Кожны год яскравае лета прыносіць нам водар кветак, яркасць зелянеючай травы і лісця, птушыны гоман і асаблівае свята з гучнай назвай Дзень Незалежнасці. Святкуюць яго кожны год у адзін і той жа дзень, аднак кожная лічба — гэта яшчэ адзін год шчаслівага жыцця ў мірнай краіне. Кожнае свята — гэта больш пустуючых месцаў на трыбунах для ветэранаў. І з кожным годам становіцца ўсе менш тых, хто змагаўся за наша шчаслівае жыццё, хто, не шкадуючы сваіх сіл і здароўя, здабываў незалежнасць для нашай краіны і хто можа расказаць унукам, як усё было на самай справе. Так хочацца, каб дзеці ведалі, каб помнілі і цанілі.
У дзетак, якія наведваюць дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна, ёсць бацькі, бабулі і дзядулі. Аднак дашкольная ўстанова не знімае з сябе адказнасці за іх патрыятычнае выхаванне. Менавіта таму кожны год напярэдадні свята ўсе выхаванцы і супрацоўнікі цэнтра збіраюцца разам, каб успомніць гераізм нашых суайчыннікаў, ацаніць маштаб подзвігу, адчуць важнасць перамогі і незалежнасці.
Нашы выхаванцы ўжо шмат ведаюць аб сутнасці гэтага свята. Яны вывучылі нямала вершаў, песень, умеюць маршыраваць, як сапраўдныя салдаты. Але ёсць у нас адна асаблівая традыцыя. З году ў год напярэдадні Дня Незалежнасці дзеці прыходзяць у дашкольную ўстанову з кветкамі, якія з гонарам нясуць да помніка Невядомаму салдату, устаноўленага на прывакзальнай плошчы. Яшчэ і яшчэ раз перад помнікам мы ўспамінаем вялікі подзвіг і ў гонар нашых салдат з удзячнасцю за мірную краіну, з хваляваннем спяваем беларускі гімн, які выхаванцы старшых груп ведаюць на памяць. Сёлета напярэдадні свята педагогі разам з выхаванцамі падрыхтавалі асаблівую выставу ў гонар нашай вольнай незалежнай Беларусі.
Мы верым, што гэтае, далёкае ад той вайны, пакаленне будзе ведаць, што нясе ў сабе асаблівае свята — Дзень Незалежнасці. Яно ніколі не прыменшыць подзвіг салдат Вялікай Айчыннай вайны, а таксама нашых землякоў, якія ўносілі і ўносяць каштоўны ўклад у культурнае, сацыяльнае і эканамічнае развіццё роднай Беларусі.
Вераніка МАРГУН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Парэчча Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.