КАНАВАЛЁНАК Таццяна Аляксандраўна,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча Крупак.
У 1998 годзе скончыла БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”, педагагічны стаж — 19 гадоў. Педагагічнае крэда: “Лепш засвойваюцца тыя веды, якія паглынаюцца з апетытам” (А.Франс).
Намінацыя “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”
З’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, начальнікам “Лабараторыі моўнага пагружэння” АРЦІТ “Бярэзіна”, членам абласнога педагагічнага клуба “Флагман”. Аснова прафесійнай дзейнасці — аптымальны набор метадаў, форм і сродкаў навучання, якія прымяняюцца ў практыцы, праз выкарыстанне тэхналогіі “Навучанне ў супрацоўніцтве”.
На думку Т.А.Канавалёнак, сёння навучанне ў школе — гэта гібкі, творчы, цікавы, хаця даволі складаны працэс. Школьная адукацыя нясе адказнасць за развіццё якасцей асобы, якія забяспечваюць магчымасць паспяхова сацыялізавацца. Ужо зараз неабходна стварыць умовы, у якіх магчыма развіццё і ўдасканаленне якасцей і ўменняў ХХІ стагоддзя, якія дапамогуць адаптавацца ў любой дзейнасці.
Паток інфармацыі ў школе перакрываецца патокам, з пункту гледжання дарослых, непатрэбнай інфармацыі па-за школай, якая засмечвае галаву: фільмы, гульні, зносіны ў сетцы і інш. У 11—12 гадоў дзіця ніколі не зможа самастойна разабрацца, што для яго важнае, затое з лёгкасцю заменіць чытанне кнігі перапіскай у сацыяльных сетках.
Але ёсць агульнае паміж чалавекам, які абажае кнігі, і тым, хто чытае прымусова: ім абодвум недастаткова часу на чытанне. У таго, хто любіць чытаць, — тры кнігі пад рукой і яшчэ 10 у найбліжэйшых планах, а хочацца ў два разы больш. У тых, хто чытае без ахвоты, — адна кніга ў катэгорыі “трэба паглядзець”, але часу чамусьці таксама не хапае.
І вось ужо паўстагоддзя не сціхаюць спрэчкі аб тым, як зрабіць чытанне жыццёва важнай справай для дзяцей і падлеткаў і прабудзіць у іх цікавасць да сур’ёзнага чытання.
Працуючы ў звычайнай сярэдняй школе ў класах з навучэнцамі рознага ўзроўню навучальнасці і навучанасці, рознай матывацыі і рознымі ўзроўнямі пазнавальнай актыўнасці, настаўніца прыйшла да высновы аб неабходнасці стварэння базы (асновы) для паўнацэннага чытання і разумення тэкстаў розных жанраў, пачынаючы з 5—6-х класаў з прыцягненнем да гэтай работы настаўнікаў пачатковай школы. Здаровы рацыяналізм і творчае мысленне прывялі Таццяну Аляксандраўну да думкі аб развіцці чытацкіх уменняў навучэнцаў на вучэбных занятках і ў працэсе самастойнай вучэбнай дзейнасці праз выкарыстанне розных форм узаемадзеяння на аснове тэхналогіі “Навучанне ў супрацоўніцтве”.
Аб’яднанне класічных і сучасных, актуальных, звыклых для штодзённай камп’ютарнай практыкі відаў дзейнасці навучэнцаў дазволіла Таццяне Аляксандраўне вывесці ўласную формулу паспяховага чытача: “Удумлівае, аналітычнае чытанне + сучасныя, інтэрактыўныя спосабы = сфарміраваныя чытацкія ўменні”.
Так з’явіўся ўрок-супрацоўніцтва, слоган якога “чым больш даведаюся, тым больш змагу” адлюстроўвае сутнасць дзейнасці, якую праводзіць настаўніца і выконваюць навучэнцы пры пастаянным узаемадзеянні.
Рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння” дазволіла працаваць з сучаснымі, развіццёвымі, інтэрактыўнымі відамі дзейнасці, звыклымі для штодзённай камп’ютарнай практыкі навучэнцаў, і выкарыстоўваць іх у адукацыйных, развіццёвых і выхаваўчых мэтах. У рамках праекта ў практыку ўкаранілі інтэрактыўны праект “Паклічам сяброў у наш клас” (для навучэнцаў 5-х класаў) — стварэнне разам з навучэнцамі новага віртуальнага класа, у які яны самі праводзяць набор віртуальных аднакласнікаў — герояў літаратурных твораў, сваіх равеснікаў — і выбіраюць класнага кіраўніка. Для арганізацыі сумеснай дзейнасці выкарыстоўваецца сацыяльная сетка “УКантакце”, у якой створана група “Наш віртуальны клас”. Для навучэнцаў 6-х класаў распрацаваны адукацыйны сеткавы праект “Незвычайныя прыгоды шасцікласнікаў у… дамашнім Залюстроўі”, прызначаны для выканання дамашніх заданняў ці падрыхтоўкі матэрыялаў для наступнага ўрока ў новым інтэрактыўным фармаце. У рабоце выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці Goоgle дыска: дакументы, табліцы, формы, прэзентацыі і іншыя сэрвісы. У рамках гэтага праекта, працуючы ў групах, навучэнцы падарожнічаюць па літаратурных геаграфічных аб’ектах, кожны з якіх прапаноўвае цікавыя інтэрактыўныя заданні: тэсты, гульні, пазлы, калектыўныя Goоgle-прэзентацыі, віртуальныя карты і інш. Goоgle дазваляе выканаць розныя заданні з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў, а дзеці працягваюць чытаць удумліва, з цікавасцю пагружаюцца ў тэкст, аналізуючы і інтэрпрэтуючы яго.
Паспяховасць работы пацвярджаецца вынікамі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, а таксама вынікамі ўдзелу ў конкурсах даследчага і творчага характару.
Выкарыстанне тэхналогіі “Навучанне ў супрацоўніцтве” дазваляе развіваць у навучэнцаў не толькі чытацкія ўменні, неабходныя для дасягнення вучэбных мэт, але і ўменні, неабходныя для рэалізацыі ў соцыуме: творчы падыход, наватарства, крытычнае мысленне, здольнасць вырашаць праблемы, камунікабельнасць і супрацоўніцтва. У выніку мы атрымліваем гібкага, здольнага да адаптацыі, ініцыятыўнага, самастойнага, з лідарскімі якасцямі, захопленага навучэнца.