САРДАЛІШВІЛІ Любоў Аляксандраўна,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 94 Мінска.
Любоў Аляксандраўна з адзнакай скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя. Музычнае мастацтва”. Стаж работы — 9 гадоў. Педагагічнае крэда: “Вера, надзея, любоў — вось тры пункты апоры настаўніка нават у самай безнадзейнай педагагічнай сітуацыі”.
Намінацыя “Пачатковыя класы”
“Не сакрэт, што сфарміраваны паўнацэнны навык чытання ў многім вызначае поспех навучэнцаў у авалоданні асновамі ўсіх школьных дысцыплін, таму што служыць асноўнай крыніцай атрымання інфармацыі, — упэўнена Любоў Аляксандраўна. — Для ліквідацыі прычын, якія тармозяць фарміраванне паўнацэннага навыку чытання, у сістэму сваёй педагагічнай дзейнасці я ўключыла гатовыя электронныя сродкі навучання і інтэрнэт-рэсурсы, а таксама адаптаваныя або распрацаваныя мной інтэрактыўныя практыкаванні-трэнажоры і віктарыны. Дзякуючы сеткавай метадычнай скарбонцы школы і асабістаму сайту, іх шырока выкарыстоўваюць і мае калегі, і бацькі вучняў”.
Сістэма педагагічнай дзейнасці Любові Аляксандраўны базіруецца на прынцыпе “не многа, а часта”. Пачынаючы з перыяду навучання грамаце, яна сістэматычна выкарыстоўвае дыхальныя размінкі, якія ўключаюцца ў мультымедыйныя прэзентацыі, літарныя і складовыя табліцы, горкі, што дэманструюцца на інтэрактыўнай дошцы. Педагогам былі пераўтвораны ў інтэрактыўныя такія практыкаванні для развіцця артыкуляцыйнага апарату, як “Гаворым з Бураціна” (накіравана на адпрацоўку навыку правільнага прагаворвання “цяжкіх” гукаў і вызначэння іх у словах) і “Лато чыстагаворак” (аднаўленне дэфармаваных чыстагаворак з дакладным іх прагаворваннем). Асаблівую цікавасць выклікаюць распрацаваныя інтэрактыўныя практыкаванні “Збяры слова” (правільнае чытанне складзеных са складоў слоў пры адной фіксацыі вачэй); “Стрэлачкі — кропкі” (правільнае чытанне слоў з розным спалучэннем зычных); “Пазнай літары” (вызначэнне літар у літарных камбінацыях па графічным вобразе).
У якасці самаацэнкі чытацкіх дасягненняў і элемента зваротнай сувязі ў сістэму сваёй работы настаўніца ўключыла сумеснае вядзенне дзённіка “Сам сабе настаўнік”, у якім навучэнцы на працягу тыдня адзначаюць вынікі сваіх трэніровак пры дапамозе каляровых сігналаў-кружкоў. Крытэрыі самаацэнкі дасягненняў — частата трэніровак, правільнасць выканання задання, ініцыятыва навучэнца. Па выніках месяца будуецца графік, які адлюстроўвае дынаміку самаразвіцця навучэнца. Запоўненыя дзённікі рэгулярна ўкладваюцца ў “Партфоліа” кожнаму навучэнцу.
Як вядома, да канца навучання ў 3 класе навучэнцы павінны ўмець правільна, усвядомлена і бегла чытаць цэлымі словамі, для чаго Любоў Аляксандраўна выкарыстоўвае комплекс электронных практыкаванняў, накіраваных на:
● пашырэнне аператыўнага поля чытання (лічбавыя, літарныя табліцы і піраміды, зрокавыя дыктанты, якія паказваюцца на інтэрактыўнай дошцы, а таксама інтэрактыўнае практыкаванне “Перашкода”, якое прадугледжвае чытанне тэкстаў са схаванымі палавінкамі і наступным параўнаннем прачытанага);
● развіццё навыку чытання без рэгрэсій (тэматычныя блокі практыкаванняў “Вяртушка”, “Бягучы радок” і “Рассыпаныя літары”). Сектар, радок, якія рухаюцца, і літары, якія круцяцца, не даюць магчымасці навучэнцам вяртацца поглядам для перачытвання;
● развіццё навыку антыцыпацыі тэкстаў (практыкаванні па чытанні з электроннымі картамі, з карцінкамі і пропускамі, чытанні перавернутага і дэфармаванага тэкстаў, якія ўключаюцца ў мультымедыйныя прэзентацыі). На стымулюючых і падтрымліваючых занятках Любоў Аляксандраўна актыўна выкарыстоўвае распрацаванае інтэрактыўнае практыкаванне “Знайдзі схаванае слова”, накіраванае на развіццё ўвагі і адпрацоўку навыку ўсвядомленага чытання;
● павелічэнне прыроднага тэмпу дзейнасці (серыя інтэрактыўных практыкаванняў-трэнажораў, сярод якіх распрацаваныя педагогам: “Сышчыкі”, “Наборшчыкі”, “Складзі словы”, “Шыфроўшчыкі”). Працуючы з гэтымі практыкаваннямі індывідуальна, кожны вучань мае магчымасць выбару свайго тэмпу дзейнасці.
На працягу трох гадоў Любоў Аляксандраўна займаецца распрацоўкай інтэрактыўных віктарын, якія патрабуюць ад навучэнцаў усвядомленага і беглага чытання. Педагог звяртае ўвагу на важную іх перавагу: у навучэнца фарміруецца правільны вобраз прачытанага за кошт афарбоўвання ў іншы колер правільнага адказу нават у выпадку памылковага выбару. Інтэрактыўнасць віктарын дазваляе стварыць сітуацыю поспеху.
Да канца навучання ў 4 класе навучэнцы павінны ўмець бегла чытаць любыя тэксты, прытрымліваючыся нормы літаратурнага вымаўлення. Для гэтага ўзросту Любоў Аляксандраўна распрацавала інтэрактыўныя практыкаванні “Вясёлыя марачкі” (развіццё прыроднага тэмпу дзейнасці), “Здагадайся” (антыцыпацыя тэксту), “Знайдзі мэту” (развіццё аператыўнага поля чытання).
“Комплекснае прымяненне інтэрактыўных практыкаванняў-трэнажораў і віктарын павышае выніковасць вучэбных заняткаў, дазваляе індувідуалізаваць працэс навучання, актывізуе пазнавальную дзейнасць навучэнцаў. Магчымасці анімацыі, перамяшчэння аб’ектаў дазваляюць задзейнічаць візуальныя, аўдыяльныя, а таксама кінестэтычныя каналы засваення інфармацыі, што спрыяе дасягненню высокага выніку ў фарміраванні чытацкіх уменняў малодшых школьнікаў”, — падводзіць вынікі педагог.