Інфарматыка для малышоў

- 11:40Дашкольная адукацыя

Адукацыйны праект “Інфарматыка без разеткі”, распрацаваны ў Парку высокіх тэхналогій, пачнуць укараняць у дзіцячых садах па ўсёй краіне. Праграма прайшла экспертызу і атрымала адабрэнне ў Міністэрстве адукацыі Беларусі. 

Удзел у праекце ў мінулым навучальным годзе прынялі больш за 2 тысячы дзяцей і 183 педагогі з 85 дзіцячых садоў па ўсёй краіне. У 2021/2022 годзе “Інфарматыка без разеткі” прыйдзе ўжо ў больш як 200 дашкольных устаноў адукацыі. Асноўная мэта праекта — фарміраванне алгарытмічных уменняў і лагічнага мыслення ў дзяцей 5—7 гадоў. Дашкольнікаў навучаць структураваць інфармацыю і аперыраваць ёй без выкарыстання камп’ютара. 

Праграма праекта “Інфарматыка без разеткі” ў дашкольных установах будуецца на гульнявой дзейнасці. На гэта звярнуў увагу намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. Рынак працы сёння патрабуе навыкаў камунікацыі і ўмення працаваць у камандзе, таму большасць гульняў у праграме камандныя. “Інфарматыка без разеткі” нацэлена не толькі на развіццё так званых hard skills, але і soft skills. Асаблівая ўвага ўдзяляецца і якасці падрыхтоўкі педагогаў. У жніўні для выхавальнікаў, якія пажадалі далучыцца да праекта, было арганізавана навучанне ў рамках бясплатнага анлайн-курса “Інфарматыка без разеткі: для пачаткоўцаў”. Больш за 2,5 тысячы слухачоў зарэгістраваліся на курс, каля тысячы — паспяхова справіліся з праграмай і атрымалі сертыфікаты.


“Для таго каб падрыхтаваць дзяцей да жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве, неабходна развіваць у іх лагічнае і алгарытмічнае мысленне, здольнасці да аналізу і сінтэзу. У гэтым дапамагае навучанне інфарматыцы, — заўважыла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 110 Віцебска Святлана Курыла. — У большасці бацькоў традыцыйнае ўяўленне аб уроках інфарматыкі: дзеці працуюць за камп’ютарамі. Але ж гэта толькі навык, які дапамагае ісці да мэты, а не канчатковая мэта. Шматлікія важныя паняцці інфарматыкі можна ўводзіць і без выкарыстання камп’ютара, што прадугледжвае праграма “Інфарматыка без разеткі”, якая з верасня 2020 года пачала ўкараняцца ў адукацыйны працэс нашай установы. Мэта праекта — фарміраванне і развіццё лагічнага і алгарытмічнага мыслення — цесна пераклікаецца з дзейнасцю нашай установы, якая даўно працуе над пытаннем інтэлектуальнага развіцця дашкольнікаў з дапамогай гульнявых дапаможнікаў “Блокі Дзьенеша” і “Палачкі Кюізенера”. 

Укараненне праекта “Інфарматыка без разеткі” паспрыяе развіццю ў дзяцей камунікатыўных навыкаў, лагічнага і алгарытмічнага мыслення, базавых уяўленняў аб інфармацыйнай дасведчанасці і праграмаванні. Дзеці навучацца працаваць у камандзе, быць крэатыўнымі і дапытлівымі. Вывучаючы элементы інфарматыкі, яны змогуць выбудоўваць логіку канкрэтных уяўленняў, атрымаюць асновы тэарэтычнага мыслення, навучацца кадзіраванню і прагназаванню вынікаў дзеянняў. Падчас гульні ў малышоў будуць фарміравацца элементарныя матэматычныя ўяўленні, мысленне, навыкі абагульнення, класіфікацыі прадметаў па прыметах. Усё гэта дазволіць ім падрыхтавацца да школы.

Яслі-сад № 110 Віцебска на сто працэнтаў забяспечаны гульнявым абсталяваннем, мае добрае развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе. Заняткі па інфарматыцы без разеткі ладзяцца для выхаванцаў у асобным памяшканні, дзе ёсць увесь неабходны дыдактычны і практычны матэрыял (дыдактычныя гульні і дапаможнікі, вучэбная метадычная літаратура, прадметныя карцінкі, дэманстрацыйны матэрыял). Прадугледжаны дадатковы матэрыял: падлогавае палатно, гульнявыя матэматычныя дапаможнікі, канструктары, мазаікі для практычнай дзейнасці. Раздатачны матэрыял для дзяцей размеркаваны па тэмах: алгарытмы, рэбусы, кадзіраванне. Усе наглядныя плоскасныя дапаможнікі прыгожа аформлены.  

Да ўдзелу ў праекце былі запрошаны творчыя педработнікі са стажам работы больш за 10 гадоў, з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй: 4 выхавальнікі і педагог-псіхолаг, якія прайшлі навучанне на анлайн-курсах, арганізаваных ПВТ, і атрымалі сертыфікаты цьютара. Акрамя таго, яны рэгулярна ўдзельнічалі ў стрымах, арганізаваных ПВТ. Галоўная задача педагогаў — стварыць развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе і выкарыстоўваць формы, метады і прыёмы работы, якія адпавядаюць узросту, інтарэсам і патрэбам дзяцей 5—7 гадоў, садзейнічаюць іх пазнавальнай актыўнасці. У гэтым навучальным годзе інфарматыку без разеткі ва ўстанове вывучаюць 24 выхаванцы старшай групы. На занятках з малышамі педагогі прымяняюць індывідуальныя, групавыя і падгрупавыя формы навучання, работу ў парах, спалучаюць гульнявыя, наглядныя, практычныя, слоўныя метады і прыёмы. Матэрыял курса распрацаваны так, што асноўным відам дзейнасці дзяцей з’яўляецца гульня або сістэма гульняў — дыдактычных, развіццёвых, логіка-матэматычных і іншых, накіраваных на развіццё лагічнага дзеяння параўнання, лагічных аперацый класіфікацыі, серыяцыі, на пазнаванне па апісанні, аднаўленне, пераўтварэнне, арыенціроўку па схеме, мадэлі, а таксама гульні, накіраваныя на ажыццяўленне кантрольна-праверачных дзеянняў. 

На занятках выкарыстоўваецца фірменная атрыбутыка праекта “Інфарматыка без разеткі”: майкі, дзённічкі, наклейкі самаацэнкі, карты рэфлексіі, ручкі. У госці да малышоў прыходзіць гульнявы персанаж — Катацік-інфарматык. Разам з выхаванцамі ён даследуе гульнявыя праблемныя сітуацыі, рашае лагічныя задачы. Дзеці вучацца выбудоўваць лагічныя ланцужкі і ў гульні асвойваюць такія паняцці, як адмаўленне, кадзіраванне, ісціна/хлусня, інфармацыя. Заданні для выхаванцаў дыферэнцыруюцца, каб стварыць сітуацыю поспеху для кожнага. Як вынік — зацікаўленыя вочы дзяцей, іх жаданне зноў і зноў сустракацца з героямі “Інфарматыкі без разеткі”. У дзяцей, якія наведваюць заняткі рэгулярна, развіваюцца творчае мысленне, увага, набытыя ўменні яны выкарыстоўваюць на іншых занятках.

Для ацэнкі вынікаў асваення выхаванцамі адукацыйнай праграмы “Інфарматыка без разеткі” педагог-псіхолаг сада выкарыстоўвае псіхадыягнастычныя методыкі “Лабірынт”, “Самае непадобнае” (А.Л.Венгер), тэст Когана для дыягностыкі мыслення дашкольнікаў.  

ПВТ, упраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны ІРА выступілі арганізатарам абласнога конкурсу “Інфарматыка без разеткі”. Творчая група праекта з ясляў-сада № 110 Віцебска прадставіла на конкурс у намінацыі “Творчая майстэрня” гульнявы поліфункцыянальны дапаможнік — кубік-трансформер “ЛогіКуб”, накіраваны на развіццё лагічнага мыслення ў дашкольнікаў. Яго можна выкарыстоўваць у розных відах дзіцячай дзейнасці. Па выніках конкурсу атрыманы дыплом III ступені і каштоўны падарунак — прынтар. Выхавальніца Т.Л.Кірсанава прадставіла на конкурс у намінацыі “Фотаімгненне” фатаграфіі выхаванцаў падчас заняткаў па інфарматыцы без разеткі. За фота “Дзе ж мая парачка” Таццяна Леанідаўна атрымала дыплом III ступені і акустычную калонку.

Знаёмства з лагічнай аперацыяй адмаўлення. Пабудова выказванняў з часціцай “не”.
Дыдактычная гульня “Хто паедзе ў цягніку”. Распрацавала выхавальніца Марына Прастакова.

Для гульні спатрэбяцца дванаццаць прадметных малюнкаў: садавіна, агародніна рознага колеру, грані гульнявога дапаможніка “ЛогіКуб” з рознакаляровымі бакамі: сінім, жоўтым, чырвоным і зялёным.

На падлозе перад дзецьмі выхавальнік раскладвае адзін за адным чатыры бакі гульнявога дапаможніка “ЛогіКуб” рознага колеру (гэта вагоны цягніка). З ліку дзяцей з высокімі паказчыкамі навучання педагог выбірае аднаго памочніка (правадніка). 

Потым прапануе дзецям прадметныя карткі з агароднінай, садавіной і ягадамі (гэта білет пасажыра цягніка, па якім праваднік будзе прапускаць у вагон) і звяртаецца да дзяцей: “Сёння мы з вамі адправімся ў падарожжа. Вы любіце падарожнічаць? Вось наш чароўны цягнік прыбыў на вакзал. А вось наш праваднік, які павінен праверыць вашы білеты. У вас у руках ёсць карткі з выявай агародніны, садавіны рознага колеру, рознай велічыні і рознай формы — гэта вашы білеты. Слухайце ўважліва, я буду называць, хто з якім білетам і ў які вагон можа садзіцца”. 

Педагог называе дзецям, які білет падыходзіць першым да правадніка і г. д. Напрыклад: падыходзіць пасажыр з білетам не трохвугольнай і не квадратнай формы, не чырвонага колеру і не вялікі. У каго такі білет, падыходзіць да правадніка для пасадкі ў вагон сіняга колеру (білеты: маленькі лімон, маленькі агурок, маленькі баклажан). Або: падыходзіць пасажыр з білетам не круглай і не квадратнай формы, не сіняга і не фіялетавага колеру і не маленькім. У каго такі білет, падыходзіць да правадніка для пасадкі ў вагон жоўтага колеру (білеты: вялікае авакада, вялікая жоўтая груша і вялікая кукуруза) і г.д. Выхавальнік называе білеты ў адпаведнасці з карткамі, на якіх намаляваны агародніна, садавіна, што знаходзяцца ў дзяцей у руках. Калі ўсе дзеці сядуць у вагоны, каля кожнай грані кубіка могуць стаць 3—4 чалавекі. Праваднік разам з выхавальнікам падаюць сігнал адпраўкі цягніка, дзеці падымаюць з падлогі грань “ЛогіКуба”, выстройваюцца адно за адным, як вагончыкі, і цягнік весела рушыць па пакоі.

Надзея ЦЕРАХАВА.