Каардынацыя работы па правядзенні Года навукі ўскладзена на Стратэгічны савет

- 9:58Інфармацыйная гадзіна

Стратэгічны савет па правядзенні Года навукі ў 2017 годзе створаны ў Беларусі. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні Прэзідыума НАН, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.

Зацверджаны персанальны склад савета і палажэнне аб Стратэгічным савеце. У яго ўвайшлі кіраўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, навуковых і іншых арганізацый, устаноў адукацыі, вядучыя вучоныя Беларусі з розных галін. Для вырашэння аператыўных пытанняў у структуры Стратэгічнага савета ўтвараецца бюро, у склад якога ўваходзяць старшыня, намеснікі старшыні і сакратар Стратэгічнага савета. Старшынёй Стратэгічнага савета па правядзенні ў 2017 годзе Года навукі зацверджаны старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, намеснікамі старшыні — міністр адукацыі Ігар Карпенка і старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.

Асноўныя задачы савета нараўне з каардынуючай функцыяй будуць сканцэнтраваны на выпрацоўцы рашэнняў, дзеянняў, накіраваных на эфектыўную рэалізацыю плана мерапрыемстваў па правядзенні ў 2017-м Года навукі, мер па павышэнні эфектыўнасці і далейшым развіцці навуковай і інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі, умацаванні ўзаемадзеяння навукі з галінамі эканомікі, сацыяльнай сферай у мэтах забеспячэння ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны.

Савет будзе выпрацоўваць рэкамендацыі для міністэрстваў і ведамстваў па павышэнні эфектыўнасці мер, накіраваных на забеспячэнне пашырэння ўкладу навукі ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, у тым ліку на перспектыву. Таксама рэкамендацыі будуць датычыцца прапрацоўкі фарсайтаў навукова-тэхналагічнага развіцця Беларусі да 2030 года, аналізу, ацэнкі вынікаў і інш.