Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца

- 11:09Адукацыйная прастора

У абласным этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд удзельнічалі 5 навучэнцаў з сярэдняй школы № 3 Зэльвы. Школьнікі змагаліся за прызавыя месцы па чатырох прадметах: беларускай і рускай мове, інфарматыцы, грамадазнаўстве.

Ужо становіцца добрай традыцыяй перамагаць у абласным туры па беларускай мове. У леташняга пераможцы па гэтым прадмеце — Максіма Эльяшэвіча — эстафету пераняў у бягучым навучальным годзе Уладзімір Арочка, які пад кіраўніцтвам настаўніка Уладзіміра Паўлавіча Манько заваяваў першае месца. Перамога для гэтага таленавітага юнака стала заканамерным вынікам яго ўпартай працы. Апошнія два гады Уладзімір нязменна станавіўся прызёрам алімпіяды, але не спыняўся на дасягнутым. Займаўся самаадукацыяй, назапашваючы ўсё больш ведаў і ўдасканальваючы іх. Тонка, з веданнем псіхалогіі свайго навучэнца, вёў работу і Уладзімір Паўлавіч. Кожныя заняткі па падрыхтоўцы да алімпіяды адрозніваліся разнастайнасцю прымянення форм і метадаў работы.
У рускай мове, згодна з прынцыпамі народнай этымалогіі, імя Уладзімір азначае “той, што валодае светам”. У нашым выпадку мы можам сказаць, што абодва нашы Уладзіміры “валодаюць светам беларускай мовы”.“Не з ведамі да вучняў, а з вучнямі да ведаў”, — перакананы Уладзімір Паўлавіч, і менавіта гэтыя словы сталі яго педагагічным крэда спачатку падчас вучобы ў БДУ на філалагічным факультэце, а потым і падчас працы настаўнікам у Буцілаўскай васьмігадовай школе Лідскага раёна, сярэдніх школах № 2 і № 3 Зэльвы.
Уладзімір Паўлавіч — чалавек дзеяння. Нават на перапынках заўсёды чымсьці заняты: рыхтуе ўсё неабходнае да ўрока, знаёміцца з метадычнымі навінкамі, паспявае перакінуцца жартам з калегамі. І наогул, у нас у школе кажуць: трэба пачаць новую справу — даручы яе Уладзіміру Паўлавічу, ён усё здужае і зробіць у лепшым выглядзе. З мінулага навучальнага года У.П.Манько з’яўляецца педагогам-наватарам па тэме “Моўная інтэрферэнцыя і яе віды”. Настаўнік працуе над стварэннем комплексу практыкаванняў, праз выкананне якіх можна зменшыць уплыў рускага маўлення на вучняў.
Наведваючы ўрокі У.П.Манько, адзначаеш для сябе, што настаўнік любіць свой прадмет і адказна адносіцца да яго выкладання: вучыць дзяцей выкарыстоўваць тэхналогіі рознаўзроўневага і праблемнага навучання, тэставага кантролю вучэбных дасягненняў, рэалізоўвае дыферэнцаваны і індывідуальны падыходы, міжпрадметныя і ўнутрыпрадметныя сувязі, актуалізуе раней атрыманыя веды, стварае для вучняў сітуацыю поспеху. Пры правядзенні заняткаў выкарыстоўвае дэманстрацыйную, франтальную і самастойную формы работы. Бездакорнае валоданне мовай прадмета, дакладнасць, багацце, выразнасць — гэтыя якасці маўлення настаўніка з’яўляюцца для навучэнцаў узорам.
“Стабільнасць — якасць прафесіянала”, — так хочацца сказаць пра ўдзельніцу алімпіяды па інфарматыцы Дар’ю Несцяровіч, якая пад кіраўніцтвам свайго педагога, а па сумяшчальніцтве і мамы Жанны Іванаўны Несцяровіч у чарговы раз стала прызёрам, заняла другое месца.
Пачатак перамогам Дар’і паклаў яе першы педагог — Станіслаў Фаміч Вярстак, які заўважыў і пачаў развіваць талент дзяўчыны. Эстафету пераняла Жанна Іванаўна, якая штодзень шліфавала ўменні і веды дачкі ў праграмаванні. Наперадзе Дар’ю, як і Уладзіміра, чакае ўдзел у заключным этапе рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы і беларускай мове.
Спакойная, ураўнаважаная, ціхая і мілая дзяўчына вучыцца ў нашай установе — гэта Ірына Навыш, прызёр алімпіяды па рускай мове. “Працаўніца!” — так гаворыць пра Ірыну яе педагог Алена Міхайлаўна Рудая. Каштоўнасць перамогі дзяўчыны ў тым, што вучыцца яна ў 8 класе, а алімпіядныя заданні выконвала за курс 9 класа. Вядома, немалаважная заслуга ў гэтым яе педагога, якая ў першую чаргу стварыла сваёй вучаніцы атмасферу псіхалагічнага камфорту, рыхтавала і ў даступнай форме тлумачыла матэрыял на апярэджанне. Наперадзе яшчэ 3 гады, і нам хочацца верыць у тое, што Ірына да заканчэння школы даб’ецца найвышэйшага выніку — стане пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове.
“Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца”, — гаворыць народная прыказка. Толькі дзякуючы працы, стараннасці, імкненню да атрымання ведаў, карпатлівай працы педагогаў нашы навучэнцы змаглі дасягнуць такіх вынікаў.

Таццяна БАБАРЫКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 3 Зэльвы Гродзенскай вобласці.