Інтэрферонны майстар

- 15:51Навука і інавацыі

Гасцей біялагічнага факультэта БДУ сустракаюць хлопцы і дзяўчаты ў белых халатах. Усе яны разыходзяцца па вучэбных аўдыторыях ці даследчых лабараторыях. У адной з апошніх гаспадарыць малады вучоны Максім Патаповіч.

Цікавасць да біялогіі ў Максіма Патаповіча пачала заўважацца ў 8 класе. А ў 9-м, калі пачалі выкладаць анатомію чалавека, ён уцягнуўся ў прадмет яшчэ больш. Тады ж хлопец зразумеў, што хацеў бы выбраць прафесію, звязаную з медыцынай.

— Мяне ніколі не прыцягвалі напрамкі, звязаныя з хірургічным умяшальніцтвам. Я больш цягнуўся да кансерватыўнай медыцыны, — расказвае Максім Іосіфавіч. — Каб паступіць у БДМУ, трэба было здаваць біялогію і хімію. Калі з першай праблем не было, то ў другой быў значна слабейшым. Па конкурсе на бюжэт адразу ж пасля школыя не прайшоў.

Аднак пасля няўдачы юнак не апусціў рук: вырашыў наведваць падрыхтоўчае аддзяленне ў БДУ. Там жа пазнаёміўся з біялагічнымі спецыяльнасцямі, а таксама падцягнуў хімію. На той момант напрамак не быў папулярным сярод моладзі, таму хлопец захацеў паспрабаваць сябе ў новай сферы.

Праз год Максім здаваў экзамены ў дзве ўстановы адукацыі — у БДУ і БДМУ. У першым універсітэце іспыты заканчваліся раней, таму перад здачай другога экзамену ў медыцынскім хлопец ужо ведаў, што паступіў на біялагічны факультэт. Не зважаючы на ўгаворы блізкіх, ён вырашыў не праходзіць далейшыя іспыты ў медуніверсітэт: “Усё, іду ў БДУ”.

— У той час на факультэце існавалі тры спецыяльнасці: “Агульная біялогія”, “Экалогія” і “Біятэхналогіі”. Я хацеў стаць біятэхнолагам, але ў групу набіралі каля 15 чалавек і амаль усе яны былі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Таму я апынуўся на “Агульнай біялогіі”, хоць у выніку зараз займаюся біятэхналогіяй, — адзначае Максім Патаповіч.

Асвоіўшыся ва ўніверсітэце, на другім курсе ён прыйшоў у даследчую лабараторыю. Разам з сябрам яны выбіралі спецыялізацыю: паміж біяхіміяй і мікрабіялогіяй перамагла апошняя.

Лёгка, амаль на адным дыханні, юнак адвучыўся чатыры гады. Стомле­насць прыйшла на пятым курсе — Максіма больш цягнула працаваць. Ён імкнуўся прайсці практыку ў розных установах: на барысаўскім заводзе “Белмедпрэпараты”, у экспертна-крыміналістычным цэнтры. Адначасова пераканаўся, што не хоча быць настаўнікам. Тады ж загадчык кафедры мікрабіялогіі прафесар Уладзімір Пракулевіч прапанаваў маладому чалавеку паспрабаваць сілы ў аспірантуры. І Максім, павагаўшыся, пагадзіўся.

Прэпараты “Біферон-Б”, “Біферон-С”, “Субмасцін-КРС” і іншыя распрацоўвалі Максім Патаповіч і яго калегі. Асноўны рынак збыту закранае Беларусь, Расію і Казахстан. Такія лекі зніжаюць колькасць антыбіётыкаў у сельскагаспадарчай прадукцыі. Некантралюемае прымяненне антыбіётыкаў — сусветная праблема, паколькі ў бактэрый выпрацоўваецца ўстойлівасць да лекаў.

— Першыя паўгода работы ў лабараторыі не атрымлівалася абсалютна нічога. Таксама было няпроста з абсталяваннем і рэактывамі. Я нават пачаў задумвацца: “І навошта ішоў?” Пакрысе сітуацыя палепшылася, з’явіліся першыя вынікі — менавіта яны стымулявалі працаваць больш. Пасля за мной пачалі замацоўваць студэнтаў. Спачатку аднекваўся, а потым разам з імі вучыўся і сам. Праектаў станавілася больш, і мы стварылі навукова-даследчую лабараторыю біятэхналогій, якой я цяпер загадваю, — гаворыць Максім Іосіфавіч.

Ідэя даследаваць інтэрфероны жывёл (бялкі імуннай сістэмы, якія адказваюць у першую чаргу за абарону арганізма ад вірусных інфекцый) належыць навуковаму кіраўніку Максіма Уладзіміру Пракулевічу.

— Інтэрфероны ўплываюць на многія працэсы ў арганізме. Акрамя таго, яны прымяняюцца пры лячэнні анкалагічных захворванняў, — расказвае навуковец. — Калі мы пачалі гэтым займацца, галіна была маладой. Першыя даследаванні ў ёй праводзіліся ў другой палове 50-х гадоў. Да нас выпускалі лекі для жывёл на аснове чалавечых інтэрферонаў. Нам хацелася зрабіць лекі для жывёл з iх уласнымi бялкамі (для курэй — з курыным інтэрферонам, для свіней — са свіным i г.д.). Мы бяром біялагічны матэрыял ці ген, што ка­дзіруе інтэрферон пэўнай жывёлы. Далей ён падсаджваецца ў бактэрыю — для росту. Мы выдзяляем бялок, ачышчаем яго і тэсціруем па ўласцівасцях, біялагічнай актыўнасці, прымесях. На аснове інтэрферонаў розных жывёл з’явіўся шэраг лекаў для ветэрынарнай медыцыны. Зараз у нас 12 зарэгістраваных прэпаратаў, 6 прахо­дзяць рэгістрацыю.
Вучоныя не капіруюць заходнія аналагі, а ствараюць новы арыгінальны прадукт. Аналагічныя прэпараты для жывёл існу­юць, але іх няшмат: толькі для сабак (французскі, кітайскі) і катоў (расійскі). Для іншых свойскіх жывёл і птушак прапаноў на рынку, акрамя беларускіх, не існуе.

— На Захадзе ставіць адзін укол за сто долараў хвораму парасяці не будзеш — яго прасцей забіць, але катоў і сабак ле­чаць, — заўважыў Максім Патаповіч. — У нас жа спецыфіка іншая, і лекі больш даступныя. Таму мы арыентуемся больш на буйную рагатую жывёлу: рэгуляцыю рэпрадуктыўнай функцыі, лячэнне і прафілактыку масцітаў у кароў і інш.

Вучоны расказвае, што ў яго галіне вельмі важна атрымліваць зваротную сувязь ад ветэрынараў-практыкаў — пра дазіроўкі, схемы прымянення лекаў, паталогіі. Максім Патаповіч адзначае, што атрымаць водгукі ад спецыялістаў сельскіх гаспадарак няпроста, больш актыўныя ветэрынарныя клінікі.

— Засмучаюць меркаванні, быццам у нашай краіне няма ўласных ідэй і тэхналогій, вартых прызнання на сусветным узроўні. Практыка паказвае адваротнае, — заўважае даследчык.

Ён і зараз з удзячнасцю ўспамінае заняткі ў загадчыка кафедры біяхіміі Вадзіма Сінчука. А ў навуковай дзейнасці арыентуецца на свайго кіраўніка Уладзіміра Пракулевіча: спецыяліста дзівяць яго працаздольнасць, энергія і ўменне трымаць руку на пульсе.

Зараз Максім Патаповіч сам накіроўвае студэнтаў. Прызнаецца, што не шкадуе вольнага часу, каб падказаць ці дапамагчы. Сам жа, хоць і адкрыты для іншых, не любіць прасіць дапамогі.

Вартым заканчэннем працоўнага дня навуковец лічыць атрыманне выніку. Гэта асноўны матыватар яго дзейнасці: работа дзеля работы — не пра яго.

— Мы з калегамі часта гаворым, што наша місія — зрабіць усіх кароў шчаслівымі. Хоць гэта і жарт, але частка праўды ў ім ёсць. Наша работа неаднастайная, шматзадачная: тут ты і сустракаешся з калегамі, і галаву задзейнічаеш, і ствараеш штосьці рукамі, — дзеліцца Максім Патаповіч. — Вядома, бывае, што нічога не атрымліваецца. Але ж у навуцы цяжка нешта спрагназаваць! Такія дні даюць магчымасць прааналізаваць зробленае, зразумець прычыну няўдачы. Усё гэта акупляецца эмоцыямі, калі ўсё вырашаецца.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.