Каб лета было яркім, цікавым і запамінальным

- 11:02Адукацыйная прастора

Па выніках сёлетняга Рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер праект Клейніцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна “Падарожжа па моры 18 астравоў” заняў 1-е месца ў намінацыі “Конкурс новых мадэлей арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета больш яркім”.

— За многія дзесяцігоддзі ў нашай установе склаліся трывалыя традыцыі, адной з якіх з’яўляецца арганізацыя аздараўленчага лагера падчас летніх канікул, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Клейніцкай сярэдняй школы Наталля Уладзіміраўна Лук’янюк. — На працягу некалькіх гадоў лагер з дзённым знаходжаннем “Клёнікі” ўзначальвае Людміла Міхайлаўна Скалковіч, якая з энтузіязмам і творчасцю падыходзіць да выхавання дзяцей. Педагог лічыць, што вучні павінны ведаць гісторыю роднага краю, бачыць яго прыгажосць і шчыра любіць малую радзіму.

Асноўная задача летніка заключаецца не толькі ў аздараўленні дзяцей, але і ў іх сацыялізацыі. Кожная лагерная змена — гэта цікавае і захапляльнае падарожжа па 18 астравах. Кожны дзень — гэта новы востраў і безліч яркіх уражанняў у дзяцей.

— Змена праходзіць у форме сюжэтна-ролевай гульні, — гаворыць Н.У.Лук’янюк. — Фарміруюцца вучнёўскія атрады, якія прадстаўляюць розныя караблі “Летняга марскога падарожжа”. У кожнага атрада — свой план работы. Для вучняў працуюць бібліятэка, гульнявы пакой і спартыўная пляцоўка. Кожны атрад — гэта карабель марскога падарожжа, а дзеці — юнгі. Інтарэс да праекта падтрымліваюць цікавы гульнявы матэрыял, арыгінальныя касцюмы, спецыяльны слоўнік гульні і бартавы журнал. Да рэалізацыі праекта актыўна прыцягваюцца бацькі вучняў і розныя культурныя, спартыўныя, грамадскія і вытворчыя арганізацыі.

Клейніцкія педагогі ўпэўнены, што школьны лагер не толькі арганізоўвае цікавы і карысны адпачынак для дзяцей, але і выхоўвае ў іх пачуццё калектывізму, фарміруе камунікатыўныя навыкі. Летнік — гэта палігон для творчага развіцця, духоўнага і інтэлектуальнага абагачэння вучняў, здольных паспяхова сацыялізавацца ў рэаліях сучаснага жыцця.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.