Пасля наведвання цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Глыбоцкага раёна стала зразумела: выхоўваць з юнакоў сапраўдных мужчын можна і трэба са школы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Капітан унутранай службы Іван Іванавіч Абрамчык, загадчык цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Глыбоцкага раёна, больш за 40 гадоў выкладае вучням ваенную справу: праводзіць трэніроўкі па страявой, агнявой, тактычнай, тапаграфічнай падрыхтоўцы і іншых аспектах ваеннай справы. Ён упэўнены, што кожны мужчына павінен умець пастаяць за сваю сям’ю і Айчыну.
— Гэта прафесіянал, прынцыповы, адказны чалавек, таленавіты настаўнік, улюбёны ў свой вучэбны прадмет, які ўмее захапіць ім вучняў. Справа, парадак, адказнасць — прафесійныя прынцыпы Івана Іванавіча. Яго паважаюць усе, хто калі-небудзь перасякаўся з ім, — падкрэслівае дырэктар сярэдняй школы № 1 імя П.В.Сухога Іна Савуліч.
Пасля заканчэння Віцебскага тэхнікума фізічнай культуры Іван Абрамчык працаваў настаўнікам фізвыхавання ў Слабадской сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна. Загартоўка спартсмена-плыўца спатрэбілася яму для паспяховай службы ў спецыяльным падраздзяленні ўнутраных войскаў. Выдатная рэакцыя і ўменне хутка канцэнтравацца дазволілі стаць меткім снайперам, паспяхова займацца страявой падрыхтоўкай, прымаць удзел у парадах.
Пасля службы працаваў трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Іодскай сярэдняй школе Шаркаўшчынскага раёна, дзе адкрыў для сябе асаблівую ролю настаўніка — дапамагчы дзіцяці ўбачыць у сабе рэсурс, не здацца пры першых цяжкасцях і давесці пачатае да канца. У 1979 годзе яго запрасілі выкладаць пачатковую ваенную падрыхтоўку ў глыбоцкай сярэдняй школе № 1. Па словах Івана Іванавіча, ваенная служба і педагогіка, здавалася б, зусім розныя сферы, але аднолькава важныя. З дзяцінства ён захапляўся гісторыяй, за што ўдзячны настаўніку Падорскай школы Шаркаўшчынскага раёна Францу Георгіевічу Курыловічу. Скончыў гістарычны факультэт МДПІ.
Сказаў — зрабіў!
Іван Абрамчык узначальвае цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі Глыбоцкага раёна з 2000 года, тут займаюцца 363 навучэнцы. Пры падтрымцы Міністэрства абароны, Міністэрства адукацыі і Глыбоцкага райвыканкама ў цэнтры створана выдатная матэрыяльная база, што спрыяе якаснаму правядзенню заняткаў.
— Бяром практыка-арыентаваны падыход, дадаём да яго асабісты прыклад і гатоўнасць разам з вучнямі маршыраваць, страляць, бегаць і, калі хочаце, акопы капаць, — расказвае Іван Іванавіч. — Дзяцей папярэджваю: на чатыры вучэбныя гадзіны яны становяцца вайскоўцамі. У гэты час у іх не клас і не група, а ўзвод, які жыве па статуце.
На ўроку педагога няма дробязей — тут усё галоўнае. Засвойваюць падлеткі і залатое правіла свайго настаўніка: сказаў — зрабіў! Яго вучні дысцыплінаваныя і адказныя.
— Толькі засваення вучэбнай праграмы па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы недастаткова, — адзначае Іван Іванавіч Абрамчык, дарэчы, суаўтар падручніка па гэтым вучэбным прадмеце. — У прыярытэце — выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.
Шматгадовая праца Івана Іванавіча адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі і падзякамі, але галоўная яго ўзнагарода — любоў, павага і ўдзячнасць вучняў.
Работа цэнтра ўключае цэлы комплекс задач. Вырашаюць іх разам з класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі-прадметнікамі, бацькамі, актыўна ўзаемадзейнічаюць з Глыбоцкім РАА, раённым ваенкаматам, РАУС, вайсковымі часцямі. Цеснае супрацоўніцтва наладжана з агульнавайсковым факультэтам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, вайсковай часцю 22313 (артылерыйская брыгада), якая знаходзіцца ў Лепельскім раёне, з іншымі часцямі, на базе якіх праводзяцца вучэбна-палявыя зборы.
— Вывучаем тэхніку, спецсродкі, глядзім, як жывуць салдаты і курсанты. Мы выконваем практыкаванне па стральбе баявымі патронамі з аўтаматаў, вучымся аказваць медыцынскую дапамогу, — расказваюць старшакласнікі. — Заўсёды з нецярпеннем чакаем вучэбна-палявых збораў. Тут усё амаль як у арміі. Стараемся набыць патрэбныя навыкі і паказаць добры вынік.
Заўсёды першыя
Якасць працы настаўніка — у высокіх выніках добрасумленных і арганізаваных вучняў, што асабліва відаць падчас спаборніцтваў. У 2023 годзе навучэнцы занялі 1-е месца на рэспубліканскім этапе гульні “Арляня”. Паспяховым было выступленне на абласных спаборніцтвах па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі — 1-е месца. Гэтыя спаборніцтвы праводзяцца на працягу 13 гадоў і сталі, мабыць, самымі папулярнымі сярод навучэнскай моладзі. Калі ў першы год у іх удзельнічалі толькі 6 каманд, то сёлета ўжо 19. І што характэрна, выхаванцы цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Глыбоцкага раёна кожны год у гэтых спаборніцтвах першыя.
— У абласных спаборніцтвах па кулявой стральбе на прызы ДТСААФ удзельнічаем ужо 13 гадоў, — працягвае Іван Абрамчык. — Двойчы былі другімі, адзін раз — трэцімі, у астатнія гады займалі толькі 1-я месцы. У гэтым годзе наша каманда зноў заняла 1-е месца.
Сфарміраваны ў 2019 годзе ўзвод Ганаровай варты — гордасць раёна. Гэтае падраздзяленне стваралася для таго, каб далучыць навучэнцаў да воінскіх традыцый і этыкету, даць добры старт у будучыню. Іх выпраўка, загартоўка і дысцыплінаванасць застаюцца ўзорнымі на доўгія гады.
Страявой падрыхтоўкай удзельнікаў узвода Ганаровай варты педагог займаецца асабіста. Спачатку трэніраваліся 16 юнакоў, а з 2020 года — 36. Пра тое, як цяжка часам бывае, колькі сіл, цярпення і намаганняў патрабуецца для дасягнення выніку, хлопцы сціпла ўмаўчалі, бо яны заўсёды павінны заставацца бездакорнымі. Іван Іванавіч адзначае:
— Рыхтуем прызыўнікоў, але ў першую чаргу моцных духам мужчын, якія ўмеюць супрацьстаяць цяжкасцям. Выхоўваем любоў да Айчыны, павагу да яе законаў і традыцый.
Многім пакаленням выпускнікоў настаўнік даў добрыя базавыя веды па ваеннай падрыхтоўцы, навучыў іх самастойнасці, дысцыпліне, адказнасці. Пасля школы яны выходзяць падрыхтаванымі прызыўнікамі, без страху і сумненняў ідуць у армію. Многія вырашаюць звязаць сваё жыццё з прафесіяй ваеннага і паступаюць у профільныя УВА. Дарэчы, некаторыя дзяўчаты па жаданні вывучаюць дапрызыўную падрыхтоўку і потым паступаюць на ваенныя факультэты.
Пра музыку і кветкі
Пасля знаёмства з Іванам Іванавічам склалася ўражанне, што гэта педагог не толькі з рознабаковым прафесійным вопытам, але і з багатым унутраным светам. Нячаста можна сустрэць настолькі захопленага чалавека, тым больш у пагонах, які так любіў бы кветкі. У кабінеце загадчыка цэнтра цвітуць бягоніі, якія ён беражліва даглядае. Па словах Івана Іванавіча, гэтая цяга ў яго ад дачкі Таццяны, якая з дзяцінства захаплялася біялогіяй. А яшчэ І.Абрамчык — прыроджаны музыкант, выдатна іграе на баяне. Як ён сам лічыць, дар у яго ад дзеда Кірыла Трафімавіча, які адмыслова іграў на цымбалах, ды яшчэ і сам гэтаму навучыўся. Таксама мой суразмоўнік вельмі любіць спяваць і з’яўляецца салістам народнага камернага хору Глыбоцкага гарадскога дома культуры.
Сямейная пара Абрамчыкаў — педагагічны дуэт. Сустрэў свой лёс Іван Іванавіч у той жа школе, дзе працуе цяпер. Жонка Святлана Сцяпанаўна выкладала фізіку і астраномію, з нядаўняга часу — на заслужаным адпачынку. Дзяцей яны таксама выхавалі годна. Сын Аляксандр — начальнік Глыбоцкага міжраённага аддзела дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, падпалкоўнік юстыцыі. Дачка Таццяна — настаўніца біялогіі Глыбоцкай раённай гімназіі. Гэта сям’я аднадумцаў, яны падзяляюць погляды адно аднаго і аб’яднаны сапраўднымі каштоўнасцямі, адна з якіх — любоў да роднага краю.
— Кожнае маладое пакаленне не падобнае на папярэдняе, у кожнага свае прыярытэты. І я вельмі шчаслівы ад таго, што мне выпала ўнікальная магчымасць уносіць свой уклад у выхаванне моладзі, вучыць яе любіць і берагчы нашу Радзіму, — прызнаецца Іван Абрамчык.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота Алега ІГНАТОВІЧА