Беларусь распрацавала канцэпцыю ініцыятывы аб запуску перагаворнага працэсу, аналагічнага Хельсінкскаму, і працуе над яе рэалізацыяй. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
“Мы распрацавалі канцэпцыю гэтай прапановы, ініцыятывы нашага прэзідэнта. Мы правялі кансультацыі з прадстаўнікамі шэрага краін, і павінен сказаць, што нашы растлумачэнні, прапановы знаходзяць пазітыўны водгук у многіх нашых калег і партнёраў, — сказаў Уладзімір Макей. — Мы працуем над рэалізацыяй гэтай ідэі. Я перакананы, што яна, адназначна, будзе ўспрынята. У гэтым плане мы будзем цесна ўзаемадзейнічаць і з вядучымі геапалітычнымі гульцамі, і з адпаведнымі рэгіянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі”.
У той жа час ён канстатаваў, што пакуль да ідэі Беларусі аб запуску новага перагаворнага працэсу, аналагічнага Хельсінкскаму, ставяцца асцярожна з-за розных прычын. “Хтосьці думае, што мы хочам легітымізаваць цяперашні статускво ў нашым рэгіёне і ў свеце ў цэлым. Хтосьці, наадварот, думае, што мы хочам пашырыць пэўныя рэчы і палажэнні, якія будуць выгадны нейкаму аднаму баку, умоўна кажучы, Захаду або Усходу”, — растлумачыў дыпламат.
Паводле яго слоў, асобныя краіны сёння прымаюць новыя стратэгіі нацыянальнай бяспекі, у якіх змешчаны канфрантацыйныя палажэнні, ваенныя дактрыны, дзе на першае месца ставіцца зусім не забеспячэнне міру і стабільнасці. “Важна цяпер пачаць дыялог аб тым, як нам адысці ад той канфрантацыйнай рыторыкі, якая прысутнічае ў нашым рэгіёне і свеце”, — падкрэсліў міністр.
Уладзімір Макей адзначыў, што такое развіццё падзей у свеце можа негатыўна паўплываць на Беларусь. “Мы як сярэдняя па памерах дзяржава ў цэнтры Еўропы не зможам выжыць у эпоху канфрантацый і якіх-небудзь палітычных, не дай бог, ваенных турбуленцый і разладаў, — звярнуў увагу ён. — Мы ведаем, што такое Другая сусветная вайна, у якой мы страцілі трэць нашых людзей. Гісторыя навучыла нас, што трэба пазбягаць такіх канфліктаў. Менавіта гэтым і тлумачыцца прапанова нашага кіраўніка дзяржавы аб неабходнасці пачатку якога-небудзь працэсу, аналагічнага Хельсінкскаму. Умоўна назавём яго новым Хельсінкскім працэсам, або “Хельсінкі-2”.
“Мы хацелі б адысці ад гэтай канфрантацыйнай рыторыкі. Хацелі б, каб мы больш гаварылі пра тое, што нас аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае, каб мы не знаходзіліся на лініі падзелу паміж двума блокамі, групоўкамі або геапалітычнымі гульцамі, якія сапернічаюць. Але сёння рэальная сітуацыя выглядае такім чынам, і мы гэта адчуваем на сабе. Яшчэ больш, гэта не толькі нейкія палітычныя або ваенныя наступствы, гэта негатыўныя эканамічныя вынікі для нашай краіны”, — сказаў на заканчэнне міністр.