Інтэрактыўныя тэхналогіі дазваляюць у вучэбна-гульнявым полі прайграць разнастайныя службовыя і асобасныя ролі і асвоіць іх, ствараючы будучую мадэль узаемадзеяння людзей у вытворчай сітуацыі. Прымяненне інтэрактыўных тэхналогій у навучанні дазваляе максімальна ўключыць вучня ў сітуацыю, якая вывучаецца, падахвоціць да актыўных дзеянняў і матываваць, перажываць стан поспеху.
На ўроках я прымяняю як знаёмыя ўсім тэхналогіі інтэрактыўнага навучання (работа ў парах, работа ў групе
і г.д.), так і нестандартныя. Напрыклад, тэхналогія “Акварыум” нечым блізкая да спектакля, дзе гледачы выступаюць у ролі назіральнікаў, экспертаў, крытыкаў і аналітыкаў. Некалькі вучняў разыгрываюць сітуацыю ў коле, а астатнія назіраюць і аналізуюць. Вывучаючы тэму “Эмоцыі, рысы характару”, стараюся прапаноўваць “акварыумны дыялог”: тэкст дыялогу можа быць любым, напрыклад, размова ля акенца на вакзале. Задача акцёраў — перадаць адпаведны настрой, эмоцыі, асаблівасць характару, а задача гледачоў — заўважыць, растлумачыць свае высновы, сказаць, на чым яны грунтаваліся, чым кіраваліся. Эмацыянальныя ролі раздаю вучням сама, натуральна, таемна ад гледачоў, напрыклад: “вы аптыміст, на ўсё рэагуеце з усмешкай” або “вы песіміст, які ва ўсім бачыць толькі дрэннае і панікуе з любой нагоды”.
Выкарыстоўваю на ўроках і тэхналогію “Броўнаўскі рух”, якая прадугледжвае рух вучняў па ўсім класе з мэтай збору інфармацыі па прапанаванай тэме. Часта выбіраю агульныя тэмы (“Хобі”, “Сям’я”, “Адзенне”, “Дом”, “Школа”), паралельна адпрацоўваючы разнастайныя граматычныя канструкцыі. Кожны ўдзельнік атрымлівае ліст з пералікам пытанняў-заданняў: “Даведайся, колькі чалавек у тваім класе любяць займацца спортам” або “Хто сёння прачнуўся раней за 7 гадзін?”, “У каго дома пісьмовы стол стаіць ля акна?”. Дапамагаю вучням правільна фарміраваць пытанні і адказы, сачу, каб узаемадзеянне вялося на нямецкай мове.
Пры выкарыстанні тэхналогіі “Дрэва рашэнняў” дзялю клас на 3 або 4 групы з аднолькавай колькасцю вучняў. Кожная група абмяркоўвае пытанне і робіць запісы на сваім “дрэве” (вялікі ліст паперы), потым групы мяняюцца месцамі і дапісваюць на дрэвах суседзяў свае ідэі, не крытыкуючы і не выпраўляючы тыя, што ўжо ёсць на лісце. Можна змену груп правесці па крузе, можна спыніцца на пэўнай колькасці “дарадчыкаў”. Група-гаспадар прапрацоўвае дапаўненні, прапануе сваё канчатковае вырашэнне па гэтым пытанні, праводзім дыскусію, якая часта перарастае ў спрэчкі бакоў (асабліва пры абмеркаванні нейкіх спрэчных або супярэчлівых пытанняў). Дрэва рашэнняў можна выкарыстоўваць, абмяркоўваючы плюсы (адна група) і мінусы (другая група) нейкага пытання.
Тэхналогія “Карусель”, як і некаторыя іншыя інтэрактыўныя тэхналогіі, запазычана мной з псіхалагічных трэнінгаў. Дзецям такі від работы звычайна вельмі падабаецца. Утвараюцца два колцы: унутранае і знешняе. Унутранае кола — гэта вучні, якія сядзяць нерухома, павернутыя тварам да знешняга кола, а знешняе — гэта вучні, якія перамяшчаюцца па крузе праз кожныя 30 секунд. Такім чынам, яны паспяваюць прагаварыць за некалькі хвілін некалькі тэм і пастарацца ўпэўніць у сваёй слушнасці суразмоўцу. Выдатна адпрацоўваць з дапамогай “Каруселі” дыялогі этыкетнага характару, тэмы “Знаёмства”, “Нацыянальнасці”, “Размова ў грамадскім месцы” і г.д. Дзеці захоплена гутараць, заняткі праходзяць дынамічна і вынікова.
На абагульняючых уроках прапаную выкарыстоўваць прыём, вядомы ў псіхалогіі як “Свечка”. Па крузе перадаецца запаленая свечка, і навучэнцы выказваюцца пра розныя аспекты навучання. У старшых класах свечка дабаўляе размове даверлівасці, душэўнасці і адкрытасці. З дзецьмі малодшага ўзросту выкарыстоўваю падобную тэхналогію пад назвай “Жывы мяч” або “Плюшавы мішка”.
Пры выкарыстанні тэхналогіі “Незакончаны сказ” прапаную вучню прачытаць незакончаны сказ і хутка працягнуць яго любымі словамі, думкай, якая першай прыйшла ў галаву. Сказы пачынаюцца вельмі няпэўна, таму ў дзяцей практычна неабмежаваныя магчымасці закончыць яго. Яны тычацца розных жыццёвых сфер і могуць ахопліваць любыя тэмы.
Я прывяла ўсяго толькі некалькі прыкладаў выкарыстання інтэрактыўных тэхналогій пры вывучэнні замежнай мовы. Гэты спіс можна папаўняць, таму што кожны настаўнік здольны прыдумаць і ўкараніць у адукацыйны працэс эфектыўныя прыёмы і метады арганізацыі моўнага ўзаемадзеяння навучэнцаў на ўроку замежнай мовы.
Пералік тэхналогій можна працягваць доўга. Гэта і дэбаты, дыскусіі, семінары і, канечне, гульні. Больш падрабязна мне б хацелася спыніцца на выкарыстанні інтэр-актыўных гульняў на ўроках і пазакласных мерапрыемствах нямецкай мовы. Многія настаўнікі лічаць, што гульня патрабуе вялікіх намаганняў і падрыхтоўкі, што дзеці пасля гульні доўга не могуць “апамятацца”. Асабіста я так не лічу. Пры правядзенні гульняў я прытрымліваюся правіл: улічваю ўзроставыя асаблівасці і стараюся ўцягнуць у гульню ўсіх дзяцей без выключэння.
Працую настаўніцай нямецкай мовы не адзін год, заўсёды здзіўляюся, якім чароўным чынам на дзяцей уздзейнічае слова “гульня”. Варта толькі сказаць: “А зараз мы пагуляем”, як стомленасць у навучэнцаў праходзіць, і ў вачах дзяцей зноў з’яўляецца бляск і прага да адкрыцця нечага новага. А вельмі ж часта пад словам “гульня” мы маскіруем складаныя граматычныя, фанетычныя і лексічныя заданні, але вось парадокс, навучэнцы выконваюць іх намнога хутчэй, правільней і з большым энтузіязмам. У якія гульні можна гуляць з дзецьмі, каб яны маглі расслабіцца, зняць нервовае напружанне і пры гэтым вучыцца? Такіх гульняў многа, і кожны настаўнік здольны прыдумаць новыя, якія падыходзяць менавіта пад іх дзяцей. Напрыклад, у пачатковай школе, у 4 класе, мы гуляем у “Мадэльераў”. Я думаю, што ў кожнай дзяўчынкі была выразная лялечка з гардэробам. Чаму б не ўспомніць дзяцінства і не ўкараніць гэтае “добра забытае мінулае” ў свае ўрокі? Раздаю дзецям “лялечак” і ўжо выразаныя спадніцы, шорцікі, блузачкі, сукенкі, абутак і іншыя аксесуары. Дзецям даю заданне даць імя іх лялькам і апрануць, напрыклад, у школу, на дыскатэку, на свята, на пікнік. Дзеці апранаюць сваіх падапечных і называюць прадметы адзення, ужываючы няпэўныя артыклі ў форме вінавальнага склону. Або складаюць апавяданне пра сваю ляльку з 4—5 сказаў. Напрыклад, у форме ich або sie: што яна любіць насіць, што носіць зімой, летам, восенню. Такім чынам, гуляючы, дзеці замацоўваюць лексіку па тэме “Адзенне”, граматычныя структуры, правільны парадак у апавядальным сказе і г.д.
Навучэнцы з вялікім задавальненнем паўтараюць лексіку, збіраючы розныя шасцівугольнікі, трохвугольнікі, піраміды, трапецыі. Таксама, выкарыстоўваючы гэтыя геаметрычныя фігуры, можна добра замацоўваць часавыя формы дзеяслова.
Здаровае саперніцтва заўсёды добра мабілізуе і падганяе. Праверку вывучанай дома лексікі эфектыўна праводзіць метадам “Адкажы і зрабі крок!”. Трое навучэнцаў выстройваюцца ў рад (ад дзвярэй або ад сцяны), іншыя вучні задаюць словы па тэме на рускай або на беларускай мове, а яны павінны назваць гэтае слова па-нямецку і з правільным артыклем. Калі слова або выказванне названа правільна, то вучань робіць крок наперад, калі ёсць памылкі ў слове або ў артыклі, то вучань застаецца стаяць на месцы. Перамагае той, хто першы дасягне акна або супрацьлеглай сцяны.
На ўроках і ў пазакласнай рабоце рацыянальна выкарыстоўваць дыдактычныя гульні — віктарыны. Інтэрактыўныя гульні можна праводзіць па розных напрамках, гэта могуць быць гульні, звязаныя з выкарыстаннем лексікі, граматыкі, сацыякультурных ведаў. Прыкладам інтэрактыўных гульняў могуць паслужыць “Разумнікі і разумніцы” па тэме “Германія, Аўстрыя, Швейцарыя — агульнасць культур”, гульні па краіназнаўстве, “Дзень Св. Валянціна”, “Вялікдзень”. “Каляды” і г.д.
Існуе вялікая колькасць форм ролевых гульняў на ўроках нямецкай мовы: прэзентацыі, клубы па інтарэсах, інтэрв’ю, завочныя падарожжы, круглыя сталы, прэс-канферэнцыі, экскурсіі, казкі, рэпартажы і г.д. Напрыклад, у рамках вывучэння тэмы “Мастацтва” мой урок плаўна перацякае ў завочную экскурсію па адным са знакамітых музеяў нашай краіны або краіны, мова якой вывучаецца.
У рамках вывучэння тэмы “Грошы” мы традыцыйна праводзім круглы стол з мэтай “знайсці сабе спонсара”. Група спонсараў выслухоўвае доказы кандыдатаў, якія маюць патрэбу ў матэрыяльнай падтрымцы (ролі размеркаваны загадзя: студэнт, які мае патрэбу ў стыпендыі; імігрант, які шукае сродкі для вывучэння мовы; маці-адзіночка хоча даць добрую адукацыю дзецям і г.д.), задае пытанні, стварае сітуацыю саперніцтва і выкарыстоўвае матэрыяльныя сродкі. Задача кожнага ўдзельніка — даказаць, што менавіта ён варты гранта.
Такім чынам, я ўводжу інтэрактыўныя формы навучання ў вучэбны працэс з мэтай падрыхтоўкі навучэнцаў да жыцця ў інфармацыйным грамадстве, якое пастаянна мяняецца і дынамічна развіваецца.
Вераніка КРЭЧЫК,
настаўніца нямецкай мовы Вялікашылавіцкага ясляў-сада — базавай школы
Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці.