Сённяшняя госця праекта “Мая школа” змагла дасягнуць поспеху не толькі ў сям’і і ў кар’еры, але і на подыуме. Яе сацыяльны праект “Павер у сябе!” накіраваны на падтрымку такіх, як і яна, дзяўчат — выхаванак дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў. Знаёмцеся: Інга БУЛІЦКАЯ, маці двух сыноў-блізнят весляроў-канаістаў, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар і ўладальніца тытулаў “Міс экстравагантнасць свету плюс-сайз” і “Міс Усходняя Еўропа плюс-сайз” прэстыжных міжнародных конкурсаў прыгажосці.
— Інга, раскажыце, калі ласка, пра ваша дзяцінства.
Я нарадзілася ў Мінску ў маі 1978 года, у 1-й гарадской клінічнай бальніцы, і мае прыгоды пачаліся адразу пасля раддома.
Пасля раддома мы з маці прыехалі да яе старэйшай сястры — цёткі Ніны. Некаторы час у невялікай палутарцы жылі ўпяцярых: я з мамай і цётка з мужам і сынам. Потым — у бабулі Марыны ў вёсцы (дзядуля памёр, калі мне было 2 гады), дзе мяне даглядала бабуля. Пра гэты перыяд жыцця мне ніхто нічога не расказваў, але запомнілася, як увесь час вандравалі з месца на месца. Потым, калі я крыху падрасла, жылі ў мамінай сяброўкі ў Ждановічах, спалі ў нейкім бараку, адкуль праз дзіркі ў сценах была бачна вуліца. Добра запомніўся момант: цётка Ніна, каб я не мерзла, прывезла мне ў Ждановічы коўдру. Яна мяне потым, калі я крыху падрасла, вельмі шкадавала і ўсяляк засцерагала. А перад школай-інтэрнатам некаторы час мы жылі ў другой мамінай сястры — цёткі Зіны.
— А ваш бацька?
— Бацьку я свайго ніколі не бачыла. Са слоў маці, яна пазнаёмілася з ім, калі ён быў у Мінску ў 1977 годзе на вышэйшых курсах КДБ. Бацька быў тады ў званні капітана (як высветлілася з лістоў, якія ён пісаў маме, па вяртанні на радзіму, у Латвію, ён атрымаў званне маёра, жыў у Даўгаўпілсе). Аднак у яго ў Латвіі была сям’я. І хоць ён клікаў туды маму, яна не паехала і таму гадавала мяне адна, так і не сказаўшы яму пра маё нараджэнне. Я рабіла спробы яго знайсці, але пра такіх людзей інфармацыя закрытая, а звесткі пра бацьку па месцы яго працы ўстарэлі. Знайсці тату я так і не змагла, хоць не спыняюся ў пошуках (можа, хто і дапаможа).
— Магчыма, маці вам пра яго расказвала?
— Крыху. І я ведаю, што ўзяла ад яго не толькі групу крыві і рэзус-фактар, але і некаторыя рысы характару, у тым ліку, як мне здаецца, стрыжань, упартасць, інтуіцыю. Аднак знешне я вельмі падобная да маці.
— Ваша маці потым так і не знайшла сямейнага шчасця?
— Мама была маладая, прыгожая, але крыху бесталковая і нясмелая. Магчыма, таму што яе, сёмае дзіця ў сям’і, з нараджэння ўсе песцілі. У яе заўсёды было шмат кавалераў — прыгожых і паважных мужчын. Аднак замуж ніхто не зваў.
Мама была вельмі акуратнай і ў чымсьці нават педантычнай, але існавала адна сур’ёзная праблема: яна выпівала. Дома ніколі не піла пры мне і ніколі нідзе не стаяла на вуліцы. Была не з “чорных” алкаголікаў: дзесьці вып’е і дадому прыходзіць.
Сыходзячы з дому, яна проста пакідала мяне адну, і я толькі сцены бачыла. Памятаю, была зіма, я апранала футра і шапку і сядзела пад дзвярыма, плачучы і чакаючы маму. А яна прыходзіла пад раніцу п’яная. Я ўвогуле была прадастаўлена сама сабе і, як мне здавалася, акрамя маёй цёткі Ніны, старэйшай мамінай сястры, па вялікім рахунку, была нікому не патрэбна. З усіх забаў быў толькі тэлевізар, ды і той узяты напракат. Напэўна, менавіта з таго часу я не люблю заставацца адна — трэба, каб было з кім пагаварыць. Вялікай радасцю было паехаць на лета да бабулі ў вёску. Там было і весялей, і сытней.
Неяк цётка Ніна расказвала, як яны з мужам і цёткай Зінай прыехалі да мяне ў Ждановічы на мой пяты дзень нараджэння. Басанож, перапэцканая, я гуляла на вуліцы на нейкіх бярвёнах і была вельмі рада велізарнай колькасці цукерак, якія яны мне падарылі, і рознакаляроваму парасону. Памятаю, як яны спускаліся ўтраіх з горкі… і падарункі.
Мама пастаянна мяняла працу, а калі ўдавалася аформіцца ў дзіцячы сад нянечкай, і мяне туды ўладкоўвала. Расказвала, што аднойчы я перадушыла ўсіх рыбак у акварыуме, які стаяў у групе, і ёй прыйшлося купіць новых. Шкадлівая я была: здыму рукавіцы зімой на прагулцы ў дзіцячым садзе, стану перад акном, дзе мама мые посуд, і крычу ёй праз акно: “Мама, я замерзла!” Мне вельмі не хапала яе ўвагі.
Бацькоў мы не выбіраем і павінны годна выносіць нягоды, якія ўзнікаюць на нашым шляху, хай нават і не па нашай віне. Кожны чалавек праходзіць у жыцці пэўныя этапы, але не ўсе могуць плыць супраць цячэння. Магчыма, у пэўны момант побач з маці не аказалася чалавека, які наставіў бы яе на правільны шлях, падтрымаў і навучыў. Яна так і да пенсіі дажыла, нібы на іншай планеце, — мне самой давялося афармляць ёй пенсійныя выплаты. Калі нарадзіліся ўнукі, папракала мяне, што не пускаю да іх, на што я заўсёды адказвала: “Будзеш цвярозай — прыходзь”.
Калі я была маленькай, сябры, бачачы маю маму, заўсёды адзначалі, што яна прыгожая. Пра тое, што ў нас адбываецца, я нікому не казала. Па-першае, не хацелася, каб пра яе ўсе ведалі, а па-другое, не хацелася, каб мяне шкадавалі.
— Як вы пры жывой маці апынуліся ў інтэрнатнай установе?
— Мама не была пазбаўлена бацькоўскіх правоў (сям’я не хацела мець пляму на рэпутацыі), але мяне пашкадавалі і ўладкавалі ў школу-інтэрнат, дзе я вучылася з іншымі бяздольнымі дзецьмі: у кагосьці бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, у некага — адбывалі пакаранне ў папраўчых установах, былі і біялагічныя сіроты.
Вучылася ў мінскай школе-інтэрнаце № 5, якая знаходзілася на вуліцы Байкальскай, з 7 да 15 гадоў (9 класаў) і вельмі ўдзячна калектыву ўстановы за тое, што яны фактычна выгадавалі і выхавалі мяне такой, якая я ёсць зараз. Я была выдатніцай і гордасцю школы.
Пакуль мы былі маленькімі, то былі нібы агародніна: за нас рабілі літаральна ўсё. Мы былі рэжымнымі дзецьмі: ідэалогія, жорсткі рэжым ва ўсім.
Дамашняе дзіця, напрыклад, можа заўсёды адкрыць халадзільнік, каб штосьці з’есці, у нас жа такой раскошы не было. Уявіце: вячэра ў 7 гадзін, а потым не тое што есці — жэрці хочацца! І ты бяжыш у сталоўку, дзе ў велізарных ёмістасцях стаяў нарэзаны хлеб, які не разабралі за вячэру, каб узяць хоць нешта на вечар (белы разбіралі ў першую чаргу, і тады прыходзілася задавольвацца чорным).
— Маці, відаць, чакала вас на выхадныя дадому?
— На выходныя я прыязджала дадому, але дома было сапраўднае пекла. І таму, як і раней, чакала лета, каб на ўсе тры месяцы з’ехаць у вёску спачатку да бабулі, а потым, калі бабуля памерла, да цёткі Ніны. Цётка купляла білеты і ўсё лета мяне даглядала. Я шмат чым ёй абавязана: нават кватэра, якая была ў мамы, з’явілася дзякуючы ёй: выдзелілі ад прадпрыемства, на якое цётка Ніна ўладкавала маму прыбіральшчыцай. Цётка працавала сакратаркай і, калі мама была ў чарговым загуле і не выходзіла на працу, ціха, каб ніхто не бачыў, выконвала яе працу — толькі б маю маму не звольнілі. Наогул, цётка Ніна для мяне — гэта прыклад таго, якой павінна быць жанчына: яна была строгая, але добрая — жанчына са стрыжнем. Я заўсёды хацела быць такой, як яна.
Сацыяльны праект “Павер у сябе!” накіраваны на тое, каб прыцягнуць увагу да дзяўчынак—выхаванак дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Улічваючы адмоўную дынаміку дэмаграфічнай сітуацыі ў рэспубліцы, мы павінны падтрымліваць дзяўчынак 10—17 гадоў. Праект падразумявае, што рэалізаваныя ў жыцці выпускнікі дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў могуць падзяліцца сакрэтам свайго поспеху і перасцерагчы дзяцей ад памылак.
— У чым былі галоўныя складанасці жыцця ў школе-інтэрнаце?
— Самае страшнае пачалося ў падлеткавым узросце. Калі мы прыходзілі ў якое-небудзь грамадскае месца, мне было вельмі сорамна. Нас называлі “парнатовскими”. А былі яшчэ “детдомовские”. Мы хадзілі ўсе аднолькавыя: напрыклад, былі два варыянты ботаў — шэрыя і бэжавыя, і два варыянты куртак — зялёная і блакітная, таму нас было відаць здалёк. Але пры гэтым, дзякуй богу, дзякуй дзяржаве, што я была апранутая, абутая і накормленая. Калі трапляла на выхадныя дадому, там не было ні крошкі. Калі мне прапаноўвалі грыбы, я адразу казала “не”, таму што гэта было тое нямногае, што было дома: яны раслі ў лесе і за іх не трэба было плаціць. У мамы грыбы былі ў вялікай колькасці ў розных варыянтах.
Зноў жа, дзякуй цёткам. Памятаю: у 12 гадоў, пагасцяваўшы ў цёткі ў вёсцы, ледзь дацягнула дадому нагружаныя ёй сумкі (нічога асаблівага: бульба, морква, буракі, цыбуля, банка марынаваных памідораў). “Як жа ты ўсё гэта данясеш?” — запытала цётка. — “Усё ў парадку, данясу”, — адказала я. Але адна справа — проста адарваць сумкі ад зямлі, а зусім іншая — данесці іх да аўтобуса і потым дадому. Я несла, спыняючыся праз некалькі крокаў, здавалася, што я нясу каменне (менавіта тады я сарвала сабе спіну). Прыйшла дадому ўжо зацемна, і тут аказалася, што ў кватэры ў мамы за неаплату адключана электрычнасць. Так галоднай і лягла спаць.
Можна шмат і доўга расказваць пра ўсе страшныя, адзінокія, шчымлівыя моманты з майго жыцця, але жыць трэба тут і цяпер. У мяне выдатныя сыны, якіх я вельмі люблю і паспрабую даць ім у жыцці ўсё, каб яны ніколі не адчулі цяжкасці і страхі майго дзяцінства і юнацтва.
— Якое ваша жыццёвае крэда?
— Мой дэвіз па жыцці: “Насуперак усяму!” На самай справе, гумар мне заўсёды дапамагаў спраўляцца з цяжкасцямі. Зараз усе нягоды стараюся ўспамінаць з усмешкай, але тады было горка і крыўдна. Многія ўжо ведаюць гісторыю пра маё зялёнае футра. Сябровак у 15—16 гадоў у мяне было шмат. Натуральнае футра, батфорты, ласіны… Калі збіралася кампанія і мы ішлі да некага ў госці, я заўсёды з асаблівым шыкам выбівала месца, каб павесіць “сваё норкавае манто” — штучнае зялёнае футра, а ў душы ў той момант усё пераварочвалася. Але я ніколі нікому не зайздросціла: важна, што з сябе ўяўляе чалавек без матэрыяльнага шалупіння. Няважна, які ў яго статус, матэрыяльны дастатак, бо кожны чалавек перш за ўсё проста чалавек — такі ж, як і ўсе!
— Ці памятаеце каго з педагогаў?
— Усё педагогі школы-інтэрната былі выдатнымі людзьмі, але найбольш запомніўся выхавальнік Міхаіл Мацвеевіч Фруман, пажылы яўрэй, мудрыя і жыццёвыя прымаўкі якога згадваю да гэтага часу. “Не спяшайся, а то паспееш”, — часта казаў ён мне (я была вельмі хуткай і жвавай). А нашым хлопцам ён заўсёды паўтараў: “Жыві чалавекам — свіннёй нажывешся”. І гэтую прымаўку я цытую сваім сынам-блізнятам. Вядома, ідэалогія была такая, што ўсё навокал добра, калі ўдарылі па левай шчацэ, трэба падставіць правую… Трохі прыбітыя мы былі. А жыццё за сценамі інтэрната аказалася ох якім жорсткім!
— Зразумела, што пасля 9 класа паўстала пытанне выбару прафесіі. Якія былі мары і ці спраўдзіліся яны?
— Я ўніверсальны чалавек, але заўсёды марыла быць актрысай або ўрачом. Звязала жыццё з эканомікай таму, што так склалася. Магла б і журналістам быць, і ўрачом, і на сцэне іграць — для мяне няма перашкод і ўнутраных абмежаванняў.
Спачатку я хацела стаць хірургам. Хімія і біялогія былі маімі любімымі прадметамі, але факультэты былі дзённымі, а есці дома не было чаго — трэба было ісці працаваць. Калі б мне нехта ў той час наліў талерку супу і я не была заклапочана вырашэннем элементарных бытавых праблем, то, магчыма, тады і ў медінстытут паступіла б, і ўрачом стала.
Мяне, дарэчы, доўга мучыла пытанне, што агульнага паміж медыцынай і акцёрскай прафесіяй. Я спачатку думала, што я несур’ёзны чалавек, калі мяне кідае ў розныя бакі па абсалютна розных прафесіях. І аднойчы я знайшла адказ на гэтае пытанне. Калі ў 2014 годзе заканчвала курсы тэлерадыёвядучых пры Белтэлерадыёкампаніі, задала гэтае пытанне заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Андрэевічу Мішчанчуку (які на гэтых курсах выкладаў нам акцёрскае майстэрства і, дарэчы, у юнацтве таксама спрабаваў паступаць у медыцынскі інстытут). Уладзімір Андрэевіч, падумаўшы, адказаў мне: “Напэўна, і тыя, і тыя павінны душы людзей лячыць”. І мяне адпусціла. На курсах Уладзімір Андрэевіч мяне вельмі хваліў і крыху здзіўляўся, чаму я працую не ў гэтай сферы. Вось яна, памылка выбару ў самым пачатку. Зараз змяніць усё вельмі складана.
Калі мы выпусціліся з інтэрната, былі практычна не прыстасаваны да жыцця: 9 гадоў татальнага кантролю і апекі рабілі сваю справу. Цётка Ніна прапаноўвала пайсці ў гандлёвы тэхнікум, які быў побач з яе домам. Але я (які чорт мяне тузануў!) ірванула ў ПТВ № 222 гандлю — туды пайшлі ўсе дзяўчынкі з нашага двара, а паступіла толькі я.
Вучылася там тры гады, патроху прыходзячы ў жах ад свайго выбару: гэта было зусім не маё. Апошняй кропляй стала практыка: спачатку сядзела на касе, а потым — прадаўцом-практыкантам у аддзеле. “Смятану разводзяць…” — чула я, і гэта было, напэўна, самае бяскрыўднае абвінавачанне ў мой адрас.
ПТВ я скончыла, але каўбасу прадаваць не захацела і ў гандаль не пайшла. Ну не маё гэта! Скончыла камп’ютарныя курсы і курсы сакратароў і ўладкавалася працаваць сакратаром-рэферэнтам. Пасля па рэкамендацыі сяброўкі пайшла ў машынапіснае бюро Міністэрства па падатках і зборах. Якраз у гэты час, у 23 гады, паступіла ў інстытут на спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, працавала і вучылася. Зарплата была невялікая, а яшчэ трэба было плаціць за навучанне. На другім курсе ўжо гатова была кінуць інстытут: мне проста хацелася купіць сабе — не паверыце! — цэлыя туфлі, таму што ў дождж ногі заўсёды былі мокрыя, бо туфлі знізу былі дзіравыя.
Калі мне было гадоў 12—16, бывала, сяброўкі давалі панасіць нейкую вопратку. Я сябрава з рознымі дзяўчынкамі, сярод іх шмат было з нябедных сем’яў — ім са мной было добра. Яны мелі дома ўсё, іх бацькі мяне любілі і заўсёды былі гатовы падкарміць — і я не адмаўлялася. Заўсёды разбіралася ў людзях, інтуітыўна адчуваючы пагрозу, і выпрацавала прынцып: не дазваляць, каб табой карысталіся, і не падпускаць занадта блізка.
— Чым займаецеся па-за межамі прафесіі, што грэе душу і прыносіць асалоду?
— Калі кажуць, што нехта шые або вышывае крыжыкам, я не разумею, як можна быць настолькі ўседлівым чалавекам. Хоць і я, калі мне трэба напісаць важную справаздачу, магу, не падымаючы галавы, сядзець над ёй некалькі дзён (я вельмі адказная). Але па прыродзе я вельмі хуткі чалавек, мне патрэбна разнастайнасць ва ўсім, руціна зацягвае.
Не люблю слабых людзей. Магу ім дапамагчы, але не акружаю сябе імі. Цягнуцца трэба за моцнымі, за поспехам, за дастаткам, за людзьмі з унутраным стрыжнем, незалежна ад іх сацыяльнага статусу. Мне важна, каб з чалавекам было пра што пагаварыць, каб у яго было ўласнае меркаванне. Гэта павінна быць сапраўды моцная асоба, моцная настолькі, каб аж кроў стыла ў жылах. Тады я адчуваю падтрымку, абароненасць і сваю сілу.
— У мінулым годзе вы сталі адной з пераможцаў Міжнароднага конкурсу Miss Top of the World Plus Size ў Кіеве. Як адважыліся ўзяць удзел у конкурсе і якія здабыткі прынесла перамога?
— Я хачу зламаць стэрэатыпы пра жанчын-дзяржслужачых. Незалежна ад прафесіі, жанчына найперш павінна быць сапраўднай жанчынай у сям’і, на працы, быць добрай маці і дарыць свету сваю прыгажосць. А чаму я пайшла на конкурс? Магчыма, дзякуючы авантурызму і таму, што адчувала нерэалізаванасць. Спадзяюся, тытул “Міс экстравагантасць свету плюс-сайз” стаў адной з чарговых прыступак на маім шляху, бо спыняцца я не збіраюся, гатова ісці далей.
Пераможцы конкурсу павінны былі ўдзельнічаць у сацыяльным праекце ва Угандзе. Але я добра разумела, што патрэбна тут, у Беларусі, што на радзіме ёсць свая Уганда — неўладкаваныя лёсы дзяўчат з дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў.
Дзякуючы ўдзелу ў конкурсе, я стала публічнай асобай, і гэта дазволіла мне, маючы ўласную гісторыю Папялушкі, матываваць дзяўчынак-падлеткаў, выхаванак інтэрнатных устаноў, верыць у сябе, ісці да мэты і мары, не спыняючыся на паўдарогі. На сваім прыкладзе імкнуся паказаць ім, як не трэба рабіць. Часам, як ніхто іншы разумеючы выхаванцаў інтэрнатных устаноў, я магу быць лепшай за любога псіхолага. Магчыма, нехта возьме на ўзбраенне мой вопыт, а камусьці проста захочацца быць такой, як я.
На такіх сустрэчах заўсёды кажу дзяўчатам: “Няважна, з якой вы сям’і і як цяжка вам зараз. Кожная з вас, калі захоча, можа стаць каралевай. Заставайцеся прынцэсамі і не ламайце сабе крылы!”
Мой сацыяльны праект пакуль кропкавы, але, як мне здаецца, ёсць патэнцыял, каб зрабіць гэта сваёй асноўнай прафесіяй і прыносіць значна большую карысць нашай дзяржаве і чалавецтву ў цэлым.
Сёння мне прапанавалі ста ць членам назіральнага савета конкурсу Miss Melon Rich XXL — 2020, які пройдзе ў Маскве, што я ўспрымаю як сваю чарговую перамогу. Я вельмі ўдзячна за запрашэнне маім расійскім сябрам, арганізатарам гэтага конкурсу: галоўнаму рэдактару часопіса Melon Rich Святлане Лістападавай і прадзюсару конкурсу плюс-сайз мадэлі Іне Чыстай.
— Як адрэагавала сям’я на вашу авантуру?
— Для сям’і маё рашэнне ўзяць удзел у такім конкурсе было нечаканасцю, але яны мяне падтрымлівалі. Муж не адгаворваў: “Значыць, для нечага табе гэта трэба!” Сям’я перажывала за мяне і падтрымлівала, але, бясспрэчна, былі і тыя, хто зайздросціў майму поспеху і вядомасці.
Мой муж перажывае з-за таго, што я, столькі сіл і часу аддаўшы пабудове кар’еры ў органах, звязаных з эканомікай, і заваяваўшы прафесійны аўтарытэт, цяпер шмат часу аддаю конкурсам і сацыяльным праектам. Але я лічу, што мая сацыяльна значная дзейнасць ні ў якай меры не супярэчыць маёй асноўнай працы галоўным дзяржаўным падатковым інспектарам.
— Відаць, трэба мець вялікую сілу духу, каб выйсці на подыум, тым больш у катэгорыі плюс-сайз?
— Я жыву ў гармоніі з сабой, і сэнс майго жыцця не вымяраецца сантыметрамі і кілаграмамі. Ад таго, што жанчына мае пышныя формы ці, напрыклад, крыху паправілася пасля нараджэння дзіцяці, яна не перастала быць прыгожай, жаданай і ўпэўненай у сабе. Горш, калі жанчына камплексуе і ўсе сілы і час накіроўвае на самакатаванне, а яе жыццё зводзіцца да падліку калорый і дыет.
У мяне ўвогуле няма дома вагаў, і я не ведаю, колькі важу. Я гарманічна жыву ў сваім целе: мне нескладана падняцца па лесвіцы, зрабіць ранішнюю прабежку. Эфектна выглядаць можа любая жанчына, ды і ў мужчын густ таксама розны. (Смяецца.)
— Што яшчэ плануеце? Якія ў вас мары і жаданні?
— Дасягненні мае пакуль даволі сціплыя, але жыццё не заканчваецца. Я мару пабудаваць вялікі дом. Цяпер у мяне яго няма, але ён абавязкова будзе. Гэта чарговая прыступка, на якую мне трэба ўзабрацца. Можа, варта было б у маім узросце і спыніцца, але я яшчэ адчуваю нерэалізаванасць і гатова рухацца наперад.
Я верыла ў казку і ў тое, што аднойчы стану каралевай. Калі маленькай чытала казку пра Папялушку, усё менавіта так і ўяўляла: сцэна, сафіты, гледачы з усяго свету і апладысменты. Верце ў цуды!
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Інгі БУЛІЦКАЙ.
P.S.: Калі вы таксама былі выхаванцам дзіцячага дома ці школы-інтэрната і вам ёсць пра што пагаварыць з выхаванцамі інтэрнатных устаноў нашай краіны, каб яны змаглі паверыць у сябе, пішыце ў рэдакцыю газеты, і мы перададзім вашы кантакты Інзе Буліцкай.