Інтэлект, красамоўства і ўменне павесці за сабой

- 14:29Адукацыйная прастора

У абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі адбыўся абласны этап IV Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года — 2016”, у якім прынялі ўдзел лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый, аб’яднанняў з усіх раёнаў Гомельскай вобласці і чатырох раёнаў Гомеля.

Пачыналася ўсё з партфоліа ўдзельнікаў пад назвай “Гісторыя майго поспеху”, дзе перад канкурсантамі стаяла задача расказаць пра сябе, свае захапленні, памкненні і планы.

У намінацыі “Мая грамадзянская пазіцыя” раскрывалася ўменне падаць сябе, знайсці арыгінальны спосаб самавыяўлення, адлюстраваць свой светапогляд, ідэалогію грамадскага аб’яднання, якое яны прадстаўлялі. Цікава было назіраць за лідарамі ў конкурсных спаборніцтвах намінацыі “Інтэлект — лепшы брэнд”, дзе хлопцы і дзяўчаты змаглі раскрыць свае інтэлектуальныя і прамоўніцкія здольнасці. А намінацыя “Лідар-сюрпрыз” паказала, наколькі лёгка могуць сысціся дзеці і настаўнікі. Дуэты “педагог — лідар” выступілі з падрыхтаванымі творчымі нумарамі, а журы, назіраючы за імі, спрабавала ўбачыць, ці ёсць паміж імі ўзаемадзеянне і наколькі яны разумеюць адно аднаго.

Нездарма вынаходлівых юнакоў і дзяўчат называюць лідарамі. Яны заўсёды знаходзяць патрэбныя словы, не баяцца дзейнічаць, умеюць здзіўляць і гатовы павесці за сабой. Вызначыць сярод такіх лепшага — справа няпростая. Мабыць, таму журы паклікала на дапамогу выпускнікоў абласнога савета старшакласнікаў, якія выканалі ролю альтэрнатыўнага журы.

У абмеркаваннях і спрэчках былі вызначаны імёны пераможцаў. Першае месца суддзі аддалі навучэнцы гомельскай гімназіі № 36 імя І.Мележа Кацярыне Гаўрыленка. На другім месцы — яе цёзка з гомельскай гімназіі № 10 Кацярына Патапенка. Уладзіслаў Касцючэнка, навучэнец сярэдняй школы № 7 Рэчыцы, — на трэцім месцы.

Асобна пераможцы былі вызначаныя і ў кожнай намінацыі.

Больш за ўсё даспадобы журы прыйшлася грамадзянская пазіцыя выхаванкі Калінкавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Настассі Архіпавай. А інтэлект як лепшы брэнд яскрава прарэкламаваў выхаванец Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля Уладзімір Рыдкін. Ну а знайсці агульную мову з педагогам у намінацыі “Лідар-сюрпрыз” лепш за ўсё, на думку журы, атрымалася ў навучэнца гомельскай сярэдняй школы № 1 Уладзіслава Пісарава.

Усе ўдзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі ўпраўлення адукацыі і галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Спецыяльныя прызы для пераможцаў заснавала Гомельская абласная арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якія ўручыла намеснік старшыні Наталля Мамрукова.

У хуткім часе Кацярына Гаўрыленка, Кацярына Патапенка і Уладзіслаў Касцючэнка будуць прадстаўляць Гомельскую вобласць на заключным этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016” у Мінску.

Наталля ЛУТЧАНКА.