Ірына Кажура расказала пра дапамогу ў крызісных станах і аказанне метадычнай падтрымкі школьным псіхолагам

- 16:34Образование, Приложение, Психолог в школе

Самая вялікая ілюзія, якая ёсць у дзяцей, — дараваць бацькам любыя памылкі і верыць іх словам, што такога больш не паўторыцца: што б яны ні зрабілі, ім прабачаюць усё. Але безадказнасць у выхаванні бясследна не праходзіць ні для дзетак, ні для бацькоў.

Пра дапамогу ў крызісных станах, аказанне метадычнай падтрымкі школьным псіхолагам і ўзаемадзеянне сям’і і ўстановы адукацыі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар Гродзенскага абласнога сацыяльна-­педагагічнага цэнтра Ірына Кажура.

— Ірына Львоўна, як у вобласці наладжана сістэма работы па абароне дзяцей? На чым робіце акцэнт?

— Сёння ў Гродзенскай вобласці створаны дакладны і эфектыўны механізм абаро­ны правоў дзяцей. У нас рэалізуюцца мерапрыемствы па папярэджанні сямейнага недаб­рабыту і захаванні бяспекі дзяцей, ажыццяўляецца кантроль за становішчам непаўналетніх у нядобранадзейных сем’ях. Безумоўна, вялікая ўвага ўдзя­ляецца прафілактыцы правапарушэнняў, прымаюцца ме­ры па рэалізацыі права дзяцей і падлеткаў на своечасовае атрыманне псіхалагічнай дапамогі. Усе гэтыя мерапрыемствы, у першую чаргу, арыентаваны на дзіця і яго сям’ю.

Пытанні рэалізацыі базавых правоў на пражыванне малога ў сям’і, дастойны ўзровень жыцця, абарону ад жорсткага абыходжання і гвалту з’яўляюцца для нас прыярытэтнымі. Калі працуем з педагогамі, педагогамі-псіхолагамі, заўсёды нагадваем, што дзіця павінна быць сярод першых, хто варты дапамогі і абароны, яно мае права на любоў і разуменне з боку родных і блізкіх, настаўнікаў і выхавальнікаў, а таксама з боку дзяржавы, калі не можа атрымаць гэтага ад сваёй сям’і.

У кожным раёне вобласці функцыянуюць сацыяльна-педагагічныя цэнтры. За мінулы год прафесійная псіхолага-педагагічная дапамога спецыя­лістамі цэнтраў была аказана больш чым 12 000 дзяцей і больш чым 14 000 бацькоў.

Калі гаварыць аб формах і метадах работы абласнога СПЦ, мы імкнёмся да таго, каб адысці ад тэорыі і больш увагі ўдзяляць адпрацоўцы ў педагогаў практычных навыкаў вырашэння канкрэтных праблем. Таму ўсе мерапрыемствы, якія арганізоўваюць спецыялісты абласнога цэнтра, маюць практыка-арыентаваны характар.

Задача нашай установы — адпрацоўка практычных навыкаў па аказанні дапамогі сям’і і дзіцяці ў канкрэтнай сітуацыі. Вопыт мінулых гадоў паказвае, што добра зарэкамендавалі сябе такія формы работы, як правядзенне інструктыўна-метадычных выхадаў, аказанне кансультацыйнай дапамогі, абмен вопытам работы. Акрамя таго, мы арганізоўваем работу па прафілактыцы прафесійнага выгарання педагогаў, аказваем падтрымку маладым спецыяліс­там. Для гэтага падпісалі дагавор аб супрацоўніц­тве з факультэтам псіхалогіі Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, з абласным інстытутам развіцця адукацыі, які забяспечвае навукова-метадычнае суправа­джэнне дзейнасці педагогаўпсіхолагаў і сацыяльных педагогаў, а таксама павышэнне іх кваліфікацыі.

Асноўная задача цэнтра — дапамога дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Працуючы з сем’ямі, мы спрабуем пабудаваць дыялог з кожным з бацькоў, дапамагаем ім перажыць тыя складаныя сітуацыі, у якіх яны апынуліся. Здараецца так, што бацькі знаходзяцца ў стадыі разводу, дзе­ляць дзіця, маёмасць, высвятля­юць адносіны. Усё гэта вельмі негатыўна ўплывае на псіхіку малога. Або дзіця трапіла ў не вельмі добрую кампанію, пасля чаго ў яго пачаліся некаторыя паво­дзінскія адхіленні. Ва ўсіх апісаных сітуацыях спецыялісты нашага цэнтра павінны дапамагаць.

Мы радуемся, калі дзеці вяртаюцца ў сям’ю або калі бацькоў аднаўляюць у іх правах. Тым не менш ёсць і такія выпадкі, калі дарослыя не робяць ніякіх вывадаў, а сітуацыя, у якой знаходзяцца дзеці, пагаршаецца. У такім выпадку малых адбіраем з сем’яў. Самае складанае — растлума­чыць дзіцяці, чаму сёння за ім не прыйдзе мама і яно не пойдзе дадому.

— З якімі праблемамі да спецыялістаў цэнтра часцей за ўсё звяртаюцца дзеці і іх баць­кі?

— Найбольш частая прычына зваротаў — складаныя ўзаемаадносіны паміж дзецьмі і бацькамі, аднагодкамі, праб­лемы няшчаснага кахання, парушэнні ў псіхаэмацыянальным стане дзяцей і падлеткаў і інш. У апошнія гады абвастрылася праблема крызісных станаў непаўналетніх. Працуючы з дзецьмі, мы павінны навучыць іх распазнаваць свой  эмацыянальны стан, раска­заць пра навыкі самарэгуляцыі, стратэгіі эфектыўнага выхаду са складаных жыццёвых сітуацый. Дзеці павінны ўмець (калі ўзнікне такая неабход­насць) звярнуцца па дапамогу і ведаць, дзе яны могуць яе атрымаць.

Што тычыцца бацькоў, яны павінны трансліраваць веды аб эфектыўным узаемадзеян­ні з дзецьмі, выкарыстанні альтэрнатыўных метадаў выхавання, якія дазваляюць наладзіць даверлівы кантакт з дзіцем і пры гэтым захаваць бацькоўскі аўтарытэт. Толькі ў гэтым выпадку дзіця заўсёды зможа звярнуцца па дапамогу да сваіх бацькоў, спытаць парады і прыслухацца да таго, што гаворыць дарослы. У адваротным выпадку дзіця можа пайсці па параду да аднагодкаў, якія з-за адсутнасці жыццёвага вопыту, уласных негатыўных сацыяльных установак не заўсёды дапамогуць знайсці правільны выхад са складанай сітуацыі.

У апошнія гады абвастры­лася праблема гвалту ў дачыненні да непаўналетніх (фізічны, псіхалагічны гвалт, булінг). У сувязі з гэтым у вобласці арганізавана інфарма­цыйна-растлумачальная прафілактычная работа, якая накіравана на недапушчэнне насілля ў адносінах да непаўналетніх. Калі гаварыць пра дапамогу школьных псіхолагаў, то, на жаль, не ўсе яны ведаюць, як працаваць з дзецьмі ў цяжкіх крызісных станах.

Сёння часта прасочваюцца занятасць і эмацыянальная халоднасць бацькоў, канфліктныя ўзаемаадносіны ў сям’і, раз’яднанасць. Дзеці ў такой сітуацыі адчуваюць пачуццё адзіноты. Пагаршае сітуацыю і адсутнасць сяброў з ліку аднагодкаў. Знаходжанне ў інтэрнэце не заўсёды замяняе жывыя зносіны. Калі з’яўляюцца нават нязначныя цяжкасці, дзеці не бачаць выхаду з сітуацыі, якая склалася. Ім складана звярнуцца па дапамогу нават да самых блізкіх людзей.

Дарослым трэба помніць, што, нават калі ў дзіцяці з’явіліся думкі аб тым, што яно не хоча жыць, у большасці выпадкаў яно не мае намеру пайсці з жыцця. Такім чынам яно спрабуе звярнуць на сябе ўвагу. У такой сітуацыі вельмі важна своечасова ўбачыць і падтрымаць малога. Дарэчы, у рабоце па прафілактыцы гвалту і папярэджанні крызісных станаў непаўналетніх павінен быць задзейнічаны ўвесь калектыў установы адукацыі, а не толькі псіхолаг і класны кіраўнік.

— На аснове чаго адбываецца метадычная падтрымка школьных педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў?

— Калі разглядаць тэму гвалту, то мы праводзім работу па тым, як выявіць дзяцей-­ахвяр на першапачатковым этапе, расказваем пра прыметы і асаблівасці паводзін такіх непаўналетніх. Безумоўна, вучэбны складнік таксама прысутнічае і мае ключавое значэнне ў вырашэнні праблемы насілля. Практычныя заняткі прысвечаны прымяненню методык, якія могуць выкарыстоўваць у сваёй рабоце педагогі-псіхолагі. Асаблівую ўвагу ўдзяляем правільнаму падбору і выкарыстанню дыягнастычнага інструментарыю па выяўленні дзяцей, якія пацярпелі ў выніку гвалту.

Спецыялісты абласнога СПЦ распрацавалі і накіравалі для выкарыстання парадак комплекснага сацыяльна-педагагічнага і псіхалагічнага супра­ваджэння непаўналетніх, якія пацярпелі ад сексуальнага гвалту, рэкамендацыі для ўстаноў адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання непаўналетніх па пытаннях палавой асветы і развіцця навыкаў самазахавальных паво­дзін, а таксама выяўлення прымет гвалту ў дачыненні да выхаванцаў і навучэнцаў з улікам спецыфікі работы ўстаноў адукацыі.

— Што робіце і які інструментарый прымяняеце, каб вызначыць тыя праблемы, у якіх школьныя псіхолагі не заўсёды кампетэнтныя?

— Вызначыць праблемы ў дзейнасці школьных педагогаў-псіхолагаў дапамагаюць даныя, якія атрымліваем у выніку інструктыўна-метадычных выхадаў ва ўстановы адукацыі. Акрамя гэтага, вызначыць слабыя бакі ў рабоце школьных спецыялістаў дапамагаюць іх запыты, калі яны звяртаюцца па кансультацыю. Таксама недахопы ў рабоце школьнай псіхалагічнай службы дапамагае вызна­чыць выбарачны аналіз якасці аказання комплекснай сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад гвалту.

Педагогі-псіхолагі абласнога СПЦ двойчы ў год право­дзяць дыягностыку выхаванцаў дзіцячых дамоў вобласці па вызначэнні іх актуальнага псіхаэмацыянальнага стану. Дыягностыка дапамагае выявіць дзяцей, якія раней з прычыны сямейнага недабрабыту пражывалі ў неспрыяльных умовах, для таго каб арганізаваць неабходную карэкцыйную работу.

Забяспечваецца аказанне псіхалагічнай дапамогі дзецям — ахвярам гвалту ў выпадку звароту законных прадстаўнікоў, праводзіцца кансультаванне педагогаў-псіхолагаў па суправа­джэнні такіх дзяцей ва ўстанове адукацыі.

— Год назад у вас пачаў працаваць рэсурсны цэнтр. Якую дапамогу ў ім могуць атры­маць педагогі-псіхолагі?

— Так, у маі мінулага года ў абласным СПЦ быў адкрыты абласны рэсурсны цэнтр Гро­дзенскай вобласці па тэме “Метадычная падтрымка дзейнасці педагагічных работнікаў па выяўленні і прафілактыцы гвалту ў дачыненні да непаўналетніх”. На сайце ўстановы створана электронная старонка рэсурснага цэнтра, дзе размешчаны інфармацыйныя матэрыялы аб відах гвалту, яго прычынах, праяўленнях. Там жа прадстаўлены метадычныя матэрыялы для выкарыстання ў рабоце педагогамі-псіхолагамі пры выяўленні гвалту і аказанні дапамогі дзецям — ахвярам гвалту.

Наталля САХНО
Фота аўтара