Ільготы на праезд навучэнцам рэкамендавана пашырыць

- 12:11Інфармацыйная гадзіна

Урад рэкамендаваў пашырыць падтрымку навучэнцаў пры праездзе на транспарце агульнага карыстання. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 58 ад 26 студзеня 2016 года, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

Дакументам унесены змяненні ў пастанову Савета Міністраў ад 16 лютага 2011 года № 202 “Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў”.
Прынятая пастанова пашырае рэкамендацыйныя нормы па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю і спецыяльную адукацыю, пры праездзе на транспарце агульнага карыстання на працягу навучальнага года. Размова ідзе аб паездках ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца вучобы і назад. Калі раней гэтыя рэкамендацыі ўрада былі адрасаваныя абласным і Мінскаму гарадскому Савету дэпутатаў, то цяпер яны распаўсюдзяцца і на раённыя.
Дапоўнены таксама пералік відаў транспарту, да якіх прымяняюцца механізмы сацыяльнай падтрымкі. Цяпер яны будуць дзейнічаць і пры праездзе навучэнцаў у паяздах рэгіянальных ліній эканомкласа, а таксама аўтамабільным транспартам агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносін.
Прадугледжваецца, што рашэнні Саветаў дэпутатаў па падтрымцы навучэнцаў пры праездзе на транспарце агульнага карыстання будуць прымацца пры наяўнасці сродкаў у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе.