Каб алімпіядная хвароба перадавалася

- 11:48Педагагічная майстэрня

Праблема пошуку, развіцця і выхавання таленавітых дзяцей — адна з самых актуальных на сённяшні дзень. Працаваць з такімі дзецьмі — адно задавальненне. Неабходна толькі накіраваць іх у рэчышча пад назвай Творчасць. І не важна, ці будуць яны займацца даследчай дзейнасцю, бліснуць інтэлектуальнымі здольнасцямі на алімпіядзе, пакажуць сваё майстэрства на пазакласных мерапрыемствах — яны абавязкова накіруюць вас у вірлівыя воды сваёй творчасці.

Усялякае пазнанне пачынаецца з цікаўнасці. Разумны адказ на адно пытанне выклікае дзясятак новых, і дзіця атрымлівае новую інфармацыю, нават не падазраючы аб тым, што яно пачало вучыцца. І калі такія дапытлівыя вучні-зорачкі ёсць — будзьце гатовы працаваць з імі няспынна і нястомна, пастаянна вышукваць новую інфармацыю, заданні творчага нестандартнага характару.

Падрыхтоўка да алімпіяд — гэта штодзённая карпатлівая праца настаўніка, і сістэма такой работы ў кожнага свая. У сваёй практыцы я пачынаю з сябе, аналізую вучэбна-метадычную і спецыяльную літаратуру, змест заданняў алімпіяды, абагульняю назапашаны вопыт, сістэматызую атрыманыя вынікі. Стварыўшы базу даных, сабраўшы матэрыял па кожным класе, па кожным раздзеле, пераключаюся на галоўнае — вучня.

Якія ж этапы трэба прайсці, каб выявіць адоранасць вучня?

Першы этап — пошук, назіранне за вучнем. На гэтым этапе праводзяцца спецыяльныя праверачныя работы, тэсты, гульні. Вельмі важна яшчэ на раннім этапе выявіць дзяцей з арыгінальным мысленнем. Дарэчы, выдатнікі далёка не заўсёды творчыя асобы, таму трэба актыўна працаваць з “сярэднімі” вучнямі, асабліва ў сельскай школе.

І тут самае небяспечнае, калі вучань, які раней выконвае заданне, застанецца адзін, два, тры разы без працы. У яго хутка пачне знікаць цікавасць, ён будзе задавальняцца тым, што можа на ўроку расслабіцца, адпачыць, заняцца нечым сваім. Таму на кожным уроку стараюся не выпускаць з поля зроку больш моц­ных вучняў. Для іх назапашаны рэзервовы матэрыял (заданні павышанай цяжкасці, алімпіядныя заданні па тэме). На занятках выкарыстоўваюцца тыя ж заданні, што і раней, але яны ўскладняюцца, што дазваляе падтрымліваць цікавасць падчас усёй працы.

Другі этап — станаўленне — праца на факультатыўных занятках, індывідуальная работа, бо, па-першае, узровень ведаў у вучняў розны, па-другое, успрыманне матэрыялу неаднолькавае, па-трэцяе, дзеці маюць розны творчы патэнцыял. Неабходна адзначыць, што з талентамі складана, бо яны нестандартныя. Таму я і выпрацавала для сябе правілы ўзаемаадносін з адоранымі дзецьмі:

  • не перашкаджаць ім быць рознымі;
  • ніколі не прыніжаць дзіця;
  • пачынаць заўсёды з пахвалы;
  • што б ні здарылася, умацоўваць веру дзіцяці ў перамогу;
  • арыентавацца на канчатковы (высокі) вынік.

Трэці этап — раскрыццё творчага патэнцыялу. Праца з 1—3 вучнямі па ўскладненай праграме, якая складаецца на матэрыяле энцыклапедычных даведнікаў, розных дапаможнікаў, алімпіядных заданняў, слоўнікаў. Падбіраюцца заданні, разлічаныя на тое, каб не проста даць адказ, а шляхам назірання, даследавання, разважання прыйсці да правільнага рашэння.

На гэтым этапе патрэбна быць асцярожным з нагрузкай, каб не адбіць ахвоту ў вучня, калі заданні будуць не па сілах. Павінен быць і абавязковы кантроль, які дапамагае настаўніку праверыць веды дзяцей, спланаваць работу на наступны перыяд, садзейнічае актывізацыі мыслення вучняў і выхоўвае ў іх адказнасць.

Зацікавіўшыся нестандартнымі заданнямі, адчуўшы незвычайнае задавальненне ад сваіх маленькіх адкрыццяў, вучні ўцягваюцца ў работу, удзельнічаюць у розных алімпіядах і конкурсах.

Толькі калі будзе ўзаемаразуменне, калі вучань поўнасцю паверыць настаўніку і свой вольны час прысвеціць прадмету, тады можна дасягнуць вынікаў, патэнцыялам якіх валодае сам настаўнік. Увогуле, як кажуць дзеці, алімпіяднасць — гэта хвароба. Ад яе вылечыцца немагчыма, з ёй трэба жыць. А каб гэтая хвароба перадавалася, мы, дарослыя, “павінны быць для дзіцяці і ўрадлівай глебай, і вільгаццю, якая жывіць, і цёплым сонейкам, якое сагравае кветку дзіцячай душы. Менавіта тады раскрыюцца ўнікальныя здольнасці, што дадзены кожнаму дзіцяці ад нараджэння”.

Адной з найбольш распаўсю­джаных форм работы з адоранымі вучнямі з’яўляецца алімпіяда. Алімпіяда па прадмеце — гэта натуральны працяг развіцця ведаў, уменняў і навыкаў, якія закладваюцца на ўроку, але пры большай самастойнасці вучняў. Падрыхтоўка да такіх спаборніцтваў — гэта праца круглы год, аднак у апошнія тыдні ўсё распісваецца да дробязей, бо неабходна паўтарыць пройдзенае, сістэматызаваць веды, шмат чаго вывучыць на памяць. Вельмі важна не сапсаваць дзіцяці настрой, каб яно магло сабрацца, псіхалагічна настроіцца.

Алімпіяда ахоплівае ўсе раздзелы школьнага курса. Паколькі гэтыя спаборніцтвы патрабуюць шмат намаганняў, душэўных перажыванняў, працу з дзецьмі трэба наладжваць так, каб не губляць дарэмна час, каб фізічных і псіхалагічных затрат было як мага менш.

Пасля вызначэння ступені магчымасцей вучняў, зацікаўленасці, жадання працаваць варта пазнаёміцца з бацькамі. Іх падтрымка мае вялікае значэнне, бо трэба, каб мамы і таты бачылі поспехі сваіх дзяцей і верылі, што ім гэта патрэбна. Дзеці і бацькі павінны быць саюзнікамі.

Працуючы з адоранымі вучнямі, мне давялося многае пераасэнсаваць у сваёй педагагічнай дзейнасці і прыйсці да наступных мадэлей паводзін:

  • умець ствараць на ўроку цёплую, эмацыянальную атмасферу;
  • прадастаўляць вучням зваротную сувязь;
  • паважаць асобу, спрыяць фарміраванню станоўчай самаацэнкі;
  • выкарыстоўваць розныя стратэгіі навучання.

Поспех у падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды залежыць перш за ўсё ад удумлівай, стараннай творчай працы педагога і вучня на кожным уроку на працягу ўсяго навучання ў школе. Прычым без любові да прадмета на поспех разлічваць ніяк нельга.

Аксана КАЛЯДА,
настаўніца пачатковых класаў Жарабковіцкай сярэдняй школы
Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.