У прафесію — з дзяцінства

- 18:01Мінск

АПАНОВІЧ Таццяна Лявонаўна,
выхавальніца ясляў-сада № 24 Маладзечна.

Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 2001 годзе. Першая кваліфікацыйная катэгорыя. Педагагічны стаж — 15 гадоў.

Намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”

Вялікае задавальненне і прывілея займацца кожны дзень тым, што з’яўляецца важным і радасным для тваёй душы. Як усё жывое цягнецца да добрага і светлага, так і нашы дзеці давяраюць і адкрыты тым, хто праяўляе да іх матчын клопат, чые рукі саграваюць іх сваім цяплом. Таццяна Лявонаўна стварае для выхаванцаў атмасферу любові і радасці, напаўняе іх жыццё цікавымі падзеямі, гульнямі, заняткамі.

Педагог упэўнена, што дзяцей неабходна прымаць такімі, якія яны ёсць, верыць у іх магчымасці, патэнцыял развіцця, хваліць, заахвочваць, адабраць і падтрымліваць самыя першыя і яшчэ такія няўпэўненыя пачынанні хлопчыкаў і дзяўчынак.

Галоўны прынцып работы выхавальніка — не нашкодзіць дзіцяці, ісці за яго прыродай. Важна ўзбагачаць уяўленні дашкольнікаў пра навакольны свет, садзейнічаць іх пазнавальнаму развіццю, але не менш важна рашаць задачы выхавання асобы дзіцяці, фарміраваць яго духоўна-маральную сферу для паспяховай сацыялізацыі і эмацыянальнага дабрабыту.

Вялікае значэнне ў выхаваўчай рабоце Таццяна Лявонаўна надае фарміраванню ў дзяцей уяўлення аб працы дарослых, усведамлення яе ролі ў жыцці людзей. Пры гэтым неабавязкова, каб дзеці ведалі назвы вялікай колькасці прафесій, бо, як правіла, цяжка растлумачыць, чаму іх існуе так многа і навошта яны патрэбны. Дашкольнікам неабходна паказаць разнастайнасць прафесій і на аснове гэтых уяўленняў фарміраваць разуменне, што розныя віды працы задавальняюць розныя патрэбы людзей.

Азнаямленне з разнастайнасцю прафесій спрыяе ўзнікненню ў дзяцей пазнавальнай цікавасці, жаданню авалодаць пэўнай прафесіяй у гульні і быць, “як дарослы”. Відавочна, што сённяшні выбар дзіцем прафесіі зусім не азначае, што гэтае жаданне застанецца ў яго на ўсё жыццё. Але важна ўлічыць гэтую цікавасць, якая зарадзілася, у выхаванні асобы дзіцяці, таму што гэта будзе садзейнічаць матывацыі да дзейнасці, будзе ўплываць на ўсвядомленыя адносіны дзіцяці да авалодання працоўнымі ўменнямі. Толькі так азнаямленне з рознымі прафесіямі становіцца сродкам выхавання.

Разам з тым ва ўмовах дашкольнай установы ёсць свае складанасці ў фарміраванні ў выхаванцаў уяўленняў аб працы дарослых: абмежаваны магчымасці назірання за прафесійнай дзейнасцю людзей на прамысловасці, у сельскай гаспадарцы і іншых сферах дзейнасці. Рэчаіснасць патрабуе прыцягнення дадактовых рэсурсаў для знаёмства дзяцей са светам прафесій, вызначэння ўмовы найбольш дзейснага ўплыву працы дарослых на фарміраванне вобразных уяўленняў пра яе ў выхаванцаў.

У супрацоўніцтве з Маладзечанскім дзяржаўным каледжам былі арганізаваны тыдні прафесійнага майстэрства. Дзеці на свае вочы маглі ўбачыць інструменты, неабходныя для выканання работы, паназіраць за дзеяннямі людзей розных прафесій, а таксама асвойвалі ўмоўна-практычныя (гульнявыя) уменні ў будаўнічых прафесіях (муляр, маляр, сталяр, сантэхнік); у прафесіях лёгкай прамысловасці (швачка, мадэльер, манекеншчыца); у сферы бытавога абслугоўвання (цырульнік, візажыст, майстар па манікюры); у харчовай прамысловасці (кухар, кандытар, афіцыянт, бармен).

Адным з яркіх і запамінальных для выхаванцаў стаў Дзень сталяра. Старэйшыя дашкольнікі актыўна ўдзельнічалі ў рабоце з дрэвам, вучыліся карыстацца малатком, дапамагалі навучэнцам каледжа ў вырабе арэлей для лялек. У рамках Тыдня прафесій харчовай прамысловасці старэйшыя дашкольнікі навучыліся гатаваць з садавіны карысны вітамінны салат, практыкаваліся ў дэкаратыўным афармленні “Сонечнага кураняці” з адварной агародніны, “Забаўнага вожыка” на шпажках, гатавалі “Вясёлы бутэрброд” з крэкера і каўбасы, праводзілі чайную цырымонію і г.д. Дзеці ўбачылі, у што апрануты кухар і афіцыянт, паназіралі за гатаваннем ежы і сервіроўкай стала, асабліва спадабаўся ім вынік працы.

Цікава прайшло знаёмства дзяцей і з прафесіямі лёгкай прамысловасці. Так, знаёмячыся з прафесіяй швачкі, дашкольнікі з задавальненнем разглядалі ўзоры тканін, адгадвалі загадкі, выраблялі для сваіх папяровых лялек адзенне (падбіралі тканіны па колеравай гаме і таўшчыні).

Закрыццё кожнага Тыдня прафесійнага майстэрства праходзіла ў цёплай і сяброўскай атмасферы. Сумеснымі намаганнямі былі падрыхтаваны розныя выніковыя мерапрыемствы: міні-квест па будаўнічых прафесіях, канцэртная праграма, выстава малюнкаў “Кім я стану, калі вырасту”. Навучэнцы каледжа прадставілі дзецям свае прафесіі, а атрыманыя ў падарунак малюнкі абяцалі размясціць на выставачным стэндзе ўстановы. Кожны дашкольнік у канцы навучальнага года атрымаў сертыфікат “Залатых рук майстар”.

Задача фарміравання ўяўленняў пра свет прафесій і ўсведамлення значэння працы дарослых не страчвае сваёй актуальнасці і напаўняецца новым сэнсам дзякуючы творчым падыходам Т.Л.Апановіч у арганізацыі гульнявой і пазнавальнай дзейнасці дашкольнікаў.