Сёння мы адзначаем Дзень школьных бібліятэк
Гэтае свята з’явілася адносна нядаўна — у самым канцы мінулага стагоддзя — і, магчыма, проста яшчэ не паспела стала прапісацца ў святочным календары нашых школьных бібліятэкараў. Але, пагодзімся, яны даўным-даўно яго заслужылі. Людзі ў пераважнай сваёй большасці сціплыя, адукаваныя, мудрыя і добразычлівыя, яны выконваюць сваю часта нябачную, непрыметную работу, але без работы гэтай ніколі не магла б існаваць ніводная школа, ніводная гімназія ці каледж. Невыпадкова школьную бібліятэку часта называюць “кабінетам № 1”, іншы раз — “надпрадметным кабінетам”, бо сапраўды школьны бібліятэкар знаходзіцца як бы над прадметамі, але заўсёды побач з дзецьмі, побач з настаўнікамі-прадметнікамі, побач з дырэктарам. У руках школьнага біблятэкара — залаты ключык, які адчыняе дзверы ў бязмежны свет папяровых кніг і падручнікаў, а цяпер яшчэ і шматлікіх электронных рэсурсаў. У галаве школьнага бібліятэкара — тысячы і тысячы гігабайтаў інфармацыі, якая тычыцца і прадметаў, і дзяцей, і наогул усяго жыцця школы. У сэрцы школьнага бібліятэкара — штодзённы клопат пра тое, каб дзеці не развучыліся чытаць. А таму давайце сёння павіншуем усіх нашых школьных бібліятэкараў з іх днём. Са святам вас!
…Бібліятэка сталічнай гімназіі № 24, вядомай як лінгвістычная, — месца ў пэўным сэнсе намоленае. Доўгія гады яе загадчыкам працавала вялікі заўзятар бібліятэчнай справы Ніна Цімафееўна Акуліч, якая і заклала тут многія прыгожыя і карысныя традыцыі. Але год назад па сямейных абставінах яна была вымушана пакінуць установу, і ўжо год як загадчыкам бібліятэкі 24-й гімназіі працуе Таццяна Вікенцьеўна Шульская (якраз яе вы бачыце на змешчаным фотаздымку) — абаяльная жанчына, якая гэтак жа, як і яе папярэдніца, вельмі любіць сваю працу, робіць усё для таго, каб жыццё гімназістаў было як мага больш насычаным духоўна і разумова. “Не помню ўжо, хто з вялікіх так сказаў пра бібліятэку, але мне вельмі блізкае гэтае яе метафарычнае азначэнне — аптэка для душы”, — прызналася пры сустрэчы Таццяна Вікенцьеўна. Пазнаёмімся з нашай гераіняй бліжэй.
Таццяна Шульская нарадзілася і вырасла ў Мінску, вучылася ў сталічнай сярэдняй школе № 137 і, па яе словах, яшчэ быўшы школьніцай ужо дакладна ведала, што звяжа свой лёс з бібліятэчнай справай. “Здзіўляліся многія сябры, знаёмыя, сваякі, што выбрала такую быццам бы непрэстыжную і малааплатную прафесію, — прыгадвае мая суразмоўніца. — А мне проста ўсё, звязанае з бібліятэкай, вельмі падабалася і нават зачароўвала: вось гэты ціхі шоргат старонак, вось гэты добразычлівы тон, якім гутарыць з табой бібліятэкар, вось гэтае нейкае дзівоснае адчуванне спакою, якое заўсёды з’яўляецца ў цябе, калі пераступаеш парог бібліятэкі… Да гэтага часу не магу забыць той момант, калі маленькай дзяўчынкай я ўпершыню трапіла ў публічную бібліятэку, якая знаходзіцца каля былога кінатэатра “Вільнюс”. Мне здавалася тады, што я трапіла проста ў нейкае незвычайнае царства Яе Вялікасці Кнігі, і тое захапленне мяне ўжо ніколі не адпускала. Ну а калі я вучылася ў 10 класе, было і мне, і ўсім зразумела, куды буду паступаць. Натуральна, у Мінскі інстытут культуры, сённяшні ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Я закончыла аддзяленне бібліятэказнаўства і бібліяграфіі па спецыяльнасці “Тэхнічная літаратура”. Так я стала бібліятэкарам…”
Пасля інстытута Таццяна Вікенцьеўна ажно 15 гадоў працавала на Мінскім вытворчым аб’яднанні вылічальнай тэхнікі, а ўжо год, як мы казалі вышэй, яна працуе загадчыкам бібліятэкі мінскай гімназіі № 24. І, пераходзячы да разваг аб сваёй працы на сённяшняй пасадзе, яна адразу заўважае, што ў гімназіі ёй працаваць значна цікавей, што тут больш прасторы для творчасці. “Проста дзеці ніколі не дадуць засумаваць! З імі заўсёды знаходзішся ў пастаянным руху, у актыўнасці”.
Асцярожна пытаюся ў сваёй суразмоўніцы, ці не страшна было ёй пераходзіць на новае месца працы, так бы мовіць, абжытае за доўгія гады легендарнай Нінай Цімафееўнай Акуліч. Шчыра адказвае, што было страшнавата, тым больш што сыходзіла яна з таго месца, дзе ўжо сама фактычна стала легендай. Пэўны час асвойвалася, прыглядалася, вучылася працаваць менавіта з дзецьмі і ўрэшце стала тут сваёй. Балазе і дырэктар Таццяна Віктараўна Лукша, і калега другі бібліятэкар Лідзія Уладзіміраўна Пазняк, і настаўнікі, і дзеці прынялі прыязна, як кажуць, з усёй душой. “І цяпер, лічу, я тут на сваім месцы. Магчыма, у мяне і няма нейкіх здольнасцей Ніны Цімафееўны, але затое, мабыць, ёсць нейкія іншыя плюсы. Галоўнае — мне вельмі тут падабаецца”.
Цяпер мы пачынаем абмяркоўваць з Таццянай Вікенцьеўнай, што ўяўляе сабой школьная (гімназічная) бібліятэка ў ідэале. І пагаджаемся, што гэта, па-першае, інфармацыйны і вучэбна-выхаваўчы цэнтр (і тут асабліва важна прывіваць дзецям культуру ў медыяпрасторы, вучыць іх знаходзіць карысную і патрэбную інфармацыю), а па-другое, культурна-адпачынкавы цэнтр, своеасаблівая гасцёўня ці салон. Гэтая функцыя школьнай бібліятэкі таксама набывае асаблівую значнасць сёння, калі дзеці літаральна патанаюць ва ўласных гаджэтах і перастаюць адчуваць асалоду ад жывога, непасрэднага кантактавання.
А праблемы школьных бібліятэк? Яны, безумоўна, застаюцца. З ходу Таццяна Вікенцьеўна канстатуе, напрыклад, пэўную няроўнасць у правах бібліятэкараў і настаўнікаў-прадметнікаў, хаця першыя нярэдка выконваюць і цалкам педагагічныя функцыі, праводзяць урокі, арганізоўваюць шмат мерапрыемстваў з самымі маленькімі дзецьмі, што патрабуе вялікай адказнасці. Яшчэ адна праблема — недакамплектоўка падручнікамі. Таццяна Вікеньцеўна гаворыць: “Даводзіцца ездзіць з абменамі ў іншыя школы, прычым і за свой кошт таксама. Дзякуй богу, у маёй калегі Лідзіі Уладзіміраўны ёсць асабісты транспарт. А мне даводзілася чуць на пасяджэннях метадычнага аб’яднання і пра тое, што бібліятэкары — жанчыны ва ўзросце з вялікім стажам, самі цягаюць непад’ёмныя стосы кніг. Так, безумоўна, не павінна быць. Радуе ў гэтай сітуацыі тое, што школьныя бібліятэкары — гэта, нягледзячы ні на што, народ вельмі дружны і добразычлівы. І, калі табе нешта трэба, твае калегі з іншых школ табе абавязкова дапамогуць, як дапаможаш ім ты, калі яны звернуцца да цябе з просьбай пра абмен тых жа падручнікаў”.
Тым часам я азіраюся па баках і заўважаю вакол пэўныя фішкі, якія гавораць пра тое, што тутэйшыя бібліятэкары Таццяна Вікенцьеўна і Лідзія Уладзіміраўна сапраўды клапоцяцца пра тое, каб бібліятэка ў гімназіі № 24 была “кабінетам № 1” у розных сэнсах дый проста… каб не адстаць ад жыцця. Так, напрыклад, бачу куток, прысвечаны Святлане Алексіевіч: інфармацыя пра яе, ледзь ці не ўсе яе кнігі, акрамя, хіба, апошняй — “Час сэканд-хэнд”. А пра тое, што наша пісьменніца стала сёлетняй Нобелеўскай лаўрэаткай, мы ж даведаліся толькі тыдзень назад. Аператыўна зрабілі такі куток, нічога не скажаш!
Побач бачу зробленыя дзецьмі мілыя “кніжкі-малышкі”, закладкі для кніг, паштоўкі да Дня маці, які прайшоў нядаўна. А яшчэ, безумоўна, тут кідаецца ў вочы вялікая колькасць кніг на англійскай і нямецкай мове, якія вывучаюцца ў лінгвістычнай гімназіі на паглыбленым узроўні. Заўважаючы маю цікаўнасць, Таццяна Вікенцьеўна тлумачыць, што многія з іншамоўных кніг падораны гімназіі замежнымі дэлегацыямі, якія нярэдка наведваюць установу. Асаблівай папулярнасцю ў гімназістаў карыстаецца — няцяжка здагадацца! — “Гары Потэр” у арыгінале.
Што ж тычыцца самаробных дзіцячых артэфактаў, убачаных мной, то ўсё гэта — плён самых розных праектаў, якія ажыццяўляюцца бібліятэкай гімназіі № 24.
Наогул, Таццяна Вікенцьеўна найперш прыгадвае сустрэчы гімназістаў з пісьменнікамі ў рамках праекта пад умоўнай назвай “Літаратурная гасцёўня”. Такія сустрэчы праходзяць менавіта ў сценах бібліятэкі. “Я не люблю праводзіць такія мерапрыемствы ў актавай зале, — гаворыць мая суразмоўніца. — Там проста не будзе такога эфекту ад сустрэчы, як тут, у адносна невялікім памяшканні, калі дзеці глядзяць пісьменніку літаральна вочы ў вочы і атрымліваюць неверагоднае захапленне ад кантактавання з ім”. Толькі за апошні час былі арганізаваны тры такія сустрэчы — Уладзіміра Мазго з друга- і трэцякласнікамі, Васіля Зуёнка — з пяцікласнікамі, Уладзіміра Ліпскага — з шасцікласнікамі. Як правіла, прадстаўнікі нашага прыгожага пісьменства пасля такіх сустрэч дораць гімназічнай бібліятэцы свае кнігі з аўтографамі.
Арганізоўваюць бібліятэкары і, так бы мовіць, разавыя акцыі выхаваўчага кшталту. Так, напрыклад, на Дзень маці пяцікласнікі, падзяліўшыся на невялікія каманды, спаборнічалі паміж сабой у абароне адмысловых праектаў. Тэмы ім былі прапанаваны розныя: “Мая ідэальная мама”, “Мама ў творах пісьменнікаў і паэтаў”, “Ліст маме”, “Я і мая мама”, “Любімыя святы маёй мамы”, “Любімыя кветкі маёй мамы” і інш. Прычым дзеці не ведалі назваў гэтых тэм загадзя. За кароткі час яны мусілі агульнымі намаганнямі каманд раскрыць іх і як мага больш творча прадставіць у слоўнай і выяўленчай форме.
Гартаючы адмысловы бібліятэчны дзённік, дзе фіксуюцца ўсе праведзеныя мерапрыемствы, Таццяна Вікенцьеўна прыгадвае яшчэ адну адметную сустрэчу — з паслом добрай волі інданезійскім хлопчыкам, які прыязджаў у Мінск па абмене. Натуральна, зносіны беларускіх гімназістаў з інданезійцам адбываліся на англійскай мове. Тая сустрэча прайшла, як кажуць, на адным дыханні, і, акрамя таго што гэта была цудоўная моўная практыка для нашых дзяцей, адбылося сапраўднае жывое знаёмства з далёкай і незнаёмай чужой культурай.
Не забываюцца ў бібліятэцы і пра творчае напаўненне шостага дня. Напрыклад, менавіта ў суботу тут правялі нядаўна літаратурную віктарыну “Каралева дэтэктываў”, прымеркаваную да 125-годдзя Агаты Крысці. Таццяна Вікенцьеўна спачатку расказвала сямікласнікам пра Агату Крысці, яе творы, дэдуктыўны метад, які яна выкарыстоўвала ў сваіх дэтэктывах, а яны потым адказвалі на пытанні віктарыны і за правільныя адказы атрымлівалі невялічкія сувеніры на памяць. Сямікласнікам было на самай справе вельмі цікава. Многія з іх, упэўнена Таццяна Вікенцьеўна, абавязкова возьмуць ці ўжо ўзялі якую-небудзь кнігу Крысці і прачытаюць яе.
Мая суразмоўніца магла б і далей пералічваць розныя акцыі, праекты, віктарыны, адмысловыя літаратурныя чаяпіцці, якія праводзяцца ў бібліятэцы з мэтай прыцягнуць дзяцей да кнігі, чытання, узбагаціць іх у культурным сэнсе і даць ім добрую спажыву для душы, сэрца і розуму. Але я заўважаю дзвюх дзяўчат-старшакласніц, якім штосьці пільна спатрэбілася ад яе, і таму сам накіроўваю гутарку да завяршэння.
Пытаюся напрыканцы: “Таццяна Вікенцьеўна, а ці можна ўявіць такое: нейкі гімназіст ці гімназістка пасля ўрокаў ці ў той жа шосты дзень прыходзіць да вас у бібліятэку, просіць вас выдаць патрэбную яму кнігу ці сам шукае яе на тэматычнай паліцы, сядае ціхенька тут і… проста чытае, што называецца, для свайго задавальнення, без якога-небудзь прымусу, без неабходнасці па вучобе? Або гэта ўсё-такі карцінка з мінулых — дакамп’ютарных і даінтэрнэтных — часоў?”
У адказ Таццяна Шульская шчыра здзіўляецца: “Ну, безумоўна, можна! Вы ведаеце, па-першае, наконт інтэрнэту, электронных кніг і да т.п. Пакуль што папяровая кніга не знікае і нават зусім не саступае ў папулярнасці электроннай. Яны проста арганічна дапаўняюць адна адну. І, напрыклад, я, хоць і маю электронную кнігу для карыстання на дачы ці ў якой-небудзь далёкай паездцы, аддаю перавагу ўсё-такі папяровай кнізе, калі ёсць выбар паміж ёй і электроннай. І мой муж таксама, хоць і працуе ў сферы інфармацыйных тэхналогій, часта просіць мяне прынесці пачытаць што-небудзь менавіта ў папяровым варыянце. А што да дзяцей, я кожны дзень на свае вочы бачу, з якім задавальненнем яны чытаюць у вольны час. Прычым пра ўсё на свеце: і пра братоў нашых меншых, і пра кулінарыю, і пра музыку… Ну і, вядома ж, мастацкую літаратару. У нас вучацца дзве фенаменальныя дзяўчынкі ў 9 “Б” класе — Дарына Зуева і Аляксандра Ткач. Дык яны чытаюць такія кнігі, якія адужае далёка не кожны дарослы. Гэта такія нашы мясцовыя хадзячыя энцыклапедыі, якія не вылазяць з бібліятэкі. А нам, бібліятэкарам, прыемна, што бібліятэка па-ранейшаму застаецца аптэкай для душы. Што ў нас многа кніг. І мы самі, здаецца, нязлыя, добрыя… Таму дзецям у нас і ўтульна”.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.