У 2023/2024 навучальным годзе ў сістэме адукацыі, падпарадкаванай галіноваму міністэрству, функцыянуюць 2662 установы агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 205 гімназій, 5 гімназій-каледжаў мастацтваў, 20 ліцэяў, 9 кадэцкіх вучылішчаў. Акрамя таго, 16 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі падпарадкоўваюцца іншым міністэрствам: Міністэрству культуры — 2, Міністэрству абароны — 1, Міністэрству ўнутраных спраў — 1, Міністэрству па надзвычайных сітуацыях — 1, Міністэрству спорту і турызму — 11, а таксама дзейнічаюць 6 прыватных. Такім чынам, усяго працуюць 2684 установы агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаецца 1 млн 81 тыс. 253 навучэнцы.
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства Ірына Каржова
— Ірына Уладзіміраўна, у мінулым годзе ў краіне ўпершыню быў праведзены цэнтралізаваны экзамен, які стаў значным у плане прадастаўлення абітурыентам новых правоў і магчымасцей падчас уступнай кампаніі…
— Так, 2023 год стаў для сістэмы адукацыі знамянальным. Упершыню ў адпаведнасці з заканадаўствам выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў абавязковым парадку прынялі ўдзел у цэнтралізаваным экзамене па адной з дзяржаўных моў і па адным з дзевяці профільных вучэбных прадметаў. Сёння наша міністэрства актыўна ажыццяўляе падрыхтоўчую работу па правядзенні цэнтралізаванага экзамену ў 2024 годзе, вынікі якога, як вядома, будуць залічвацца пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. У 2023/2024 навучальным годзе ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі ад 14.08.2023 № 263 у 11 класе захаваны 2 цэнтралізаваныя экзамены па рускай або беларускай мове і па вучэбным прадмеце на выбар. Цэнтралізаваныя экзамены будуць праходзіць у маі ў будныя дні, а канкрэтна пасля 25 мая: 27 мая 2024 года (панядзелак) — па вучэбным прадмеце на выбар і 30 мая 2024 года (чацвер) — па рускай або беларускай мове. Захаваны рэзервовыя дні ў чэрвені і жніўні. У маі рэзервовы дзень не прадугледжаны. Плануецца, што ў гэтым годзе цэнтралізаванае тэсціраванне будзе праходзіць у тыя ж тэрміны, што і цэнтралізаваны экзамен.
— 27 студзеня адбудзецца рэпетыцыя цэнтралізаванана экзамену. Давайце яшчэ раз нагадаем, калі і дзе.
— Для адпрацоўкі правядзення цэнтралізаванага экзамену запланавана правядзенне 27 студзеня 2024 года яго рэпетыцыі, якая пройдзе строга ў адпаведнасці з Інструкцыяй па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену. Агульныя прынцыпы правядзення рэпетыцыі экзамену (вызначэнне пунктаў правядзення, пропуск у пункт правядзення, рассадка ў аўдыторыях, правілы правядзення і г.д.) з’яўляюцца ідэнтычнымі тым прынцыпам, якія выкарыстоўваюцца пры арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену. Для рэпетыцыі будуць задзейнічаны тыя ж 144 пункты, у якіх у 2024 годзе пройдзе цэнтралізаваны экзамен.
Для ўдзелу ў рэпетыцыі зарэгістравана 55,2 тысячы вучняў 11 класаў, што на 2 тысячы больш у параўнанні з 2023 годам. Як і ў мінулым годзе, органы кіравання забяспечваюць цэнтралізаваную дастаўку навучэнцаў да пунктаў правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену ў суправаджэнні педагагічных работнікаў: у сельскай мясцовасці гэта школьныя аўтобусы, у гарадах — транспарт агульнага карыстання. На месцах будзе наладжана ўзаемадзеянне з тэрытарыяльнымі органамі МУС, МНС, аховы здароўя для стварэння бяспечных умоў знаходжання ў пунктах. Хачу звярнуць асаблівую ўвагу, што на сайце Міністэрства адукацыі з 3 студзеня 2024 года функцыянуе рубрыка “Цэнтралізаваны экзамен — 2024”, у якой размешчаны актуальныя інфармацыйныя матэрыялы і нарматыўныя прававыя акты, у тым ліку і памяткі для навучэнцаў і педагагічных работнікаў.
— Каб вызначыць узровень ведаў навучэнцаў і на аснове гэтага абазначыць шляхі ўдасканалення вучэбнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, стала традыцыяй праводзіць рэспубліканскія кантрольныя работы па вучэбных прадметах. Як яны будуць праходзіць у гэтым годзе?
— Штогод, пачынаючы з 2016 года, мы праводзім рэспубліканскія кантрольныя работы па вучэбных прадметах. У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі, у красавіку 2024 года ў 11 класе будзе праводзіцца рэспубліканская кантрольная работа па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі”, у якой прымуць удзел усе навучэнцы выпускных класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны.
Заданні кантрольнай работы будуць распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы па прадмеце і будуць адпавядаць пяці ўзроўням засваення вучэбнага матэрыялу. Кантрольная работа накіравана на праверку не толькі ведаў па вучэбным прадмеце, але і ўменняў працаваць з рознымі крыніцамі гістарычнай інфармацыі (картай, табліцай, фрагментамі гістарычных дакументаў).
Адзнака за выкананне рэспубліканскай кантрольнай работы будзе выстаўляцца ў класны журнал і ўлічвацца пры ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці школьніка за чвэрць. Вынікі ж выканання кантрольнай работы будуць прааналізаваны на рэспубліканскім узроўні. На іх аснове будуць распрацаваны рэкамендацыі па ўдасканаленні працэсу навучання гісторыі Беларусі. У наступным, 2024/2025 навучальным годзе плануецца правядзенне рэспубліканскіх кантрольных работ па вучэбных прадметах “Фізіка” і “Руская мова” ў 10 класе. Падыходы да арганізацыі і правядзення гэтых кантрольных работ будуць такімі ж, як і па гісторыі Беларусі ў 11 класе.
— Як вядома, у 2023 годзе Міністэрствам адукацыі сумесна з Генеральнай пракуратурай распрацаваны і выдадзены вучэбныя дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Давайце больш падрабязна спынімся на змесце гэтых выданняў і методыцы іх выкарыстання ў вучэбным працэсе.
— Вучэбныя дапаможнікі прызначаны для вучняў 1—4, 5—9, 10—11 класаў. У іх аснову пакладзены вынікі расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы па факце ўчынення нацысцкімі злачынцамі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.
У канцы 2023 года на базе сярэдняй школы № 137 Мінска адбыўся рэспубліканскі семінар-прэзентацыя гэтых вучэбных дапаможнікаў, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры, Міністэрства адукацыі, аўтары і рэцэнзенты гэтых выданняў, спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, педагагічныя работнікі з усіх рэгіёнаў нашай краіны.
Для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі мы ставім задачу мэтанакіравана выкарыстоўваць матэрыялы вучэбных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” на занятках па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі”, “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь”, “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”, “Беларуская літаратура”, “Руская літаратура”, “Замежная мова”, “Музыка”. Матэрыялы гэтых дапаможнікаў таксама могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы і правядзенні выхаваўчых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Гэта могуць быць мітынгі-рэквіемы, прысвечаныя трагічным і гераічным падзеям Вялікай Айчыннай вайны, класныя і інфармацыйныя гадзіны, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, урокі мужнасці, урокі памяці, акцыі, дыспуты ваенна-гістарычнай накіраванасці.
Уключэнне матэрыялаў вучэбных дапаможнікаў у змест адукацыйнага працэсу, інфармаванне навучэнцаў аб фактах генацыду беларускага народа павінны быць накіраваны на фарміраванне ў моладзі імунітэту супраць фашысцкай ідэалогіі, на прадухіленне супрацьпраўнай дзейнасці пад нацысцкай сімволікай.
У дапамогу педагогам распрацаваны і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (у раздзеле “Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа”) метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні вучэбных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” ў адукацыйным працэсе.
— А як увогуле вядзецца работа па ўдасканаленні вучэбнай літаратуры?
— Міністэрствам адукацыі абноўлены вучэбныя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах з 1 па 11 клас, у адпаведнасці з якімі выдадзены новыя вучэбныя дапаможнікі. Цяпер мы актыўна ажыццяўляем удасканаленне вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пры падрыхтоўцы вучэбных выданняў да паўторнага выпуску асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаваўчай функцыі, звязанай з дасягненнем навучэнцамі асобасных адукацыйных вынікаў, прадугледжаных адукацыйным стандартам. Перад аўтарскім калектывам кожнага вучэбнага дапаможніка стаіць важная задача — уключыць у яго змест той матэрыял, які мае не толькі вучэбны і развіццёвы, але і выхаваўчы патэнцыял.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Трэба адзначыць, што ў новым пакаленні вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі шырока прадстаўлены нацыянальны кантэнт. У іх уключана інфармацыя пра дасягненні Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця (навуцы, медыцыне, прамысловасці, спорце, адукацыі і інш.), пра культурныя і прыродныя славутасці нашай краіны, найважнейшыя гістарычныя падзеі, значэнне дзяржаўных сімвалаў. Такая інфармацыя ёсць у кожным вучэбным дапаможніку, пачынаючы з буквара.
У рамках пастаянна дзеючага рэспубліканскага семінара для аўтараў вучэбных дапаможнікаў, рэцэнзентаў, удзельнікаў доследнай праверкі, які праводзіцца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, гаворыцца пра структуру сучаснага вучэбнага дапаможніка, рэалізацыю яго асноўных дыдактычных прынцыпаў і функцый, абмяркоўваюцца патрабаванні да сучаснай вучэбнай літаратуры ў кантэксце фарміравання функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў і інш. Пры падрыхтоўцы дзеючых вучэбных дапаможнікаў да паўторнага выпуску будуць улічаны таксама заўвагі і прапановы, якія былі выказаны педагогамі падчас доследнай праверкі, грамадскай экспертызы вучэбнай літаратуры ў жніўні 2023 года.
— Адным з самых яркіх складнікаў сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны з’яўляецца алімпіядны рух. Літаральна нядаўна завяршыўся трэці этап рэспубліканскай алімпіяды, пераможцы якога ўжо атрымалі прэферэнцыі.
— Рэспубліканская алімпіяда з кожным годам пашырае свае гарызонты. Сёння яна праводзіцца па 18 вучэбных прадметах, прычым з 2015/2016 навучальнага года арганізоўваецца алімпіяда па кітайскай мове, з 2018/2019 навучальнага года — па фізічнай культуры і здароўі.
Штогод ва ўсіх этапах алімпіяды бяруць удзел каля 600 тысяч навучэнцаў.
У нашай краіне створаны ўмовы, якія даюць магчымасць вучням удзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе па некалькіх вучэбных прадметах у першым і другім этапах — ва ўстанове адукацыі і на ўзроўні раёна (горада), а ў трэцім і заключным этапах — па адным вучэбным прадмеце. Неабходна адзначыць, што з 8 па 12 студзеня 2024 года ў абласцях і Мінску прайшоў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды, пераможцы якога (уладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені) маюць ільготы пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, якія атрымалі дыпломы І ступені, прадстаўляюцца для заахвочвання прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Акрамя таго, яны маюць права на льготную траекторыю паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны.
Навучэнцы, якія паказалі найлепшыя вынікі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, накіроўваюцца на міжнародныя алімпіяды.
Мэтай удзелу нашых навучэнцаў у міжнародных інтэлектуальных мерапрыемствах з’яўляецца прадстаўленне інтарэсаў нашай краіны на міжнародным узроўні, умацаванне іміджу Рэспублікі Беларусь як краіны, якая вялікую ўвагу ўдзяляе інтэлектуальнаму развіццю навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Якаснае правядзенне рэспубліканскіх мерапрыемстваў, прафесійны адбор прэтэндэнтаў на ўдзел у міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах даюць магчымасць навучэнцам Беларусі дасягаць высокіх вынікаў на міжнародным узроўні. У перыяд з 2019 па 2023 год прадстаўнікамі Беларусі на міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах заваяваны 292 медалі, з іх 41 залаты, 105 сярэбраных, 146 бронзавых. У 2023 годзе старшакласнікі прынялі ўдзел у 11 міжнародных спаборніцтвах: Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат, Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі, міжнародных алімпіядах па хіміі, матэматыцы, біялогіі, інфарматыцы, геаграфіі, Міжнароднай алімпіядзе па хіміі імя Абу Райхана Беруні, Міжнароднай алімпіядзе навук аб Зямлі, ІІ Адкрытай міжнароднай астранамічнай алімпіядзе, Міжнароднай навуковай фізічнай алімпіядзе.
З 51 удзельніка міжнародных алімпіяд 41 стаў пераможцам і прызёрам, у тым ліку імі заваявана 3 залатыя, 21 сярэбраны і 17 бронзавых медалёў. Акрамя таго, у 2023 годзе навучэнцы нашай краіны прынялі ўдзел у Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы. З 90 навучэнцаў 58 сталі пераможцамі (“золата” атрымалі 7 чалавек, “серабро” — 15 чалавек, “бронзу” — 36).
Найбольш вынікова беларускія навучэнцы выступаюць на алімпіядах па хіміі і фізіцы. Напрыклад, медалі найвышэйшай пробы на працягу чатырох гадоў запар нашы школьнікі прывозяць з Жаўтыкаўскай алімпіяды па фізіцы, на працягу трох гадоў — з Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі.
У мінулым годзе ў Брэсце быў праведзены заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі, Мінска, Ліцэя БДУ, суб’ектаў Расійскай Федэрацыі — усяго 165 удзельнікаў (54 беларускія школьнікі і 111 расійскіх).
Пераможцамі алімпіяды сталі 50 чалавек (34 беларускія і 16 расійскіх школьнікаў). Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 10 беларускіх удзельнікаў, дыпломамі II ступені — 11 беларускіх і 4 расійскія, III ступені — 13 беларускіх і 12 расійскіх удзельнікаў. Абсалютнай пераможцай стала навучэнка 11 класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 Соф’я Аляксеенка. У камандным заліку максімум балаў набралі навучэнцы каманды Віцебскай вобласці, 2-е каманднае месца падзялілі навучэнцы Мінска і Гомельскай вобласці, 3-е месца — каманды Магілёўскай, Мінскай абласцей і Брэста.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА