Імкнуцца да добрых адносін з усімі дзяржавамі

- 10:53Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь хоча зрабіць максімум магчымага для міру і стабільнасці ў рэгіёне. Аб гэтым міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў у інтэрв’ю польскай газеце Rzeczpospolita.

Уладзімір Макей расказаў выданню, што Беларусь стараецца ўнесці свой уклад у вырашэнне ўкраінскага канфлікту. У Мінску рэгулярна праводзяцца пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы АБСЕ — Украіна — Расія. “Гэта значыць, мы хочам зрабіць максімум магчымага для таго, каб у гэтым рэгіёне былі мір і стабільнасць”, — падкрэсліў міністр.

Ён таксама адзначыў: “У цэлым сітуацыя ў рэгіёне падштурхоўвае нас да таго, каб мы думалі не аб новых лініях падзелу і процістаяння, а аб тым, як вярнуцца да пазітыўных часоў, калі на еўрапейскім кантыненце не было халоднай вайны і тым больш гарачага процістаяння”.

Беларусь і ЕС за два-тры гады пазітыўных адносін дасягнулі намнога большага, чым за гады санкцый, адзначыў таксама ў інтэрв’ю Уладзімір Макей.

“Вопыт паказаў, што нават за апошнія два-тры гады панавання пазітыўнай атмасферы ў нашых адносінах мы дасягнулі намнога большага, чым за гады санкцый. Аб чым гэта сведчыць? Аб неабходнасці нармальнага раўнапраўнага пазітыўнага дыялогу для таго, каб мець магчымасць вырашаць праблемы, якія перыядычна могуць узнікаць у нашых адносінах”, — сказаў Уладзімір Макей.

Беларусь зацікаўлена ў развіцці адносін з Еўрапейскім саюзам ва ўсіх сферах і галінах. “Для нас, вядома, важна наладзіць нармальнае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяннне, таму што мы разумеем, што без кіўка з боку Еўрасаюза ніякі фінансавы інстытут, ніякі банк або кампанія не будзе працаваць з Беларуссю”, — звярнуў увагу міністр.

Разам з тым Уладзімір Макей падкрэсліў, што Беларусь не ставіць за мэту прадэманстраваць татальнае імкненне рухацца ў бок Еўрапейскага саюза. “Не, мы хочам спакойна наладзіць нармальнае гандлёва-эканамічнае, палітычнае і іншае ўзаемадзеянне з усімі краінамі і цэнтрамі сілы, якія нас акружаюць”, — растлумачыў ён. Уладзімір Макей дадаў, што калі Еўрапейскі саюз хоча дасягнуць нейкіх поспехаў у Беларусі, то ён павінен паказаць, чаму з’яўляецца прыцягальным для нашай краіны.

Міністр адзначыў, што Беларусь сення залежыць ад Расіі з эканамічнага пункту гледжання, таму крызісныя з’явы ў расійскай эканоміцы могуць уплываць і на сітуацыю ў рэспубліцы.

“Але ў цяперашняй сітуацыі, менавіта ў перыяд сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, мы прыходзім да высновы, што, каб такая сітуацыя менш уплывала на канкрэтную краіну, трэба імкнуцца мець добрыя адносіны з усімі дзяржавамі: і эканамічныя, і гандлёвыя, і палітычныя, і іншыя. Гэта ні ў якім разе не азначае, што мы збіраемся разарваць усе сувязі з Расіяй, — падкрэсліў дыпламат. — Мы, наадварот, усе сувязі з Расіяй захаваем і, напэўна, яшчэ і ўмацуем”.

Разам з тым кіраўнік ведамства звярнуў увагу, што Беларусь хоча адначасова мець добрыя адносіны і з іншымі не менш важнымі гандлёва-эканамічнымі, палітычнымі партнёрамі, у тым ліку з Польшчай.