Думаю, вы звярталі ўвагу, як на семінарах прадстаўнікі не сістэмы адукацыі з цікавасцю слухаюць педагогаў і здзіўляюцца маштабам той работы, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі. Невыпадкова ў адрас настаўнікаў часта гучаць пажаданні больш актыўна расказваць пра сваю дзейнасць, даносіць інфармацыю не толькі да калег. І гэта слушная парада.
Працуеш у школе не адзін год, рэгулярна падарожнічаеш з вучнямі па Беларусі, арганізоўваеш цікавыя класныя гадзіны, становішся пераможцам розных конкурсаў, атрымліваеш граматы за высокі ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення… Але аднойчы разумееш, што пра тваю працу ніхто, акрамя калег, амаль і не ведае. Крыўдна, ці не праўда? Асабліва, калі ўлічыць, што такіх, як ты (настаўнікаў, якія аддаюць сваё сэрца дзецям 24/7), вельмі многа…
Альбо яшчэ прыклад. На канікулах група юных турыстаў разам з педагогам пераадолела аднадзённы маршрут па малой радзіме. Здаецца, звычайная для сістэмы адукацыі падзея, асабліва калі ўлічыць, што толькі ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуе каля 2 тысяч аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю, у якіх займаюцца амаль 28 тысяч навучэнцаў. Але чаму тады інфармацыя пра звычайныя для нас падзеі нярэдка падаецца ў СМІ як нешта сенсацыйнае?
Не забуду здзіўленне і адначасова захапленне супрацоўніка аднаго з нацыянальных музеяў, калі на рэспубліканскім семінары па музейнай педагогіцы ён даведаўся, што ва ўстановах адукацыі Беларусі аж 1448 музеяў. Для педагогаў гэтая інфармацыя не новая, а для яго агучаная лічба была па-сапраўднаму шакіруючай, бо ў сістэме культуры такіх музеяў па ўсёй краіне толькі каля 160. І падобныя прыклады можна прыводзіць доўга.
Для сучаснага педагога важна валодаць уменнем не толькі аддаваць сэрца дзецям, але і прадстаўляць сваю дзейнасць шырокаму колу грамадства. “Настаўніцкая газета” імкнецца дапамагаць у гэтым. Але нашы магчымасці, на жаль, абмежаваны і колькасцю нумароў у месяц, і колькасцю палос у кожным нумары. Таму правільна робяць педагогі, калі дасылаюць свае напрацоўкі, артыкулы яшчэ і на партал ng-press.by, даюць інфармацыю для Telegram-канала, супрацоўнічаюць з рознымі рэспубліканскімі і рэгіянальнымі выданнямі, заводзяць старонкі ў сацыяльных сетках, размяшчаюць там якасны кантэнт.
Праца нашых педагогаў вартая таго, каб пра яе ведала як мага большая колькасць людзей.
Вядучы рубрыкі Ігар ГРЭЧКА.