Гомельшчыну на рэспубліканскім этапе конкурсу “Студэнт года” прадставіць Вячаслаў Грышачкін. Малады чалавек вучыцца на пятым курсе лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Сёлета адборачныя этапы конкурсу паспяхова прайшлі ва ўсіх сямі УВА Гомельскай вобласці. Між тым на рэгіянальны этап выйшлі адразу восем студэнтаў. Аргкамітэт разгледзеў і зацвердзіў заяўку прызёра з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, таму гэтую ўстанову прадстаўлялі два студэнты. Сярэдні бал у вучобе кожнага з прэтэндэнтаў не ніжэйшы за 8,0. Таксама ўсе з’яўляюцца пераможцамі, стыпендыятамі спецыяльных фондаў, навуковых канферэнцый, алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, фестываляў, а таксама вядуць актыўную грамадскую дзейнасць. Усяго ў фінал сёлета выйшлі пяць хлопцаў і тры дзяўчыны.
Трэцякурсніца Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна філолаг Карына Маліноўская кіруе добраахвотніцкім атрадам факультэта, вядзе канцэртныя праграмы і ўдзяляе ўвагу тэме краязнаўства і турыстычнай прывабнасці свайго рэгіёна. Студэнт трэцяга курса геолага-геаграфічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Цімафей Адаськоў захапляецца каратэ і парашутным спортам. Між тым навука для яго на першым месце. Будучы лагіст чыгуначнага транспарту Валерыя Кадол цяпер на трэцім курсе факультэта кіравання працэсамі перавозак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. У яе жыцці на галоўных пазіцыях грамадская дзейнасць у БРСМ. Арцём Мішын, які вучыцца на трэцім курсе факультэта эканомікі і права Гомельскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО”, — інтэлектуал і выдатны аратар. Другакурснік механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Ян Палівач — літаратурны талент. Нягледзячы на тэхнічную спецыяльнасць, ён неаднаразова адзначаўся ўзнагародамі розных літаратурных фестываляў і інтэрнэт-конкурсаў. Актыўная ўдзельніца добраахвотных акцый — другакурсніца факультэта эканомікі і кіравання Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Настасся Каралёва. Старшыня студэнцкага савета Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Аляксандр Кучараў — другакурснік машынабудаўнічага факультэта — піша і выконвае песні, адзін з аўтараў праекта “Робат ЧЫП-3” і ўдзельнік занальнага этапу рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”.
Фінальнае спаборніцтва ў Гомелі доўжылася больш за дзве гадзіны, і нарэшце падведзены вынікі абласнога тура. Канкурсанты ў тым ліку прэзентавалі маладзёжны сацыяльны праект, рэалізаваны ў сваёй УВА. Пераможцам стаў Вячаслаў Грышачкін. Ён будучы хірург, аўтар 82 друкаваных работ і 10 рацпрапаноў. Юнак актыўна ўдзельнічае ў розных праектах БРСМ, з’яўляецца валанцёрам, удзельнікам канферэнцый, старшынёй студсавета, удзельнікам клуба “Юны журналіст” і вакальнай студыі “Настрой”. Да таго ж Вячаслаў знаходзіцца ў перспектыўным кадравым рэзерве Гомельскага аблвыканкама. Ён атрымаў ад арганізатараў экшн-камеру, астатнія ўдзельнікі ўзнагароджаны падарункамі ад партнёраў конкурсу.
— З упэўненасцю магу сказаць, што тытула дастойны кожны з удзельнікаў, — гаворыць першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Вераніка Гудкова. — Сцэна па-новаму раскрыла кожнага з іх. Журы прыйшлося няпроста, але імя лепшага з лепшых названа. Лепшы з васьмёркі прадставіць рэгіён на рэспубліканскім узроўні.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.