Інклюзіўны праект «Творчасць без меж» рэалізуецца ў Лёзненскім раёне

- 11:51Образование

З такой ініцыятывай выступілі маладзёжны парламент і раённы цэнтр дзяцей і моладзі, паведаміла карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» дырэктар гэтай установы адукацыі Алена Мінакіна.

Сумесная работа нацэлена на раскрыццё здольнасцей і карысную занятасць дзяцей і моладзі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, уключэнне іх у актыўныя зносіны з аднагодкамі, фарміраванне якасцей, неабходных для паспяховай адаптацыі ў грамадстве.

На працягу некалькіх гадоў нашы педагогі працавалі з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, — расказала А. Мінакіна. — У асноўным, гэта былі заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах мастацкага профілю. Для пашырэння спектра адукацыйных паслуг мы разам з маладзёжным парламентам пры раённым Савеце дэпутатаў выступілі з ініцыятывай «Творчасць без меж», дзякуючы якой дадатковай адукацыяй будуць ахоплены дзеці і моладзь як з самога Лёзна, так і з сельскай мясцовасці, аддаленых населеных пунктаў. У лістападзе 2021 года наш праект стаў пераможцам першага рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў, арганізаванага БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі.

Праект стартаваў з маніторынгаў: вывучаліся патрэбнасці раёна ў інклюзіўнай дадатковай адукацыі. Таксама правялі анкетаванне педагогаў. З чэрвеня мінулага года пачалася работа па стварэнні ва ўстанове адукацыі безбар’ернага асяроддзя. Да рамонтных і дапаможных работ масава далучыліся педагогі цэнтра і валанцёры, у тым ліку юныя парламентарыі. Абсталяванне для асноўнага вучэбнага кабінета — па 6 ноутбукаў і камп’ютарных крэслаў, інтэрактыўная панэль, фотаапарат, 3D-прынтар, шматфункцыянальнае ўстройства з магчымасцю раздрукоўваць лісты фармату А3 — было набыта на грашовыя сродкі ў памеры 20 тысяч беларускіх рублёў, атрыманыя пад рэалізацыю праекта па выніках конкурсу.

Акрамя таго, не засталіся ўбаку сацыяльныя партнёры. Рэгіянальная дырэкцыя «Белаграпрамбанка» па Віцебскай вобласці, напрыклад, на бязвыплатнай аснове перадала цэнтру 13 стацыянарных камп’ютараў, па 9 камп’ютарных сталоў і крэслаў. А поручні на новым ганку ўстаноўлены дзякуючы дапамозе абласнога аддзялення Беларускага фонду міру. У выніку сума асвоеных сродкаў аказалася на парадак вышэйшай за тую, што планавалася пры запуску праекта.

У лістападзе на базе абноўленага вучэбнага кабінета адкрыліся новыя гурткі: «3D-мадэляванне», «Камп’ютарная дасведчанасць», «Інклюзіўная фоташкола».

— У гэтам жа будынку знаходзяцца яшчэ 2 установы: раённыя сацыяльна-педагагічны цэнтр і цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, — дадала А. Мінакіна. — Мы цесна супрацоўнічаем, а наш праект дазволіў пашырыць агульнае інклюзіўнае адукацыйнае асяроддзе для ўсіх катэгорый навучэнцаў і выхаванцаў. Так, камп’ютарнай дасведчанасцю ў інтэграванай групе авалодваюць навучэнцы сярэдняга школьнага ўзросту і побач з імі не толькі дзеці і падлеткі, але і моладзь ва ўзросце да 30 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адпаведна мацнее ўзаемадзеянне з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання. На сёння мы якраз выходзім на новы сумесны праект па навучанні і карыснай занятасці  маладых людзей з інваліднасцю, хто наведвае дзённае аддзяленне ТЦСАН.  У далейшым збіраемся наладзіць дыстанцыйныя заняткі ў нашых аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнага профілю — у першую чаргу, для вяскоўцаў.

Лёзненскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі — шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі. Сярод напрамкаў яе дзейнасці ярка вылучаюцца мастацкі і дэкаратыўна-прыкладны, асобна хочацца адзначыць выдатны рэсурсны цэнтр па вывучэнні мясцовай керамікі. Карыстаюцца папулярнасцю аб’яднанні спартыўнай накіраванасці, чые навучэнцы неаднойчы дастойна прадстаўлялі Віцебшчыну ў фінальных спаборніцтвах Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва па месцы жыхарства. Пастаянна набіраюць папулярнасць аб’яднанні матэматычнага профілю, асабліва звязаныя з ІТ, робататэхнікай і праграмаваннем. Для непаўналетніх, якія знаходзяцца на розных відах уліку, арганізаваны заняткі ў фармаце інтэрактыўных трэнінгаў, дыялогавых пляцовак і сустрэч са спецыялістамі, вядомымі аўтарытэтнымі землякамі і паспяховымі прафесіяналамі ў аб’яднанні «Азбука права».

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара