“Полацк — горад-музей, жыхары якога шануюць яго гісторыю. Іх любоў да роднай зямлі павінна перадавацца дзецям, каб яны з ранняга ўзросту далучаліся да гістарычных вытокаў, культурнай і нацыянальнай асаблівасці горада, — гаворыць намеснік загадчыка ясляў-сада № 29 Полацка Вольга Уладзіміраўна Хаткевіч. — Больш за 20 гадоў педагогі нашай дашкольнай установы і супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у структуру якога ўваходзіць 11 музеяў, дапамагаюць дзецям расці сапраўднымі патрыётамі”.
Яслі-сад № 29 Полацка адкрыўся ў 1997 годзе і праз год пачаў актыўна супрацоўнічаць з музеем-запаведнікам у рамках сацыяльна-партнёрскага праекта. Вялікую зацікаўленасць у гэтым праявілі загадчыца дзіцячага сада Вікторыя Нарыманаўна Кірыенка і загадчыца філіяла “Дзіцячы музей” музея-запаведніка Таццяна Рафаілаўна Смірнова. За гады сумеснай работы ўстановамі рэалізавана больш за 30 праектаў: кароткатэрміновых і доўгатэрміновых, творчых і даследчых, дзіцячых і бацькоўскіх. Іх агульная мэта — сфарміраваць у дзяцей навыкі музейнай культуры, паважлівага стаўлення да мінулага і сучаснасці роднага краю.
“На першым этапе важна падрыхтаваць дзяцей да ўспрымання музейнага прадмета, будучых экскурсій, форм работы, якія ім прапануюць у музеях, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Важна навучыць малых наведваць музей з камфортам, у добрым настроі, каб яны свабодна арыентаваліся ў яго памяшканнях, правільна ўспрымалі інфармацыю экскурсавода, задавалі пытанні, беражліва ставіліся да экспанатаў. З 4—5-гадовымі дзецьмі работа вядзецца на базе ўстановы дашкольнай адукацыі па спецыяльна распрацаванай музейна-адукацыйнай праграме “Вучымся глядзець і бачыць, чуць і слухаць”. Супрацоўнікі музеяў прыходзяць у дзіцячы сад адзін раз на тыдзень і разам з педагогамі праводзяць заняткі з дзецьмі ў адпаведнасці з каляндарна-тэматычным планаваннем. З сабой яны прыносяць цікавыя музейныя экспанаты, гульні. Напрыклад, з чатырохгадовымі выхаванцамі ў пачатку навучальнага года прайшлі заняткі “Муза ў гасцях у дзяцей”, у працэсе якіх яны пазнаёміліся з паняццем “музей”, “экспанат”, “калекцыя” і г.д. На занятках шырока выкарыстоўваюцца дыдактычныя гульні.
Дзіцячы музей праводзіць у садзе выязныя выставы “Казкі з музейнага куфэрка”. У сваю чаргу ў Дзіцячым музеі выстаўляюцца найбольш цікавыя творчыя работы і калекцыі нашых педагогаў і выхаванцаў. Напрыклад, дзеці прыносяць цацкі сваіх бацькоў і бабуль з дзядулямі. Работа з выхаванцамі 5—6 гадоў вядзецца па музейна-адукацыйнай праграме “Добры дзень, музей!”, якая ўтрымлівае 11 заняткаў рознай тэматыкі і разлічана на наведванне кожным дашкольнікам музеяў Полацка на працягу навучальнага года (1 наведванне на месяц). Аўтар музейна-адукацыйных праграм — загадчыца філіяла “Дзіцячы музей” музея-запаведніка Таццяна Рафаілаўна Смірнова, якая, дарэчы, стаяла ля вытокаў яго стварэння. Распрацаваны праграмы ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Таццяна Рафаілаўна разам са мной і настаўнікам-дэфектолагам Ларысай Анатольеўнай Голубевай удзельнічала таксама ў распрацоўцы дыдактычнага дапаможніка “Разумныя кубікі” для дзяцей 4—5 гадоў з мэтай фарміравання ў іх умення разглядаць прадмет, апісваць яго, узаемадзейнічаць з ім, гуляць, а таксама развіваць фанематычнае ўспрыманне і маўленне.
Заняткі ў музеях часта праводзяць сумесна выхавальнік і музейны педагог, выкарыстоўваючы пры гэтым разнастайныя формы работы. Папярэдне выхавальнікі праходзяць адпаведную падрыхтоўку. Для іх супрацоўнікі музея-запаведніка арганізуюць навукова-практычныя семінары і канферэнцыі, індывідуальныя кансультацыі, аглядныя экскурсіі па горадзе, выставы, адкрытыя прагляды, знаёмяць іх з музейнымі экспазіцыямі, прадастаўляюць магчымасць працаваць з матэрыяламі фондаў музея. Пры гэтым паказваюць на практыцы, як працаваць з музейнымі экспанатамі, як арганізаваць правільнае іх успрыманне ў дзяцей, у тым ліку з выкарыстаннем дыдактычных гульняў. Акрамя таго, вучаць педагогаў ствараць выставы, праводзіць пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы з дзецьмі. З кожным годам нашы выхаванцы становяцца ўсё больш падкаванымі ў пытаннях асваення ІТ-тэхналогій. Калі 10 гадоў назад малыя з задавальненнем гулялі са звычайнымі пазламі, дыдактычнымі настольнымі гульнямі, то цяпер ім цікавыя камп’ютарныя гульні, віртуальныя экскурсіі, электронныя прэзентацыі, што абавязкова выкарыстоўваецца пры правядзенні музейна-педагагічных заняткаў, да якіх з цікавасцю далучаюцца і бацькі выхаванцаў”.
Музеі, якія наведваюць выхаванцы ясляў-сада № 29 Полацка, размешчаны недалёка ад установы. Педагогі з дзецьмі дабіраюцца да іх пешшу. Для малых такая экскурсія — сапраўдныя прыгоды! На гэты год, напрыклад, навуковымі супрацоўнікамі філіялаў музея-запаведніка распрацаваны наступныя тэмы і канспекты музейных заняткаў: “Сардэчна запрашаем у свет кнігі” (Музей беларускага кнігадрукавання), “Восень у лесе” (Прыродна-экалагічны музей), “Ажыўшыя карціны. Віды выяўленчага мастацтва” (Мастацкая галерэя), “Прыгажосць у камені. Віды выяўленчага мастацтва” (Мастацкая галерэя), “Загадкі зімовага лесу” (Прыродна-экалагічны музей), “Таямніцы прадметнага свету” (Дзіцячы музей), “Апавяданні сялянскага дома” (Краязнаўчы музей), “Казка блакітнага лёну” (Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я), лекцыя-канцэрт “Таямніцы аргана” (Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора). Акрамя таго, на працягу года дзеці наведваюць Музей баявой славы і Музей-кватэру Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка.
Чаму ж вучаць дашкольнікаў музейныя супрацоўнікі? Перш за ўсё рабоце з музейным прадметам, паколькі менавіта на яго ў дзяцей узнікае самы вялікі эмацыянальны водгук. Задача спецыяліста — даць правільную інфармацыю аб прадмеце, расказаць, адкуль ён паходзіць, як з ім узаемадзейнічаць, правесці аналогію з сучасным жыццём, данесці да дзіцяці, што кожны прадмет мінулага ўнікальны. Музейны педагог дапамагае малышу разабрацца ў паняццях “старажытнасць”, “прыгажосць”, “памяць”, “крыніца інфармацыі” (аб абрадах і звычаях, дасягненнях навукі і тэхнікі). Інфармацыя выкладаецца простай і даступнай мовай. Дзеці, у сваю чаргу, вучацца сузіраць прадмет, даследаваць яго, гуляць з ім. Пры жаданні яны і самі могуць стаць стваральнікамі прыгожага, паколькі любы прадмет можна вырабіць.
“Усе дзеці таленавітыя, толькі трэба правільна раскрыць гэты талент. У гэтым нам дапамагае музейная педагогіка, — адзначае Вольга Уладзіміраўна. — На кожным тэматычным тыдні, які мы праводзім у садзе, мы ствараем з выхаванцамі пэўны прадукт. Калі, напрыклад, праходзіць тэматычны тыдзень, прысвечаны кнігам, то вялікая ўвага ўдзяляецца вырабу кніг. Папярэдне з дзецьмі мы адпраўляемся ў музей кнігадрукавання, каб даведацца, як раней стваралі кнігі. У рэстаўратараў распытваем пра сакрэты захавання і аднаўлення кніг. Аднойчы з дзецьмі і іх бацькамі мы прыдумвалі і малявалі сямейныя гербы. У некаторых нашых выхаванцаў ёсць сапраўдныя гербы сям’і. Высветлілася, што ў аднаго хлопчыка сямейнае дрэва вядзецца з ХІІІ—ХІV стагоддзяў”.
Найбольш цесная сувязь у калектыву ясляў-сада № 29 Полацка з супрацоўнікамі Дзіцячага музея. Распрацаваны чатыры напрамкі сумеснай работы дзіцячага сада і музея: выставачная, праектная, адукацыйная і экскурсійная дзейнасць. З 2015 па 2018 год яслі-сад № 29 Полацка разам з Дзіцячым музеем працаваў над рэалізацыяй абласнога даследчага праекта “Фарміраванне творчай сацыяльнай актыўнасці асобы дашкольніка сродкамі музейнай педагогікі”.
“Таццяна Рафаілаўна настолькі захоплены сваёй справай чалавек, што застацца абыякавым да тых форм работы, якія яна прапануе, немагчыма, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Калі дзеці ўпершыню трапляюць у гэты музей, іх рэакцыя непадробная: захопленыя вочы, здзіўленыя воклічы “ух, ты!”, “ого!”, маленькія ручкі, якія цягнуцца да музейных экспанатаў. Паколькі музей гэты інтэрактыўны, дакранацца да ўсяго тут дазваляецца. Дарэчы, ідэя стварэння музейна-адукацыйных прастор, арыентаваных на дзяцей, атрымала найбольш яркае і разнастайнае ўвасабленне ў ЗША, дзе яны зараз складаюць 75% ад агульнай колькасці дзіцячых музеяў свету. У Беларусі такі вопыт унікальны.
Калі адразу ў музейны праект былі ўключаны толькі нашы выхавальнікі, то з часам далучыліся іншыя спецыялісты. Настаўнік-дэфектолаг у працэсе знаёмства дзяцей з экспазіцыяй музея праводзіць з імі карэкцыйныя заняткі. Музычны кіраўнік арганізоўвае забавы для дзяцей, педагог-псіхолаг выкарыстоўвае свае прафесійныя “фішкі”, а кіраўнік фізвыхавання прапануе малым рухальныя практыкаванні і гульні. Нашы педагогі прымаюць удзел у майстар-класах, якія праводзяць музейныя работнікі: па вырабе беларускай народнай цацкі з гліны і яе роспісе, стварэнні лялькі-абярэга, паштовак з выкарыстаннем нетрадыцыйных тэхнік аплікацыі і г.д. Наведванне Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я натхніла мяне і выхавальніцу Надзею Анатольеўну Нікіціну на стварэнне тэатра батлейкі, такога ж, як у гэтым музеі. На цяперашні момант наш тэатр налічвае 20 лялек, пашытых выхавальніцай уручную. У рэпертуары тэатра тры пастаноўкі для дзяцей з 3 да 6 гадоў: “Калядная ялінка” — для малодшага дашкольнага ўзросту, “Калядная казка” — для сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту і “Дзяўчынка з запалкамі” — для старэйшага дашкольнага ўзросту.
Вопыт музейнай педагогікі мы прапануем сваім калегам у Беларусі і за мяжой. Наша выхавальніца Юлія Уладзіміраўна Саковіч атрымала дыплом лаўрэата Усерасійскага конкурсу музейна-адукацыйных заняткаў і музейных урокаў “Спадчына — дзецям” (за заняткі “У гасцях у дзядулі Самавара”). Нашы напрацоўкі адзначылі на Рэспубліканскім фестывалі педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала”. У далейшым мы плануем сістэматызаваць і аформіць свае напрацоўкі па музейнай педагогіцы, працягнуць стварэнне ЭАР па рабоце з выхаванцамі, уласнага фонду прадметаў музейнага значэння для правядзення музейна-педагагічных заняткаў на базе нашай установы”.
“Музейная педагогіка — гэта навука, якая дазваляе даносіць да наведвальнікаў сутнасць музейнага прадмета і змест экспазіцыі музея, — адзначае загадчыца Таццяна Рафаілаўна Смірнова. — Малыш у дзіцячым садзе пазнае прадметны свет, а музейныя экспанаты — гэта перш за ўсё прадметы. Мы вырашылі расказваць пра іх дзецям даступна, але з навуковай дакладнасцю. Нам патрэбныя была сістэма ў рабоце, а значыць, свае праграмы работы. Асноўная мэта створаных намі праграм — падрыхтоўка дзяцей да ўспрымання музейнага прадмета, яго спецыфікі. Гэта можа быць кніга, карціна, жывапіс, графіка, прадметы побыту, ганчарства, вышыўка, выцінанка. Калі б хтосьці ўбачыў, як дзеці ўспрымаюць гэтыя музейныя прадметы, то адразу б адзначыў эмоцыі, якія ўзнікаюць у іх. А ўсё таму, што перад імі сапраўдны прадмет, які служыў людзям, выкарыстоўваўся ў доме, нясе ў сабе велізарны пласт гістарычнай інфармацыі. У нашым музеі дзеці могуць даведацца пра традыцыі чаявання нашых продкаў, цацкі, з якімі гулялі іх бабулі і дзядулі, кніжкі, якія яны чыталі, пракаціцца на яхце капітана Урунгеля і даведацца пра Вялікія геаграфічныя адкрыцці. У музеі прадстаўлены прадметы побыту мясцовых жыхароў, цікавая калекцыя валдайскіх званочкаў, гукаўзнаўляльнай апаратуры (грамафоны, патэфоны канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя), калекцыя тульскіх самавараў, самы старадаўні з якіх (1881 года) выраблены на фабрыцы Зубцовых, калекцыі гадзіннікаў, вагаў і іншых вымяральных прыбораў. Усім гэтым дзеці могуць скарыстацца па прызначэнні.
У музеі мы вядзём дыялог з дзіцем, кіруючыся найперш яго інтарэсамі, не навязваем яму свае веды. Мы пракладваем сцежку да яго душы, размаўляем на адным узроўні, каб малыш адчуваў, што ведае нават больш, чым мы, а мы для яго нешта ўдакладняем. Дзеці вучацца вывучаць прадметы не толькі тактыльна, але і візуальна, судакранацца з імі душой. Калі дзіця ў музеі адчуе сябе даследчыкам, правядзе цікавы вопыт, зробіць сваё маленькае адкрыццё, то сюды яно прыйдзе яшчэ не раз. І дарослых з сабой прывядзе, для якіх, дарэчы, у музеі працуе клуб выхаднога дня.
Дзеці маюць магчымасць прыняць удзел у пазнавальных забаўках, якія праводзіць музей, праявіць свае творчыя здольнасці, пачытаць вершы. Атмасфера ў музеі вельмі пазітыўная. Задача нашых работнікаў — даць зразумець кожнаму маленькаму наведвальніку, што ў музеі не сумна, цікава, што гэта для яго родны дом, дзе яго чакаюць, што там можа знаходзіцца яго фотаздымак, цацка, творчая работа і калекцыя. Мы рады праводзіць для дзяцей святы, тэатральныя чытанні, выпускныя ранішнікі і нават дні нараджэння”.
Надзея ЦЕРАХАВА.