Імпульсы гістарычнай памяці

- 11:06Адукацыйная прастора

У гісторыі Вялікай Айчыннай вайны засталося шмат чорных плям, праліць святло на якія, здавалася б, можа толькі час. Але ўдзельнікі конкурсу “Ахвяры нацызму і месцы знішчэння ў Беларусі” на ўласным прыкладзе даказалі, што ў такіх пытаннях чалавек таксама не бяссільны.

Перадумовай правядзення конкурсу па вуснай гісторыі стала адкрыццё ў Мінску перасовачнай выставы “Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць”, прымеркаванай да 25-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін Беларусі і Германіі. Яе стваральнікі (Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханеса Рау, фонд “Помнік забітым яўрэям Еўропы”, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна) сутыкнуліся з праблемай недахопу дэталёва прапрацаваных партрэтаў ахвяр вайны, што паказала важнасць падтрымкі даследчай дзейнасці ў згаданым кірунку. Правядзенне мерапрыемства павінна было стаць матыватарам моладзі — вучняў школ і студэнтаў універсітэтаў — у даследаванні лёсаў і захаванні жыццёвых гісторый раней не вядомых людзей з ліку родных, блізкіх, суседзяў ці знаёмых, у большай ступені пацярпелых ад нацысцкага рэжыму (ваеннапалонных, партызан, падпольшчыкаў, яўрэяў, цыганоў, душэўнахворых і інш.).

Адкрыццё конкурсу, абвешчанага Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам і Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханеса Рау пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі, адбылося 25 сакавіка 2017 года ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. З красавіка па кастрычнік ва ўсіх абласных цэнтрах краіны рэферэнты Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна ў супрацоўніцтве з рэгіянальнымі інстытутамі развіцця адукацыі правялі метадычныя семінары, у межах якіх была прадстаўлена метадычная брашура і дадзены практычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы конкурсных работ.

У выніку на конкурс было пададзена больш за 100 біяграфічных партрэтаў малавядомых ахвяр месцаў прымусовага ўтрымання і знішчэння ў Беларусі. Удзельнікі конкурсу працавалі з фотаздымкамі, гістарычнымі дакументамі і газетнымі публікацыямі, вялі даследаванні ў бібліятэках, сямейных і публічных архівах, праводзілі апытанні сведак ваеннага часу, дапаўнялі свае эсэ адпаведнымі аўдыя- і відэаматэрыяламі. Ацэньвала работу маладых людзей міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі гісторыкі і сумежныя спецыялісты Беларусі, Украіны, Расіі і Германіі.

Лаўрэатамі конкурсу сталі дзевяцікласнік Эдуард Хвайніцкі (навуковы кіраўнік Любоў Малаш, педагог дадатковай адукацыі Палаца дзяцей і моладзі “Арыён” Мінска), вучань 10 класа сярэдняй школы № 3 Чэрвеня Аляксандр Бандзік і студэнт гістарычнага факультэта БДУ Віктар Шадурскі. Эдуард Хвайніцкі ў эсэ “Помні тых, хто легендай авеяны…” аднавіў жыццёвы шлях падпольшчыцы Ларысы Каранеўскай, забітай у Трасцянцы. Аляксандр Бандзік вывучыў лёсы шэрагу ахвяр гета, якое было створана нацыстамі ў яго родным горадзе (“Новыя старонкі гісторыі Чэрвеньскага гета”). А Віктар Шадурскі ў рабоце “Трагедыя маёй сям’і ў трагедыі нашага народа” прадставіў вынікі даследавання гісторыі сваёй сям’і і ў прыватнасці тых сваякоў, што загінулі ў Трасцянцы. Пераможцы атрымалі дыпломы і запрашэнне да ўдзелу ў сумеснай адукацыйнай паездцы ў Германію ў лютым бягучага года. Па словах арганізатараў конкурсу, лепшыя эсэ будуць апублікаваны на рускай і нямецкай мовах, а таксама змешчаны ў адкрытым доступе ў электронным архіве сведак на сайце Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна.

На ўзнагароджанні пераможцаў прысутнічала Мая Крапіна — адна з выжыўшых у Мінскім гета. Яна выказала сваю ўдзячнасць удзельнікам за тое, што яны занатоўваюць успаміны, якія многія састарэлыя людзі не могуць выказаць словамі.

“Пададзеныя на конкурс эсэ паглыбляюць нашы веды аб злачынствах, здзейсненых у перыяд германскай акупацыі Беларусі. Тым самым гэтыя работы даюць важныя імпульсы для еўрапейскай культуры памяці, — адзначыла кіраўнік Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Астрыд Зам. — Мы лічым нашай асноўнай задачай захоўванне памяці аб ахвярах праз вяртанне ім твараў. Спадзяюся, што многія маладыя людзі возьмуць прыклад з удзельнікаў конкурсу і падтрымаюць нас у пошуках і зберажэнні жыццёвых гісторый ахвяр нацызму для наступных пакаленняў”.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна.