Руская мова для Беларусі не чужая, заявіў на адкрыцці пленарнага пасяджэння XIX Сусветнага кангрэса рускай прэсы ў Мінску Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
“Хачу падкрэсліць, што руская мова для нас не чужая. Гэта і наш нацыянальны здабытак. Беларусы за сваю шматвяковую гісторыю ўнеслі немалы ўклад у яе развіццё, узбагацілі яе. І сёння ў нашай краіне яна мае статус дзяржаўнай нараўне з беларускай мовай. Гэтае пытанне вырашана народам на рэферэндуме”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Дзякуючы гэтаму мы маем магчымасць больш маштабных і прамых кантактаў у галіне навукі, культуры і мастацтва. Пашыраем інтэлектуальныя і інфармацыйныя гарызонты плённага супрацоўніцтва з брацкімі народамі, нясём ідэі добрасуседства і міралюбнасці”, — адзначыў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вельмі часта ў Расіі на розных узроўнях яму дзякуюць за стаўленне да рускай мовы. У сувязі з гэтым ён узгадаў адзін фрагмент перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, у час якіх абмяркоўвалася гэтая тэма. Кіраўнік беларускай дзяржавы тады падкрэсліў, што руская мова належыць многім краінам і народам, у тым ліку і Беларусі.
“Руская мова — гэта мая руская мова. Гэта жывое. І ў ёй уклад не толькі рускіх людзей. Гэта зусім іншая руская мова, куды ўплецены норавы, характары, талерантнасць у тым ліку беларускага народа. Яна развівалася з веку ў век, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Наша мова, руская мова, на якой размаўляюць расіяне, беларусы, украінцы і многія іншыя, — гэта спляценне душ многіх народаў”.
“Руская мова — гэта наша мова. Вы прыехалі ў краіну, дзе шануюць, паважаюць, размаўляюць і думаюць па-руску. Мы, вядома, вельмі рады, што паралельна мы зрабілі нямала для таго, каб на той жа ўзровень, на якім знаходзіцца руская мова, узняць і беларускую мову. Мы многае робім. І вас гэта ніколькі не павінна насцярожваць. Гэтым мы будзем багатыя”, — заявіў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.
“Страціць сёння рускую мову — гэта страціць сваю гісторыю, сучаснасць і, упэўнены, сваю будучыню, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ад яе ніколі не адмаўляліся і не адмовімся. Больш за тое, будзем заўсёды за яе змагацца”.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, рускамоўная журналістыка мае велізарную аўдыторыю і сферу ўплыву, адыгрывае важнейшую ролю носьбіта ўсходнеславянскага культурнага кода, агульных каштоўнасцей і жыццёвых арыенціраў. “Праз вялікую рускую мову праяўляюцца такія традыцыі і каштоўнасці славянства, як духоўныя і маральныя ідэалы, імкненне да справядлівасці, дабрадзейнасць, служэнне грамадству, здольнасць аб’ядноўвацца перад агульнай бядой. На жаль, не ўсюды гэтыя простыя і зразумелыя арыенціры ў пашане. Усе мы бачым, як у шэрагу рэгіёнаў планеты праяўляецца напружанасць, абвастраюцца канфлікты, праліваецца кроў, адбываецца геапалітычная перабудова свету. Карціна глабальнай інфармацыйнай прасторы таксама кардынальна мяняецца”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Вядома, надзеленыя паўнамоцтвамі прымаць рашэнні ў імя і на карысць сваіх народаў у поўнай меры ўключаны ў інфармацыйныя патокі. Уплыў слова і на нас, лідараў дзяржаў, велізарны. У сувязі з гэтым значна ўзрастае адказнасць за публічнае слова — і ў палітыка, і ў журналіста”, — сказаў прэзідэнт.
“Відавочна, што сёння не ўсё залежыць толькі ад палітыкаў, кіраўнікоў дзяржаў, а прэса не толькі фіксуе падзеі. СМІ заўсёды называлі чацвёртай уладай. Але сёння, улічваючы ступень іх уплыву на грамадства, можна гаварыць пра больш значную ролю”, — лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што работнікі СМІ пішуць гісторыю сучаснасці, абагульняюць з’явы і падзеі, ствараюць карціну свету. “Менавіта таму каласальнае значэнне набываюць прафесіяналізм і грамадзянская адказнасць людзей са сферы масмедыя. Вядома, чытач патрабуе сенсацый. Газеты, тэлеканалы, інтэрнэт-выданні, асабліва ў сучасным свеце, у многім выжываюць за кошт скандалаў, часта імі ж і арганізаваных. Але ці не надта высокай можа аказацца цана такіх падыходаў?” — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
“Нехта іх апраўдвае асаблівасцямі прафесіі. Аднак з гэтым наўрад ці можна пагадзіцца. Сёння, ва ўмовах вельмі складаных грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, калі разбураюцца духоўныя ідэалы, без вяртання да законаў — маральных, этычных — грамадству не выстаяць. Ды і дзяржаве няпроста, калі фундаментам яе фарміравання перастануць быць сумленнасць, адказнасць і проста элементарная прыстойнасць. Гэта, думаю, павінны мы ўсе разумець”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, палітыкі, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, журналісты аднолькава адказныя за свой выбар. “Нават дапускаючы памылкі, мы павінны іх прызнаваць, прадухіляючы канфлікты, не парушаючы мірнага ходу жыцця. На жаль, такое здараецца, калі дзейнічаць паспешна, паддавацца сенсацыям, хаваць за мішурой праблемы і сутнасць справы”, — канстатаваў прэзідэнт.
“Усе і ўсюды хочуць быць першымі. І, задавольваючы толькі адно гэтае жаданне, не толькі дапускаюць памылкі, але і часта пераварочваюць усё з ног на галаву”, — адзначыў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, хуткасць распаўсюджвання інфармацыі і ўплыў яе на свядомасць людзей набываюць сёння асаблівае значэнне. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў імкненне грамадства ведаць літаральна ўсё і як мага хутчэй.
“Надрукаванае на газетнай паласе або агучанае з тэлеэкрана, а тым больш — выкладзенае ў інтэрнэт і падхопленае сацыяльнымі сеткамі, слова ўсё часцей разыходзіцца з рэальнасцю. Далей — больш, гэтая інфармацыя становіцца зброяй, якая правакуе канфлікты і ўзброеныя сутыкненні, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Распальваючы варожасць і нянавісць, не дае магчымасці для мірнага будаўніцтва, здаровага абмеркавання розных думак, палітычных і сацыяльных падыходаў да жыцця. І тут, пагадзіцеся, наўрад ці можна апраўдацца рэйтынгамі”.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тэму так званых гібрыдных войнаў, якія вядуцца ў тым ліку ў кіберпрасторы, у эканоміцы, палітыцы. “Я падводжу да таго, што важнейшай, можа, першай ступенню гэтых сучасных войнаў з’яўляюцца войны ў медыяпрасторы. Ідзе не артылерыйская падрыхтоўка, а падрыхтоўка ў СМІ, перш чым той ці іншай дзяржаве, групоўцы развязаць вайну. Вы сталі асноўным складнікам гібрыдных войнаў”, — заявіў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прафесія журналіста ў новых тэхналагічных умовах кардынальна змянілася, адбыўся пераход да новай сістэмы стварэння і распаўсюджвання інфармацыі — грамадзянскай журналістыкі. “Цяпер у якасці масмедыя можа выступіць практычна любы чалавек, які мае тэлефон і выхад у інтэрнэт. Пры гэтым для многіх людзей Сусвет звузіўся да экрана смартфона, а карціна Сусвету — да стужкі навін у сацыяльных сетках”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
“У цэлым складваецца няпростая сітуацыя на інфармацыйным полі. Недакладнасць, падтасоўка фактаў, укідванне яўнай хлусні прыводзяць да скажонага ўспрымання падзей. Паступова ў гэта ўцягваецца шырокая грамадская думка. І ўжо не разбярэшся, дзе праўда, а дзе выдумка”, — сказаў прэзідэнт.
На яго думку, у гэтых умовах менавіта ад прафесійных вопытных журналістаў, ад традыцыйнай прэсы шмат у чым залежаць маральныя і грамадзянскія арыенціры. “Таму заўсёды важны правільны выбар: рэйтынг або праўда, аб’ектыўнасць або асабістыя інтарэсы”, — падкрэсліў беларускі лідар.
“Некаторыя нашы журналісты традыцыйнай прэсы ўсё больш і больш пачынаюць на злобу дня скочвацца да нетрадыцыйнай журналістыкі. Не рабіце гэтага. Застаньцеся вы ў гэтым жыцці традыцыйнымі. Упэўнены, што наша жыццё, якое, як маятнік, хістаецца, вернецца да гэтай традыцыйнай журналістыкі. Журналістыкі прафесійнай і фундаментальнай”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
“Складана спрачацца з тым, што жыццё сёння шмат у чым паскорылася. Каб не адстаць ад прагрэсу, ад дынамікі цяперашняга сусветнага развіцця, трэба не проста ісці, а бегчы. Але гэта не адносіцца да спешкі і пагоні за сенсацыямі ў вашай справе. Бо ад вас шмат у чым залежаць мір і спакой у грамадстве! Давайце не забываць аб гэтым”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Сэнс сапраўднай свабоды слова не толькі ў магчымасці выбару, але і ў адказнасці за яго, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
“Навязваць журналістам меркаванне, заганяць у рамкі нейкіх стэрэатыпаў недапушчальна. Сэнс сапраўднай свабоды слова, якую мы ў Беларусі высока цэнім, не толькі ў магчымасці выбару, але і ў адказнасці за яго. Давайце будзем адзіныя ў галоўным — у пошуку і сцвярджэнні праўды, у нашым асэнсаванні сучаснага і будучага”, — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што Сусветны кангрэс рускай прэсы зарэкамендаваў сябе як сур’ёзная пляцоўка для прафесійных стасункаў. “І калі паўстала пытанне аб правядзенні ў Мінску гэтага кангрэса, мы не задумваючыся прынялі рашэнне аб тым, каб тут быў праведзены гэты кангрэс. Менавіта таму, што вы заўсёды былі адказнымі людзьмі. Калі б было інакш, мы знайшлі б падставу адмовіцца. Тут няма месца забаронным тэмам або пустой балбатні. Як у сапраўднай журналістыцы — толькі дакладныя факты і абгрунтаваныя думкі. Гэтым вы адрозніваецеся ад іншых, і гэта трэба захаваць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што вынікам правядзення мерапрыемства ў Мінску стануць канструктыўныя ініцыятывы, якія даюць магчымасць ачысціць агульную інфармацыйную прастору ад бруду і хлусні. “У свой час Беларусь стала буйнейшай пляцоўкай мірнага ўрэгулявання. Наша краіна заўсёды была і застаецца адкрытай для новых кантактаў і інфармацыйных абменаў. Чаму б нам не прыйсці да рэалізацыі ідэі па правядзенні ў Мінску маштабнага міжнароднага форуму — аналага “Хельсінкі-2”? Чаму б не збірацца разам, прыцягваючы палітыкаў, дзеячаў навукі, культуры, бізнес-эліты для абмеркавання праблем захавання міру?” — прапанаваў прэзідэнт.
Ён пажадаў, каб і журналісцкі ўклад у гэтую галоўную на сённяшні дзень справу быў важкім. “Падумайце над рэалізацыяй гэтай адкрытай для ўсіх краін і народаў ініцыятывы. Я заўсёды буду вашым прыхільнікам у такіх пачынаннях”, — рэзюмаваў беларускі лідар.