Каардынацыйная камісія ЕАК азнаёмілася з ходам падрыхтоўкі да спаборніцтваў

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Першы афіцыйны візіт Каардынацыйнай камісіі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) па падрыхтоўцы да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года праходзіць у Мінску, паведамілі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

У НАК Беларусі адбыліся рабочыя нарады. Візіт завершыцца 23 верасня. Каардынацыйную камісію ЕАК узначальвае старшыня НАК Грэцыі Спірас Капралас. 21 верасня ў Нацыянальным алімпійскім камітэце адбылося сумеснае пасяджэнне Каардынацыйнай камісіі ЕАК з прадстаўнікамі рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта і фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года”. З беларускага боку прынялі ўдзел міністр спорту і турызму, намеснік старшыні рэспубліканскага аргкамітэта, член праўлення дырэкцыі Аляксандр Шамко, старшыня Мінскага гарвыканкама старшыня праўлення дырэкцыі Андрэй Шорац, першы віцэ-прэзідэнт НАК член праўлення дырэкцыі Андрэй Асташэвіч, дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” генеральны сакратар НАК Георгій Катулін. Таксама госці наведалі шматфункцыянальны культурна-спартыўны комплекс “Мінск-Арэна”, спартыўна-забаўляльны комплекс Falcon Сlub, якія будуць задзейнічаны ў час Еўрагульняў у 2019 годзе.

У маі бягучага года каардынацыйная камісія наведвала некалькі спартыўных аб’ектаў з інспекцыйным візітам. У першую чаргу гасцей цікавіла Студэнцкая вёска (уздоўж вуліцы Чурлёніса паміж праспектам Дзяржынскага і Каралінскім праездам), ход рэканструкцыі стадыёна “Дынама”, Палац спорту, Palova Arena, Футбольны манеж, дзе плануецца арганізаваць прэс-цэнтр Еўрагульняў.

Нагадаем, II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў 15 відах спорту. Атлеты разыграюць 189 камплектаў узнагарод у 23 спартыўных дысцыплінах.