Інтэлектуальны марафон на абласным узроўні

- 13:23Адукацыйная прастора, Рознае
Учора, 13 студзеня, пачаўся трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. З гэтай нагоды ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі прайшлі ўрачыстасці. У традыцыйных інтэлектуальных спаборніцтвах бяруць удзел навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі .

Прадметны алімпіядны рух у нашай краіне вельмі папулярны. Ён ва ўмовах спаборніцтва дае магчымасць усім жадаючым праверыць свае веды ў пэўнай навуковай галіне, стварае ўмовы для рэалізацыі здольнасцей, інтарэсаў навучэнцаў, прафілізацыі ў межах выканання праграмы работы з адоранымі навучэнцамі.
Як вядома, першы алімпіядны этап праходзіць на ўзроўні навучальных устаноў. Звычайна гэта адбываецца ў кастрычніку. Затым праходзіць другі этап (раённы, гарадскі), які быў завершаны да канца снежня 2013 года. І вось стартаваў абласны этап правядзення рэспубліканскай алімпіяды.
Нагадаем, што алімпіяды пройдуць па 16 прадметах: “Матэматыка”, “Працоўнае навучанне”, нямецкая, англійская, іспанская і французская мовы, “Інфарматыка”, “Руская мова і літаратура”, “Хімія”, “Астраномія”, “Грамадазнаўства”, “Фізіка”, “Біялогія”, “Беларуская мова і літаратура”, “Геаграфія” і “Гісторыя”. Большасць інтэлектуальных спаборніцтваў праводзіцца ў два туры: практычны і тэарэтычны.
Як адзначылі арганізатары, стварэнне неабходных умоў для размяшчэння іншагародніх удзельнікаў алімпіяды, кіраўнікоў каманд, членаў журы, арганізацыя харчавання, транспартнае, медыцынскае і культурнае абслугоўванне ўдзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды, распрацоўка і правядзенне комплексу ўрачыстых мерапрыемстваў адкрыцця і закрыцця алімпіяды, прадастаўленне лабараторнага, камп’ютарнага і іншага абсталявання будзе забяспечана ў поўнай меры ў кожным рэгіёне.
Калі гаварыць пра геаграфію правядзення трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, то яна, натуральна, ахоплівае абласныя цэнтры (Віцебск, Гродна, Гомель, Магілёў, Брэст), сталіцу, а таксама шэраг іншых гарадоў краіны.
У прыватнасці, удзельнікамі абласной алімпіяды на Магілёўшчыне стануць каля 900 навучэнцаў. Усе яны — пераможцы раённых этапаў. Алімпіядныя спаборніцтвы для юных інтэлектуалаў пройдуць на базе навучальных устаноў горада. Ацэньваць здольнасці кожнага ўдзельніка абласной алімпіяды будуць прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу магілёўскіх УВА, а таксама лепшыя педагогі ўстаноў адукацыі рэгіёна.
Удзельнікаў алімпіяды чакае не толькі інтэлектуальная барацьба за званне лепшага, але і разнастайная культурная праграма, пра якую паклапаціліся спецыялісты ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
Вітаючы ўдзельнікаў абласной алімпіяды падчас урачыстага адкрыцця, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Алег Уладзіміравіч Стэльмашок акцэнтаваў увагу на пастаянным абнаўленні ведаў у сучасным жыцці чалавека. А гаворачы пра вучэбны патэнцыял школьнікаў Магілёўшчыны, Алег Уладзіміравіч падкрэсліў, што ён увесь час павышаецца, пра што яскрава сведчыць станоўчая дынаміка перамог як на абласным, так і на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Высокія пазіцыі ў алімпіядным рэйтынгу ў Магілёўшчыны даволі трывалыя.
— Наш рэгіён мае добры адукацыйны патэнцыял, бо ў нашых установах адукацыі працуюць таленавітыя педагогі і вучацца здольныя і неардынарныя вучні. Менавіта гэтыя стратэгічна важныя складнікі адукацыйнага працэсу вобласці дазваляюць нам дэманстраваць стабільна высокія вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе. Я ўпэўнены, што агульнае імкненне да дасягнення мэты дазволіць нам і ў гэтым годзе выбіцца ў лідары алімпіяднага руху, — адзначыў Алег Уладзіміравіч.
А хто будзе прадстаўляць Магілёўскую вобласць на рэспубліканскім узроўні — стане вядома 17 студзеня, калі закончыцца трэці этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Як гаворыцца, ні пуху ні пер’я!

Вольга ДУБОЎСКАЯ,
Ганна СІНЬКЕВІЧ.