканскі) этап конкурсу праводзіўся ў два туры: завочны і вочны. У завочным туры ацэньваліся прадстаўленне вопыту работы педагагічнага калектыву за апошнія тры гады і відэапрэзентацыя ўстановы спецыяльнай адукацыі.У вочным туры праходзіла абарона калектывам адукацыйнага праекта.

Фіналістаў і гасцей конкурсу вітала Ірына Уладзіміраўна Каржова, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі: “Удзел у конкурсе паказаў вашу неабыякавасць да той работы, якой вы займаецеся, да сваіх калег, жаданне падзяліцца цікавымі ідэямі і вопытам. Кожная ўстанова спецыяльнай адукацыі ў сваім рэгіёне мае непаўторныя адметнасці, сваю атмасферу і напрацоўкі. З 27 фіналістаў нам неабходна было выбраць лепшых. Іх вопыт будзе ўкараняцца ў сістэму адукацыі нашай краіны і стане арыенцірам для ўдзельнікаў наступнага конкурсу, пакажа, у якім кірунку трэба рухацца сучаснай школе для таго, каб найлепш раскрыць асобу дзіцяці, абудзіць у ім жаданне вучыцца, адлюстраваць неабходнасць навучання з мэтай сацыялізацыі ў грамадстве”.

“Незалежна ад таго, хто сёння перамог, ад вашых дасягненняў выйграе ў цэлым уся сістэма спецыяльнай адукацыі, — падкрэсліла старшыня журы конкурсу загадчык кафедры лагапедыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Іна Мікалаеўна Логінава. — Конкурс паказаў, што ў розных куточках нашай краіны працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія любяць сваю работу, укладваюць у яе душу і жадаюць, каб іх справа прыносіла карысць. Мне, напрыклад, вельмі імпануе ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска сваім неардынарным падыходам да работы, імкненнем да навізны, вялікай аргументаванасцю сваіх адукацыйных праектаў. Супрацоўнікі гэтай установы заўсёды самыя актыўныя ўдзельнікі семінараў, вэбінараў, вучэбных курсаў, яны імкнуцца прыўнесці інавацыі ў сваю практыку. Выклікае павагу і дзейнасць адміністрацыі і педагогаў Рудзенскай дапаможнай школы, якім удалося стварыць ва ўстанове цудоўную матэрыяльную базу, што дазваляе дзецям жыць з камфортам і развівацца. Тут традыцыйна ўдзяляюць вялікую ўвагу працоўнаму выхаванню і навучанню дзяцей, сацыялізацыя сваіх выпускнікоў, падрыхтоўцы іх да дарослага жыцця. Моцнае ўражанне пакідае ЦКРНіР Смалявіч. Гэта маленькая і вельмі камфортная ўстанова, у якой і педагогам, і бацькам, і дзецям удалося стварыць прыгожы і псіхалагічна спрыяльны мікраклімат.

Спецыяльная адукацыя перажывае няпросты час. У краіне ўзяты курс на інклюзіўную адукацыю. Відавочна, што і спецыяльная, і інклюзіўная адукацыя не выключаюць адна адну, яны могуць развівацца сумесна, узаемаабагачацца. Вялікі вопыт устаноў спецыяльнай адукацыі неабходны для прадукцыйнага развіцця інклюзіўных працэсаў. Без гэтага немагчыма стварыць у грамадстве інклюзіўную культуру”.

Пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі.

У намінацыі “Лепшая спецыяльная дашкольная ўстанова” дыплом І ступені атрымаў спецыяльны дзіцячы сад № 17 для дзяцей з парушэннем зроку Пінска; дыплом ІІ ступені — спецыяльны яслі-сад № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку; дыплом ІІІ ступені — спецыяльны яслі-сад № 6 Жлобіна.

У намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)” дыплом І ступені атрымала спецыяльная агульнаадукацыйная школа № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска; дыплом ІІ ступені — Асіповіцкая дзяржаўная спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату Магілёўскай вобласці; дыплом ІІІ ступені — Гродзенская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку.

У намінацыі “Лепшая дапаможная школа (дапаможная школа-інтэрнат)” дыплом І ступені атрымала Дапаможная школа Брэста; дыплом ІІ ступені — дапаможная школа-інтэрнат № 5 Гомеля; дыплом ІІІ ступені — Рудзенская дапаможная школа-інтэрнат Мінскай вобласці.

У намінацыі “Лепшы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі” дыплом І ступені атрымаў ЦКРНіР Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці; дыплом ІІ ступені — ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска; дыплом ІІІ ступені — Столінскі раённы ЦКРНіР Брэсцкай вобласці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.