Штогод таленавітым маладым вучоным прызначаецца стыпендыя Прэзідэнта Беларусі. Сёлета яе ўладальнікамі сталі 64 навукоўцы. Сярод іх — намеснік дэкана механіка-тэхналагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай Сяргей ПАРЦЯНКА.
Сяргею Анатольевічу ўсяго толькі 29 гадоў, але ён не баіцца ініцыіраваць праекты, вырашаць складаныя пытанні, весці за сабой каманду і браць на сябе адказнасць, таму і нядзіўна, што ўжо шмат чаго дасягнуў.
— 2022 год быў вельмі прадукцыйным: я стаў намеснікам дэкана механіка-тэхналагічнага факультэта ПДУ, дацэнтам кафедры тэхналогіі і абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці, кандыдатам тэхнічных навук, сябрам савета маладых вучоных пры Мінадукацыі, старшынёй савета маладых вучоных нашага ўніверсітэта і маладзёжнага парламента Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў, — расказаў вучоны.
Яго шлях да такіх адказных пасад пачаўся з паступлення на спецыяльнасць “Тэхналогія машынабудавання” і пераканання: машынабудаванне — гэта лакаматыў развіцця эканомікі кожнай краіны. Да таго ж менавіта гэтая спецыяльнасць адпавядала інтарэсам маладога чалавека, які заўсёды цікавіўся работай з дрэвам і металам, захапляўся чарчэннем, 3D-праектаваннем і мадэляваннем.
— Мой выбар прафесіі абгрунтаваны, паступленне мэтанакіраванае, бо я меў вялікае жаданне на прафесійным узроўні вывучаць асаблівасці функцыянавання складаных механізмаў і працэс іх вырабу. Да таго ж я разумеў, што з такой спецыяльнасцю ў мяне заўсёды будзе работа, прычым у розных сферах: ад машынабудаўнічых прадпрыемстваў да невялікіх кампаній — усюды, дзе ёсць складаная тэхніка, канструктарская дакументацыя або неабходны рамонт і абнаўленне абсталявання. Дарэчы, хачу звярнуць увагу абітурыентаў, што ў нас адкрыта новая спецыяльнасць “Вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій”, дзе асноўны ўпор у падрыхтоўцы інжынераў зроблены на 3D-праектаванне і мадэляванне дэталей машын, а таксама выкарыстанне як традыцыйных, так і адытыўных тэхналогій атрымання вырабаў, — паведаміў намеснік дэкана механіка-тэхналагічнага факультэта ПДУ.
Цікавасць да навукі ў С.А.Парцянкі ўзнікла на 3 курсе, калі пачаліся спецыялізаваныя вучэбныя дысцыпліны.
Чытайце матэрыял Вольгі Антоненкавай у нумары ад 24 студзеня 2023 года.