Усяго некалькі гадзін на самалёце — і дэлегацыя дзяцей з Сірыі прызямлілася ў Беларусі. На беларускай зямлі сірыйцаў вітаў мароз, неўзабаве выпаў і снег, быццам прырода хацела паказаць гасцям з поўдня, што такое сапраўдная беларуская зіма, якой яны ніколі не бачылі. Але марозная сцюжа — гэта не адзінае, што можа ўразіць сірыйскіх юнакоў і дзяўчат. Здзівіцца ім давядзецца яшчэ не раз — іх чакае надзвычай цікавая праграма мерапрыемстваў.
На працягу двух тыдняў 145 хлопчыкаў і дзяўчынак з Сірыі будуць адпачываць і аздараўлівацца ў НДЦ “Зубраня”. Гэта стала магчымым у адпаведнасці з дамоўленасцю, дасягнутай у канцы жніўня мінулага года падчас сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі з міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Р.Аль-Кадэры.
У Беларусь прыехалі творчыя і адораныя дзеці — выдатнікі вучобы, пераможцы і ўдзельнікі міжнародных прадметных алімпіяд, прадстаўнікі нацыянальных зборных па робататэхніцы, дзеці з творчымі здольнасцямі і тыя, якія маюць выдатныя вынікі ў спорце. У “Зубраняці” да іх далучыліся юныя беларусы, якія маюць дасягненні ў гэтых жа кірунках. Разам беларускія і сірыйскія дзеці сталі ўдзельнікамі міжнароднай змены для адораных дзяцей “Інтэлект. Творчасць. Спорт”. Такая змена дазволіць не толькі ўмацаваць здароўе дзяцей, але і паспрыяе развіццю іх інтэлектуальных і творчых здольнасцей, створыць умовы для арганізацыі міжнароднага абмену паміж установамі адукацыі Беларусі і Сірыі.
З першага дня знаходжання юныя сірыйцы адчулі, што праграма мерапрыемстваў для іх падрыхтавана насычаная. Яна ўключае некалькі кірункаў дзейнасці. Зразумела, пачынаць трэба са знаёмства, таму адзін з кірункаў праграмы прадугледжвае азнаямленне з культурнымі і гістарычнымі славутасцямі Беларусі. Пачалася змена са знаёмства з цэнтрам “Зубраня”, яго структурай, гісторыяй і традыцыямі. А пасля госці адправіліся ў экскурсійнае падарожжа па Беларусі.
Важнай часткай праграмы знаходжання сірыйцаў у Беларусі стала прэзентацыя адукацыйных магчымасцей і навуковага патэнцыялу нашай краіны. У складзе сірыйскай дэлегацыі — высокаматываваныя дзеці, якія разумеюць значнасць адукацыі, ім цікава, як вучацца беларускія дзеці і падлеткі. Акрамя таго, Беларусь актыўна прапаноўвае адукацыйныя паслугі грамадзянам іншых краін, юныя сірыйцы атрымалі інфармацыю, якія спецыяльнасці яны маглі б тут атрымаць. Падзяліўшыся на групы ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі, госці з Сірыі наведалі ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Дзеці, якія маюць поспехі ў вучобе, выступаюць у алімпіядах, спрабуюць сябе ў навуковай дзейнасці, з задавальненнем адправіліся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У БДУ яны сустрэліся з кіраўніцтвам і выкладчыкамі ўніверсітэта, якія расказалі ім аб адукацыйнай і навуковай дзейнасці ўстановы, магчымасцях навучання на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Таксама сірыйцы пабывалі ў музеі землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.
Сірыйская дэлегацыя наведала Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Яе ўдзельнікі ўбачылі апошнія распрацоўкі беларускіх вучоных, сустрэліся з кіраўніцтвам НАН Беларусі і бюро Савета маладых навукоўцаў. Больш падрабязна аб рабоце ўстановы гасцям расказалі падчас наведвання аб’яднанага Інстытута праблем інфарматыкі, Інстытута генетыкі і цыталогіі, Інстытута фізікі Б.І.Сцяпанава, аб’яднанага Інстытута машынабудавання НАН Беларусі.
— Мы атрымалі так многа цікавай інфармацыі, — дзеліцца эмоцыямі чатырнаццацігадовы сірыец Алі Дзіб. — Мне падабаецца фізіка, я ўдзельнічаю ў алімпіядах па гэтым прадмеце, мне цікавыя розныя навуковыя адкрыцці ў фізіцы і іншых навуках. Відаць, што Беларусь актыўна развіваецца ў сферы навукі і тэхналогій. Асабіста мяне ўразілі даследаванні выкарыстання лазерных тэхналогій у розных галінах. Гэта вельмі цікава.
У склад сірыйскай дэлегацыі ўвайшлі дзеці, якія маю ць творчыя здольнасці і мараць звязаць сваю прафесійную дзейнасць з музыкай, танцамі, жывапісам. Для іх незабыўнымі сталі візіты ва ўстановы, дзе свае таленты развівае беларуская моладзь: Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацт-ваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І.Глінкі.
У Беларускай дзяжаўнай акадэміі музыкі для гасцей падрыхтавалі канцэрт творчых калектываў установы — яны пачулі і ўбачылі інструментальныя і вакальныя нумары ад пераможцаў шматлікіх міжнародных конкурсаў. Сірыйскіх дзяцей запрасілі таксама на выставу музычных інструментаў, якія ажывалі ў руках навучэнцаў акадэміі. На выставе атрымаўся імправізаваны інтэрактыў — свае ўменні прадэманстравалі і некалькі гасцей. Асаблівую цікавасць выклікаў незнаёмы сірыйскім дзецям інструмент — беларускія цымбалы.
— Мы ведалі, што ў Беларусі моцныя традыцыі навучання музыцы, бо ў нашай установе працаваў цудоўны музыкант, выкладчык з Беларусі. І цяпер на свае вочы ўбачылі беларускія навучальныя ўстановы, — расказвае Фадзі Аціах, кіраўнік навучальнай установы, што дае музычную адукацыю сірыйскім дзецям і знаходзіцца ў Дамаску. — Педагогі і студэнты дэманструюць высокі ўзровень майстэрства. Для творчых людзей новыя знаёмствы, уражанні, творчы ўзаемаабмен проста неабходны. І мы шчаслівыя, што ўбачылі ўсё гэта. Вельмі чакаем майстар-класаў і канцэртаў, дзе нашы беларускія калегі падзеляцца сваім вопытам, а мы — сваім.
У Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А.К.Глебава сірыйцы пабывалі на выставе творчых работ навучэнцаў каледжа, убачылі, як юныя мастакі, скульптары і дызайнеры працуюць у майстэрнях і лабараторыях, і паспрабавалі сябе ў новай справе — зрабілі лінагравюры з выявамі беларускіх славутасцей і драўляныя сувеніры на памяць.
Юныя сірыйскія спартсмены тым часам даведваліся, як выхоўваюць чэмпіёнаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Яны наведалі басейн, дзе трэніруюцца не толькі студэнты, але і нацыянальная каманда па плаванні, трэнажорную залу, вучэбныя аўдыторыі. Вялікае ўражанне засталося ў гасцей ад наведвання культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-Арэна”.
— Я займаюся валейболам больш за дзевяць гадоў і разумею, што добрыя ўмовы вельмі важныя для спартсмена. Гэта ўражвае, што беларускія студэнты маюць такія магчымасці, каб займацца спортам. І мы ўбачылі стадыён “Мінск-Арэна” — такі вялікі і сучасны. Мне здаецца, што ўсе беларусы павінны займацца спортам і быць спартыўнымі балельшчыкамі, — дзеліцца ўражаннямі шаснаццацігадовая Эмі Дуна.
Узаемадзеянне з установамі адукацыі на гэтым не завяршаецца — студэнты і педагогі прыедуць у “Зубраня” з майстар-класамі, правядуць лекцыі і практычныя заняткі. У нацыянальным цэнтры будзе працаваць “Акадэмія талентаў”, дзе дзеці будуць удасканальваць свае навыкі вучэбна-даследчай дзейнасці, тэхнічнага мадэлявання і канструявання, творчыя і спартыўныя здольнасці.
Аздараўленне — яшчэ адзін кірунак праграмы знаходжання гасцей у Беларусі. У “Зубраняці” для гэтага ёсць усё неабходнае. У адпаведнасці з назначэннямі дактароў, сірыйскім дзецям прапануюць разнастайныя працэдуры: кіслародны кактэйль, водаратэрапію, масаж, ванны і інш. Па-спрыяюць аздараўленню і заняткі спортам — госці могуць наведваць басейн, саўну, гуляць у валейбол і міні-футбол, катацца на гіраскутарах.
І, канечне, на працягу гэтых двух тыдняў жыццё будзе насычана культурнымі і забаўляльнымі мерапрыемствамі — конкурсы, вечары, дыскатэкі, шоу-праграмы дазволяць цікава правесці вольны час і пасябраваць са сваімі беларускімі равеснікамі.
З першай хвіліны свайго знаходжання на беларускай зямлі юныя сірыйцы не выпускалі з рук смартфоны — яны бясконца здымалі фота і відэа, каб захаваць у памяці хвалюючыя моманты, безліч якіх ім дорыць Беларусь. І халоднага надвор’я, кажуць яны, амаль не заўважаюць, бо кожную хвіліну іх акружаюць гасцінныя і шчырыя беларускія людзі, якія саграваюць іх цяплом сваёй дабрыні.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.