Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк анансаваў новую адукацыйную праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі.
Да гэтага часу тэхнапарк працаваў па трох напрамках: робататэхніка, зялёная хімія і інфармацыйныя тэхналогіі. А ў хуткім часе будзе адкрыты чацвёрты напрамак — інжынерная экалогія. Гэта дзейнасць на стыку тэхнічных, прыродазнаўчых і сацыяльных навук, скіраваная на захаванне навакольнага асяроддзя ва ўмовах росту прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці.
Адораныя дзеці будуць вырашаць прыкладныя задачы: выяўляць наяўнасць цяжкіх металаў у розных аб’ектах, вызначаць канцэнтрацыю нітратаў у вадзе, глебе, прадуктах харчавання, а таксама мадэляваць парніковы эфект. Разам з навукоўцамі школьнікі будуць даследаваць хімічны склад атмасферных ападкаў і распрацоўваць праекты па ачыстцы сцёкавых вод ад прымесей.
Сёння ў дзіцячым тэхнапарку займаюцца навучэнцы 9—11 класаў з усёй краіны. Асноўная мэта — падтрымаць юныя таленты, выявіць і развіць у іх цікавасць да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці.
У адукацыйным працэсе тэхнапарка выкарыстоўваюцца матэрыяльна-тэхнічныя, адукацыйныя і кадравыя рэсурсы лабараторый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Нагадваем, каб быць залічаным у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, неабходна прайсці тры этапы адбору. Азнаёміцца з правіламі і размясціць заяўку можна на сайце ўстановы.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.