Кітай і ЗША падпісалі камерцыйныя пагадненні на агульную суму $9 млрд у час першага дня дзяржаўнага візіту Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў КНР, паведамляе ТАСС са спасылкай на Цэнтральнае тэлебачанне Кітая.
Было заключана 19 пагадненняў у сферы авіяцыі, біянавукі, высокатэхналагічнай вытворчасці і іншых галінах. Цырымонія падпісання прайшла ў Доме народных сходаў у цэнтры Пекіна ў прысутнасці віцэ-прэм’ера КНР Ван Яна і міністра гандлю ЗША Уілбура Роса. Адной са здзелак стала пагадненне аб закупцы кітайскім гігантам інтэрнэт-гандлю JD.com амерыканскіх харчовых тавараў на $2 млрд.
Амерыканскага лідара Дональда Трампа, які прыбыў з дзяржаўным візітам у Кітай, суправаджаюць прадстаўнікі 30 буйных карпарацый.
Цэнтральнае тэлебачанне Кітая таксама паведаміла, што Прэзідэнт ЗША і яго жонка Меланья Трамп адразу пасля свайго прылёту ў Пекін адправіліся разам са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і Пэн Ліюань на прагулку па музейным комплексе “Гугун”. Там яны агледзелі тры найважнейшыя павільёны архітэктурнага ансамбля: Тайхэдзянь (з кітайскай мовы “Зала вярхоўнай гармоніі”), Чжунхэдзянь (“Зала сярэдняй гармоніі”) і Баахэдзянь (“Зала захавання гармоніі”). Пасля прагулкі дзве пары прайшлі ў нядаўна адкрыты пасля рэстаўрацыі павільён Бааюньлоу, які раней служыў імператарскай скарбніцай.
Дональд Трамп у час прагулкі са старшынёй КНР прадэманстраваў на планшэце відэа, дзе яго шасцігадовая ўнучка Арабэла спявае песню і чытае вершы на кітайскай мове. Арабэла прачытала на памяць фрагмент з кнігі “Саньцзыцзін”. У гэтым творы, напісаным пры дынастыі Паўднёвая Сун (1127—1279), выкладаюцца ўяўленні аб светабудове і змяшчаюцца маральныя настаўленні. Сі Цзіньпін адзначыў прагрэс дачкі Іванкі Трамп і Джарэда Кушнера ў авалоданні кітайскай мовай, дадаўшы, што ў Кітаі ўнучка Трампа ўжо стала “маленькай зоркай”. Ён таксама выказаў надзею, што ў Арабэлы будзе магчымасць наведаць Паднябесную.
Як паведамляюць інфармагенцтвы, ключавымі тэмамі перагавораў Дональда Трампа з Сі Цзіньпінам сталі ядзерная праблема Карэйскага паўвострава і пытанні двухбаковага гандлю.
Сі Цзіньпін у час перагавораў адзначыў, што паспяховае ўзаемадзеянне паміж Кітаем і ЗША павінна абапірацца перш за ўсё на кааперацыю — гэта адзіны правільны выбар пры ўзаемадзеянні дзвюх краін.
“Я лічу, што кааперацыя — залог паспяховага амерыкана-кітайскага супрацоўніцтва. Гэта адзіны правільны выбар”, — падкрэсліў кітайскі лідар у час гутаркі з Трампам у Доме народных сходаў.
На сумеснай прэс-канферэнцыі па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам Старшыня КНР Сі Цзіньпін заявіў, што ён са сваім амерыканскім калегам пацвердзілі цвёрдую прыхільнасць дасягненню дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава і вырашэнню ядзернай праблемы шляхам дыялогу і перамоў.
“Што да ядзернай праблемы Карэйскага паўвострава, то мы пацвердзілі цвёрдую прыхільнасць дасягненню дэнуклеарызацыі паўвострава і падтрыманню міжнароднага рэжыму нераспаўсюджвання ядзернай зброі”, — сказаў Сі Цзіньпін.
“Бакі працягваюць усёабдымна і строга выконваць рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН”, — сказаў ён журналістам. Сі Цзіньпін таксама адзначыў гатоўнасць працаваць з рознымі зацікаўленымі бакамі, каб вывучыць шляхі дасягнення трывалага міру і парадку ў Паўночна-Усходняй Азіі.