Імя, якое аб’ядноўвае. Што звязвае мінскую школу № 26 з Ніжагародчынай

- 15:04Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Вучні сталічнай сярэдняй школы № 26, якой два месяцы назад прысвоена імя праслаўленага танкіста Зіновія Калабанава, вывучаюць біяграфіі сваіх баявых прадзедаў, удзельнічаюць у гістарычных рэканструкцыях і здымаюцца ў фільмах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У жніўні 1941-га

Сярэдняя школа № 26 — самая буйная ў Маскоўскім раёне Мінска, тут вучыцца 1,8 тысячы чалавек. Так склалася, што нашчадкі Зіновія Калабанава — яго ўнук Андрэй і праўнукі Кліменцій і Кацярына — таксама жывуць у гэтым раёне сталіцы. Між імі і ўстановай адукацыі склаліся добрыя адносіны, сям’я перадала некаторыя экспа­наты ў школьны музейны пакой “Дарогамі вайны”, і Зіновію Рыгоравічу прысвяцілі ў ім асобны стэнд.

У жніўні 1941 года танкавы экіпаж Зіновія Калабанава падбіў у адным баі 22 фашысцкія танкі.

— Мы адразу заўважылі: подз­віг, які здзейсніў герой-франтавік, уражвае і захапляе дзяцей. Бо ў ім усё: і смеласць, і прафесіяналізм, і вернасць абавязку, і самаахвярная любоў да Радзімы. Было справядліва вырашана, што для ўстановы адукацыі быў бы гонар насіць імя знакамітага танкіста. І такое права яна атрымала, — адзначае дырэктар школы Ірына Валчанкова.

У Вялікую Айчынную вайну Зіновій Калабанаў быў камандзірам экіпажа танка КВ-1, а таксама танкавай роты, якая складалася з пяці машын. На гэтую пасаду быў прызначаны, паколькі ўжо меў баявы вопыт, — прайшоў савецка-фінскую вайну. І 20 жніўня 1941 года ён яму вельмі спатрэбіўся. Перад танкавай ротай была пастаўлена задача: не дапусціць праход ворага, які рваўся да Ленінграда, па дарогах паблізу саўгаса Вайсковіцы (цяпер Гатчынскі раён Ленінградскай вобласці). Зіновій Калабанаў так стратэгічна граматна расставіў баявыя машыны па пазіцыях, што гэта шмат у чым і абумовіла фенаменальны зыход бою.

Нашчадкі Зіновія Калабанава — унук Андрэй, праўнукі Кліменцій і Кацярына — у школьным музейным пакоі

У бітве годна паказалі сябе ўсе танкі “калабанаўскай” роты. Але ключавую ролю адыграў экіпаж Зіновія Рыгоравіча. Яго КВ-1 зрабіў засаду каля дарогі, якая пралягала па забалочаным лузе, што ўскладняла манеўраванне бранятэхнікі. Дачакаўшыся танкаў ворага, ён падбіў дзве галаўныя і дзве замыкальныя машыны, загнаўшы тым самым фа­шыстаў у пастку. Імкнучыся выратавацца, варожыя танкі сутыкаліся адзін з адным, гразлі ў балоце, на падпаленай бранятэхніцы пачаў выбухаць боекамплект. А экіпаж Калабанава метадычна працягваў агонь. У гэтай схватцы ён падбіў 22 танкі, танкавая рота ў цэлым — 43.

Бой не мае аналагаў у гісторыі войн, ён занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Дарэчы, у папулярнай камп’ютарнай гульні World of Tanks ёсць “медаль Калабанава”, яна прысуджаецца гульцу, які перамагае адзін у баі супраць пяці і больш варожых танкаў. У вачах сучасных дзяцей гэта надае славутаму тан­кісту асаблівы аўтарытэт.

Аб прадзедах — з гонарам 

Перш чым установа адукацыі атрымала імя героя-франтавіка, яе калектывам была праведзена актыўная работа па ваенна-патрыятычным выхаванні. Гонар школы — праект “Гераічны батальён нашых прадзедаў”, дзякуючы якому дзеці і педагогі вывучаюць ваенныя старонкі гісторыі сваіх сем’яў, робяць фотаздымкі з партрэтамі продкаў. Першы фотаальбом з 75 аповедамі стварылі 5 гадоў назад, да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але работа працягваецца, ужо назбіралася матэрыялаў яшчэ на адно выданне.  

У ліку ўдзельнікаў праекта ёсць і дырэктар школы Ірына Валчанкова. Члены яе сям’і спаўна спазналі боль пакут блакаднага Ленінграда. Дзед загінуў, абараняючы горад, бабуля памерла ад голаду, а баць­ку ў трохгадовым узросце вывез­лі па “Дарозе жыцця”. Кранаюць і ўражваюць сямейныя гісторыі мно­гіх вучняў. Так, прадзед Уладзі­слава, Арыны і Дзіяны Чаплыгіных гарэў у танку на Курскай дузе, сям’і нават прыйшла пахавальная, але ён выжыў. Прадзед Лізаветы і Маргарыты Пятровых змог збегчы з фашысцкага палону і атрымаў за подзвіг пры фарсіраванні Дняпра званне Героя Савецкага Саюза. А прадзед Алесі Мінчуковай ваяваў у партызанах разам з піянерам-героем Маратам Казеем.

Яшчэ адзін выдатны праект — сямейны фотачэлендж “Дарогамі вайны”. Дзецям падчас майскіх свят прапаноўваюць наведаць і сфатаграфаваць помнік ваенных часоў у сельскай мясцовасці, куды многія едуць разам з бацькамі ў госці да родных. На старонках школы ў сацыяльных сетках потым з’яўляецца шмат кранальных здымкаў. Прыходзяць да помнікаў разам з членамі сям’і розных пакаленняў, з сябрамі.     

Падчас наведвання школьнага музейнага пакоя “Дарогамі вайны” вучні паглыбляюцца ў гісторыю Першай сусветнай, Вялікай Айчыннай і афганскай войн. З імі гаво­раць аб героях і ахвярах узброеных канфліктаў, аб каштоўнасці міру і важнасці быць гатовымі абараняць сваю Радзіму. Трэба адзна­чыць, што ў экспазіцыі музея ўдалося сабраць нямала сапраўдных рарытэтаў. Напрыклад, нацельныя крыжыкі і медальёны воінаў Першай сусветнай вайны, самаробную партызанскую ўзнагароду часоў Вялікай Айчыннай вайны, змайстраваную ў атрадзе “За Радзіму”. Прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, узнагароды Зіновія Калабанава, а таксама колба з зямлёй з месца яго легендарнага бою.

Другі год у школе працуе ваен­на-патрыятычны клуб “Радзіма”, які аб’ядноўвае дзяцей 7—11 класаў. Яны частыя госці на авіябазе ў Мачулішчах, у пагранічнай ваеннай часці № 2007. Плённа супрацоўнічаюць з клубам ваеннай рэканструкцыі “Будзем памятаць”, ужо неаднаразова ўдзельнічалі ў яе гістарычных пастаноўках — на мерапрыемствах на Кургане Славы, у Брэсцкай крэпасці і іншых памятных месцах. Зацікаўлена вывуча­юць гісторыю ўзвядзення роднага мікрараёна Міхалова, на месцы якога яшчэ ў 1970-я гады былі вёскі, ведаюць, у гонар каго тут названы вуліцы.

Яркай старонкай у рабоце клуба з’яўляецца і вопыт здымак у мастацкіх і дакументальных стужках “Беларусьфільма”. Так, вучні ўдзельнічалі ў масоўцы нядаўна знятага гістарычнага фільма “На другім беразе”, які расказвае аб жыцці Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы ў 1920-я гады.

Мінулым летам старшакласнікі школы разам з іншымі юнымі мінчанамі закружыліся ў танцы падчас акцыі “Вальс Перамогі”, прысвечанай 9 Мая.

У гэтым навучальным годзе ў школе створаны клас ваенна-патрыятычнай накіраванасці. На сёння ў ім вучыцца 28 дзесяцікласнікаў. Хлопцы і дзяўчаты на павышаным узроўні вывучаюць англійскую мову і матэматыку альбо хімію і матэматыку. Заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з ваенным факультэтам БДУ, дзе навучэнцы кожны панядзелак наведваюць факультатыўныя заняткі. Некалькі вучняў ужо задумваюцца аб тым, каб атрымаць ваенныя спецыяльнасці. А ўвогуле, якую б прафесію яны ні абралі, гэты вопыт дапаможа ім заняць правільную жыццё­вую пазіцыю.   

Масты і лісты 

Актыўнасць навучэнцаў школы выходзіць за межы нашай краіны. Наладжаны сяброўскія сувязі з ваенна-патрыятычным клубам імя разведчыка Мікалая Дзідзенкі горада Партызанска Прыморскага краю Расіі. Школьнікі з гэтага клуба ў мінулым годзе прыязджалі ў Мінск. А зараз з дапамогай відэасувязі ладзяцца тэлемасты, і роз­ніца ў часавых паясах Мінска і Партызанска 7 гадзін ім ніяк не перашкаджае. Дарэчы, з нагоды прысваення школе № 26 імя Зіновія Калабанава прыморцы даслалі відэавіншаванне.

Не толькі віртуальныя тэхналогіі дапамагаюць збліжэнню школьнікаў дзвюх краін, але і … папяровыя лісты. Дзеці з Партызанска перадалі ў мінскую школу свае пісьмы з прапановай сяброўства, і іх раздалі нашым вучням. Завязалася перапіска па пошце — для сучасных хлопцаў і дзяўчат гэта экзотыка, і тым цікавейшы ім новы фармат зносін.

Са школай сяла Арэфіна Ніжагародскай вобласці, адкуль быў родам герой, дамовіліся разам зладзіць конкурс вучнёўскіх сачыненняў аб яго подзвігу.

Прысваенне школе імя Зіновія Калабанава натхніла на наладжванне сяброўскіх сувязей з дзецьмі з сяла Арэфіна Ніжагародскай вобласці, адкуль быў родам герой. Дырэктар Арэфінскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Наталля Смірнова прыязджала ў Мінск, дамовіліся супрацоўнічаць. У найбліжэйшых планах — конкурс вучнёўскіх сачыненняў аб подзвігу героя.  

— У плане патрыятычнага выхавання вучняў мы робім шмат. І абавязкова будзем працягваць гэтую работу. Плануем наладзіць супрацоўніцтва яшчэ і са школай у горадзе Гатчына, непадалёк ад якога Калабанаў здзейсніў свой подзвіг. Хочам наведаць музей на Мінскім аўтазаводзе, дзе пасля вайны працаваў Зіновій Рыгоравіч, — дзеліцца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Таццяна Вярэціна. — Увогуле, мы накіраваны на самыя розныя сучасныя віды і фарматы мерапрыемстваў. І, як заўсёды, будзем праводзіць іх так, каб галоўныя пасылы дайшлі да кожнага вучня, застаўшыся і ў галаве, і ў сэрцы.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлена сярэдняй школай № 26 Мінска