Каб дзеці ішлі ў школу з радасцю

- 11:51Адукацыйная прастора

Сярэдняя школа № 48 Мінска імя Ф.А.Малышава — гэта ўстанова са сваімі даўнімі традыцыямі, салідным вопытам і сучаснымі поглядамі на сістэму навучання і выхавання дзяцей. На эфектыўнасць работы калектыву вялікі ўплыў аказвае тое, што вучні і настаўнікі адчуваюць сябе ў ім запатрабаванымі, тут пануе камфортная псіхалагічная атмасфера. Паказчыкі і дасягненні, якія сёння дэманструе ўстанова, — яркае таму сведчанне. Гутарым з дырэктарам школы настаўнікам-метадыстам Лолай Карлаўнай ПАХОМАВАЙ.

— Лола Карлаўна, дзе і як праходзіла ваша педагагічнае станаўленне?

— Родам я з Узбекістана, з горада Наваi. Узбекістан — радзіма майго бацькі-ваеннаслужачага. Мама ў мяне па нацыянальнасці руская, а па прафесіі — інжынер сувязі. Педагогам, шчыра кажучы, я не марыла стаць, больш вабіла акцёрская кар’ера, нават з поспехам прайшла праслухоўванне пры паступленні ў тэатральны інстытут. Але па парадзе родных выбрала зямную спецыяльнасць — “Таваразнаўства”. Скончыла Наваійскі прамысловы тэхнікум і ў 17 гадоў па размеркаванні мне, як выдатніцы, прапанавалі работу выкладчыка ў вучылішчы, дзе рыхтавалі спецыялістаў-прадаўцоў. Мне далі самую складаную групу падлеткаў. Ім было па 15 гадоў, і складвалася такое ўражанне, што іх выхаваннем раней ніхто не займаўся. Заняткі мае спачатку наведвалі толькі чацвёра навучэнцаў з 28. Але паступова маладыя людзі падцягнуліся і пачалі хадзіць у поўным складзе. Мабыць, я выклікала ў іх давер, ім было цікава са мной, яшчэ юнай, але ўжо вельмі сур’ёзнай дзяўчынай. Мне ўдалося стаць для іх нефармальным лідарам, заахвоціць да вучобы і да розных карысных спраў. Хутка я стала студэнткай Ташкенцкага педагагічнага інстытута, філіял якога адкрыўся ў Наваi. Вучылася на вячэрнім аддзяленні па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура”.

У Беларусь прыехала ў 1990 годзе ўслед за сваім мужам-вайскоўцам. Першая школа, у якую ўладкавалася працаваць, — Бялевіцкая базавая школа Лiдскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе выкладала рускую мову і літаратуру і была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Мяне заўважылі і ўжо праз год прапанавалі работу на выбар у любой школе Ліды, дзе я разам з сям’ёй жыла. Побач з нашым домам знаходзілася гімназія № 1. Гэтая ўстанова славілася сваімі “зорнымі” навучэнцамі — пераможцамі конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый і алімпіяд. Дырэктар гімназіі Наталля Андрэеўна Зайцава прыняла мяне ў сваю вялікую педагагічную сям’ю. Восем гадоў работы ў калектыве гэтай установы моцна паўплывалі на маё прафесійнае станаўленне і сталенне. Наталля Андрэеўна ўвогуле ўнікальны чалавек і таленавіты адміністратар. Яна і сёння ўзначальвае гімназію. Ніколі яна не размаўляла з педагогамі ў павучальным тоне, не павышала голасу. Але ўсе яе ўважліва слухалі, дзівіліся паважлівай манеры дырэктара ў зносінах з калегамі, радаваліся яе прамяністай усмешцы. Скажу без перабольшання, што мы ўсе працавалі на яе ўсмешку. Калі Наталля Андрэеўна не ўсміхалася, мы разумелі, што зрабілі штосьці не так. Мне пашчасціла быць класным кіраўніком у класе, з якога выйшлі 18 медалістаў (з 22 вучняў), з іх толькі двое — “сярэбраных”, усе астатнія — “залатыя”. Мае навучэнцы з’яўляліся пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд па рускай мове, матэматыцы, фізіцы, англійскай мове, геаграфіі. Захавалася фота, на якім я ў акружэнні сваіх вучняў трымаю ў руках іх шматлікія граматы і дыпломы. Усе выпускнікі гэтага “зорнага” класа сталі студэнтамі прэстыжных універсітэтаў, большасць з іх, дзякуючы перамогам на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, паступілі без экзаменаў. А з дырэктарам Наталляй Андрэеўнай мы і цяпер падтрымліваем цёплыя адносіны.

У 2003 годзе наша сям’я перабралася ў Мінск, таму што мужу прапанавалі новую пасаду. Знайшлася работа і для мяне. Адразу была намеснікам дырэктара ў сталічнай сярэдняй школе № 44, а праз два гады мяне прызначылі кіраўніком 48-й школы. Гэта было 13 гадоў назад. Прызнаюся, што спачатку мне нават хацелася адмовіцца ад сваёй новай пасады. На той момант ва ўстанове былі зафіксаваны тры злачынствы і 19 правапарушэнняў. Для мяне было нязвыкла і непрымальна і тое, што ў класах падчас урокаў панаваў шум, вучні не слухалі настаўнікаў, а на падлогу ляцела смецце. Каб стварыць станоўчы імідж школы, недастаткова знешняга парадку і рамонту. Неабходна аб’яднаць калектыў, нацэліць яго на эфектыўную і выніковую працу. “Калі мы будзем адной педагагічнай сям’ёй, то зможам дасягнуць поспеху”, — такім быў мой пасыл калегам. З кімсьці нам давялося развітацца. Маімі намеснікамі сталі ранейшыя настаўнікі школы, бо я ўбачыла ў іх творчы кіраўніцкі патэнцыял. Сёння побач са мной працуюць людзі, нацэленыя на вынік. Наш калектыў стабільны, на адно месца часам прэтэндуе некалькі чалавек, а гэта значыць, ёсць магчымасць выбраць больш моцнага спецыяліста.

У пэўным сэнсе я ідэалістка. Калі ў мяне штосьці ідзе не на выдатна, гэта не дае спакою. Я звяртаю ўвагу на дробязі, бо многае ў нашым жыцці пачынаецца менавіта з малога, імкнуся быць у гушчы падзей, наведваю ўрокі педагогаў, школьныя мерапрыемствы, размаўляю з бацькамі і дзецьмі. Працягваю весці свае ўрокі і атрымліваю ад гэтага вялікае задавальненне.

— Як зрабіць так, каб школа стала для дзяцей месцам радасці, каб ім хацелася туды ісці?

— Чаму некаторыя дзеці не любяць школу? Давайце паразважаем, ці будзе дзіця любіць школу, у якой да яго адносяцца з пазіцыі быць роўным, ціхім, патрабуюць хадзіць строем, вучыцца на выдатна і лішніх пытанняў не задаваць. Мы, дарослыя, забываемся, што перад намі дзеці, якім ад прыроды ўласціва цікаўнасць, няўрымслівасць, непаслухмянасць. Ім не трэба загадваць, з імі трэба размаўляць і тлумачыць, чаму нельга рабіць тое ці гэтае. Напрыклад, чаму нельга бегаць па школе? Не таму, што так настаўнік сказаў, а таму, што можна атрымаць траўму. Неабходна давесці да кожнага вучня, што ён самы любімы, а яго школа — школа радасці.

З чым бы дзеці да нас ні прыйшлі, мы не павінны ўспрымаць іх як дрэнных толькі таму, што яны дрэнна вучацца, не выконваюць дамашнія заданні. Калі школьнік не можа праявіць сябе ў вучобе, гэта не значыць, што ён не здольны да іншай карыснай дзейнасці, не ўмее спяваць, тацаваць, расказваць вершы. Каб дзеці ішлі ў школу з радасцю, іх трэба захапіць цікавай справай (і ў многім спрыяюць гэтаму масавыя мерапрыемствы).

Наша школа — самая звычайная агульнаадукацыйная ўстанова, дзе 70 працэнтаў вучняў — жыхары мікрараёна. У нас вучыцца больш за 500 вучняў. Гэта дзеці з розных сем’яў, з розным сацыяльным статусам і даходам. Тым не менш адукацыйны працэс ва ўстанове пабудаваны так, што вучні адно аднаму не перашкаджаюць, і кожны тут можа рэалізаваць свае здольнасці.

Традыцыйнымі і заўсёды чаканымі для дзяцей сталі фестываль “Песні юнацтва нашых бацькоў”, сямейнае свята “Зімовыя забавы на лёдзе”, дні сям’і, акцыі “Міласэрнасць”, “Дзеці дзецям”, “Жыву ў Беларусі — і тым ганаруся”, “Ветэран жыве побач”, “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Школьнікі ходзяць на экскурсіі і ван-друюць па родным краі, удзельнічаць у грамадска карысных справах, віктарынах, рабоце агітбрыгад. Многія зараз з нецярпеннем чакаюць, калі змогуць прыняць удзел у нашай акцыі “Мароз весялосці не перашкода”, якую мы штогод праводзім у Мінску на крытым катку на праспекце Пераможцаў, 4. У вызначаны дзень на лёд выходзіць уся школа: вучні 2—11 класаў, іх бацькі, педагогі — і ладзяць спартыўныя спаборніцтвы. Вясной мы звычайна праводзім сямейнае свята. Напрыклад, выстава “Рэліквіі маёй сям’і”, кулінарная выстава з чаяваннем. Падчас фестывалю “Песні юнацтва нашых бацькоў” кожны наш вучань атрымлівае магчымасць выступіць. Урачыстасць праходзіць у тры этапы — 23 лютага, 8 сакавіка і 9 мая, калі арганізуецца гала-канцэрт з запрашэннем паважаных гасцей. Ветэранаў вайны, якія жывуць у мікрараёне, мы віншуем са святамі, дзеці ходзяць да іх у госці і аказваюць неабходную дапамогу. З кожным ветэранам дзеці запісалі відэаінтэрв’ю і ў выніку атрымаўся фільм аб славутых і гераічных людзях мікрараёна.

Нашы дзеці адчуваюць сябе паўнапраўнымі ўдзельнікамі ўсіх школьных падзей. Ва ўстанове функцыянуе вучнёўскае самакіраванне (парламент), які фарміруецца на добраахвотнай аснове. У яго ўваходзяць школьнікі пачынаючы з 11 гадоў, а таксама дарослыя: кіраўнікі гурткоў, настаўнікі, бацькі. У парламенце існуе 5 каардынацыйных камісій, дзейнасць якіх вызначаецца кірункамі работы парламента: спартыўна-аздараўленчай работай, грамадска карыснай працай, творчасцю і вольным часам, дысцыплінай і парадкам, сяброўствам з малодшымі школьнікамі.

Кожны год на Дзень настаўніка ў школе праводзіцца дзень вучнёўскага самакіравання, за які нясуць адказнасць адзінаццацікласнікі. У нас з імі дамоўленасць: калі яны несур’ёзна будуць ставіцца да сваіх абавязкаў, то на наступны год такога мерапрыемства не будзе. Педагогі ў гэты дзень толькі назіральнікі, а школа знаходзіцца ў поўным распараджэнні навучэнцаў. Яны выконваюць абавязкі кіраўніцтва, вядуць урокі за настаўнікаў, працуюць у сталовай, займаюцца гаспадарчай дзейнасцю. У канцы дня сіламі старшакласнікаў ладзіцца канцэрт. Па выніках праведзеных мерапрыестваў яны трымаюць справаздачу і, як правіла, заўсёды адзначаюць, наколькі ў настаўнікаў няпростая работа.

— Ці ўплывае выхаваўчая дзейнасць на поспехі вучняў у вучобе?

— Нам удалося з’яднаць калектыў педагогаў, дзяцей і бацькоў у пазавучэбнай дзейнасці, і, канечне, гэта прама ці ўскосна ўплывае і на якасць ведаў навучэнцаў па прадметах, і на іх імкненне вучыцца лепш. Школьнікі прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах, інтэлектуальных гульнях, алімпіядах, у конкурсах даследчых работ, адкрытых уроках, канцэртах, спартыўных спаборніцтвах. У мінулым годзе на гарадскім этапе Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па фізіцы наш вучань Валерый Прыстром атрымаў дыплом ІІ ступені. На заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па біялогіі навучэнка Дар’я Саковіч узнагароджана дыпломам ІІІ ступені, а Дзіяна Планіда атрымала дыплом ІІ ступені па беларускай літаратуры. Штогод вучні займаюць прызавыя месцы на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды — па тэхнічнай працы, па біялогіі, рускай мове, англійскай мове. Летась на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове вучаніца 11 класа Ангеліна Калабухава заняла 2-е месца. Навучэнцы 11-х класаў неаднойчы станавіліся пераможцамі алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” па рускай мове і літаратуры. За апошнія некалькі гадоў трое навучэнцаў сталі стыпендыятамі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта выпускніцы Вольга Пуцыла, Дар’я Саковіч і Дзіяна Планіда. Па выніках, атрыманых вучнямі на алімпіядах і канферэнцыях у Цэнтральным раёне Мінска, наша ўстанова займае 1-е месца сярод агульнаадукацыйных школ. Колькасць выпускнікоў, якія паступаюць ва ўніверсітэты, складае 92 працэнты.

— Раскажыце пра сваіх лепшых педагогаў, як вы падтрымліваеце іх творчыя ініцыятывы?

— У школе сёння працуюць два кандыдаты педагагічных навук, 2 настаўнікі-метадысты, 4 магістры. За апошнія гады настаўнікі 48-й школы атрымалі 4 гранты і 2 прэміі Мінгарвыканкама. Сёлета настаўніца матэматыкі Алена Іванаўна Фёдарава падала сваю работу “Рэалізацыя практыка-арыентаванага падыходу ў працэсе выкладання матэматыкі ва ўмовах профільнага навучання” на атрыманне прэміі Мінгарвыканкама. Алена Іванаўна — настаўнік-метадыст, кандыдат педагагічных навук, распрацавала праграму факультатыўных заняткаў “Прыкладныя задачы па алгебры” (8—9 класы) і факультатыў “Школьны курс геаметрыі і эстэтыка” (10 клас), яна аўтар шматлікіх артыкулаў. Матэматыку гэты педагог расказвае, як казку, не зразумець яе тлумачэнні немагчыма.

У школе працуе таленавітая настаўніца біялогіі Людміла Аркадзьеўна Жарыч. На працягу апошніх гадоў яе вучні станавіліся пераможцамі раённых і гарадскіх алімпіяд па біялогіі, пераможцамі Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Формула саду”. Яна разам з навучэнцамі распрацавала віртуальную экскурсію “Турыстычны маршрут — квітнеючы горад”. Работа адзначана дыпломам І ступені на рэспубліканскім конкурсе ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Людміла Жарыч з’яўляецца ў школе грамадскім інспектарам па ахове працы. Яна абагульніла вопыт работы ўстановы адукацыі па стварэнні бяспечных умоў для навучэнцаў і выхаванцаў, які быў адзначаны дыпломамі гарадскога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Мяне як педагога цікавяць тэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання школьнікаў, фарміравання іх палітычнай культуры на ўроках рускай мовы і літаратуры. Па гэтых кірунках я атрымала грант і прэмію Мінгарвыканкама, адпаведны вопыт прадстаўляла, калі здавала экзамен на атрыманне кваліфікацыі “настаўнік-метадыст”. Зараз працую над дысертацыяй па тэме “Фарміраванне палітычнай культуры старшакласнікаў”.

— Якія адукацыйныя праекты рэалізоўваюцца зараз у школе?

— Мы ў пастаянным пошуку новых форм педагагічнай дзейнасці. Школа шмат гадоў супрацоўнічае з адукацыйнымі ўстановамі краін замежжа: Табасалускай гімназіяй (Эстонія), Вільнюскай гімназіяй імя Ф.Скарыны (Літва), Хімкінскай школай № 19 Маскоўскай вобласці (Расія). Цесныя ўзаемаадносіны паміж намі дазваляюць распрацоўваць сумесныя адукацыйныя праекты: “Зямля — наш агульны дом”, “Вопыт, ініцыятыва, творчасць педагога — залог паспяховасці вучня”, “Сучасныя тэхналогіі ў адукацыі”, ажыццяўляць двухбаковыя культурна-адукацыйныя паездкі, падчас якіх педагогі і дзеці пражываюць у сем’ях. Высокую ацэнку нашаму сяброўству дае Пасольства Беларусі ў Эстоніі. Кожны год у школе праводзяцца міжнародныя канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў названых устаноў — у адзін год для педагогаў, у другі год — навукова-практычная канферэнцыя для вучняў. Наша школа гатова да супрацоўніцтва і да адкрытага дыялогу з усімі, каму неабыякавы праблемы сучаснай адукацыі.

На базе нашай школы дзейнічаюць 2 спецыялізаваныя класы па футболе, якія наведваюць выхаванцы аддзела развіцця маладзёжнага футбола ЗАТ “Футбольны клуб “Дынама-Мінск”. Гэта вучні 9—10 класаў, якія сёння прафесійна займаюцца футболам. У 2013 годзе ў школе адкрыты адзіны ў раёне на той момант 10 клас філалагічнай накіраванасці (з вывучэннем рускай і англійскай моў), а ў 2014 годзе з’явіўся другі такі клас. У нас дзейнічаюць класы інтэграванага навучання і выхавання, дзе займаюцца дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, з інтэлектуальнай недастатковасцю (па праграме першага аддзялення дапаможнай школы). Вучацца і выхаванцы сацыяльнага прытулку Цэнтральнага раёна Мінска. Да іх у нас заўсёды асаблівы падыход. Нашы педагогі ўдзельнічаюць у сацыяльна значных ініцыятывах, вучаць дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў 2-й гарадской клінічнай бальніцы ў аддзяленнях нефралогіі і ўралогіі.

Упэўнена, што кожны крок у прафесійным развіцці настаўнікаў неабходна падтрымліваць як маральна, так і матэрыяльна праз прэміі і надбаўкі. Кожны наш настаўнік сёння як мінімум мае грамату ўпраўлення адукацыі. Усе ўзнагароды педагогам уручаюцца ва ўрачыстай атмасферы ў прысутнасці ўсяго калектыву. Што тычыцца матэрыяльнай часткі заахвочвання, то яна адэкватная той нагрузцы, якую бяруць на сябе педагогі, і тым дасягненням, якія яны маюць. У кожнага настаўніка нагрузка складае не менш за 36 гадзін у тыдзень — гэта з гурткамі, факультатывамі, навучаннем дома, аказаннем дадатковых платных паслуг (індывідуальныя заняткі з вучнямі, заняткі выяўленчым мастацтвам, бальнымі танцамі і г.д.).

Надзея ЦЕРАХАВА.