Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў на пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН заклікаў прызнаць у сістэме арганізацыі такую групу, як краіны з сярэднім узроўнем даходу. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС.
Паводле слоў беларускага дыпламата, гэтыя дзяржавы да цяперашняга часу не ахоплены сістэмнай дзейнасцю ААН і не маюць каардынаванага механізма садзейнічання, нягледзячы на тое, што прадстаўляюць вялікую частку насельніцтва свету.
У сваім выступленні Валянцін Рыбакоў падтрымаў генеральнага сакратара ААН у неабходнасці арыентавання на папераджальныя дзеянні па прадухіленні канфліктаў. У сувязі з гэтым, падкрэсліў ён, ініцыятыва Прэзідэнта Беларусі аб запуску новага “Хельсінкскага працэсу” для пераадолення супярэчнасцей паміж дзяржавамі ў свеце — своечасовы адказ новым выклікам і пагрозам.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі адзначыў актыўную работу генеральнага сакратара па рэарганізацыі ААН і выказаў надзею, што гэты працэс не прывядзе да дадатковых фінансавых і бюракратычных абцяжарванняў для дзяржаў-членаў, забяспечыць бесперабойнасць і зладжаны характар функцыянавання структур ААН на месцах з безумоўным захаваннем прынцыпу поўнай адпаведнасці дзейнасці арганізацыі нацыянальным прыярытэтам дзяржаў-членаў.
Валянцін Рыбакоў таксама звярнуў увагу, што Беларусь падтрымлівае ідэю аб павышэнні ролі жанчын у міратворчасці. Ён прывёў у прыклад работу краіны ў гэтым напрамку: жанчыны паспяхова выконваюць свае задачы ў ліку беларускіх ваенных спецыялістаў у складзе часовых сіл ААН у Ліване.
Напярэдадні намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас у час наведвання штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку сустрэўся з намеснікам генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Лю Чжэньмінем.
“Субяседнікі абмеркавалі пытанні практычнай работы ў ААН у кантэксце выканання глабальнага парадку дня ўстойлівага развіцця да 2030 года, намецілі магчымыя сумесныя крокі і мерапрыемствы ў гэтай галіне. Беларускі дыпламат звярнуў увагу субяседніка на неабходнасць уліку праблем краін з сярэднім узроўнем даходу, без вырашэння якіх немагчыма дасягнуць мэт устойлівага развіцця”, — расказалі ў МЗС Беларусі.
Андрэй Дапкюнас адзначыў паспяховае правядзенне групай аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу сустрэчы пад старшынствам міністраў замежных спраў Беларусі і Коста-Рыкі, якая адбылася ў верасні 2017 года, і азнаёміў з планамі групы па пашырэнні інтарэсаў гэтай катэгорыі краін у сістэме ААН.
Беларускі дыпламат таксама сустрэўся з намеснікам генеральнага сакратара ААН па пытаннях грамадскай інфармацыі Элісан Смейл. Бакі абмеркавалі пытанні асвятлення чарнобыльскай праблематыкі ў медыярэсурсах ААН, уключаючы аспекты круглагадовага функцыянавання асобнай тэматычнай рубрыкі, прысвечанай чарнобыльскай катастрофе. Асобная ўвага была ўдзелена захаванню прынцыпаў шматмоўя ў рабоце арганізацыі ў сацыяльных сетках, а таксама ўзаемадзеяння паміж інфармацыйнымі службамі беларускага знешнепалітычнага ведамства і сакратарыята ААН.