Два дні, распісаныя па хвілінах, сем краін-удзельніц, больш за 250 выступленняў — міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Выклікі сучаснасці і стратэгіі развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўмовах сучаснай рэальнасці” прайшла маштабна. На ёй вопыт і лепшыя практыкі прадставілі кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, педагогі, навуковыя і грамадскія дзеячы з Беларусі, Расіі, Казахстана і інш. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Так, аб прыярытэтных вектарах развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на сучасным этапе расказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка. Яна адзначыла, што ва ўстановы дадатковай адукацыі сёння прыходзяць “новыя” дзеці, таму забеспячэнне якасці іх адукацыі і выхавання павінна ажыццяўляцца праз праграмы новага пакалення. Прычым, як паказаў вопыт установы, эфект ад іх павялічваецца, калі яны рэалізуюцца разам з сацыяльнымі партнёрамі — установамі адукацыі, культуры, навукі, грамадскімі арганізацыямі і інш. Прыкладаў гэтага ў цэнтры шмат. Сярод іх — доўгачасовыя культурна-адукацыйныя праекты “Грані творчасці”, “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”, эксперыментальны анлайн-праект “Лабараторыя творчасці”, рэспубліканскі літаратурны конкурс “Здабыткі гісторыі: асобы i падзеі”, рэспубліканскі інтэрнэт-квест “Мост пакаленняў”, прысвечаны Году міру і стварэння ў рамках рэспубліканскага праекта “Мастацтва падарожжа”, трансмедыяпраект “Арт-майстэрні” і інш.
Лакацыя для інавацый
Педагогамі дадатковай адукацыі аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі актыўна прымяняюцца STEM-тэхналогіі, асновай якіх з’яўляецца візуалізацыя навуковых з’яў, якая дазваляе наглядна ўбачыць усе тэарэтычныя заканамернасці ў практычным прымяненні і такім чынам зразумець тую ці іншую з’яву, працэс, закон прыроды і г.д. Адным з прынцыпаў гэтых тэхналогій з’яўляецца праектны падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу. Наглядным доказам эфектыўнасці гэтага падыходу стала праектная дзейнасць у аб’яднанні па інтарэсах “Распрацоўка гульняў у Unreal Engine”. Гэты кірунак у палацы быў адкрыты ў студзені 2020 года, але нават за такі кароткі тэрмін было паспяхова рэалізавана больш за 20 конкурсных праектаў. Адзін з іх — творча-тэхналагічны праект “Ваенна-патрыятычная трылогія “Фронт” — рэалізоўваўся з 2020 па 2022 год.
Яго вынікам стала камп’ютарная гульня, распрацаваная навучэнцам Аляксеем Рыжковым, якая складаецца з трох узроўняў. Асновай сюжэту кожнага ўзроўню з’яўляюцца гераічныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Над стварэннем кожнага ўзроўню навучэнец працаваў год, і ўсе яны былі прадстаўлены ў розныя гады на конкурс камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by” і былі ўдастоены дыпломаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Фронт 1.0” і “Фронт 2.0” — дыплома І ступені, “Фронт 3.0” — ІІІ ступені. Гульня актыўна ўжываецца на занятках у аб’яднаннях па інтарэсах пры правядзенні выхаваўчых і тэматычных мерапрыемстваў.
Дарыя МУСІНА, дырэктар Рэспубліканскага вучэбна-метадычнага цэнтра эстэтычнага выхавання “Балажан” (Бішкек, Кыргызстан): Такая канферэнцыя — гэта магчымасць разам ісці па вызначаным шляху, не вынаходзячы веласіпед, які дзесьці ўжо працуе.
Прадстаўнік Расійскай Федэрацыі Анастасія Філімонава расказала пра выкарыстанне ва ўстановах дадатковай адукацыі Расіі і Узбекістана тэхналогій дапоўненай рэальнасці.
“Існуе нейкая прадузятасць, нібы віртуальная рэальнасць адносіцца выключна да сферы забаў. Насамрэч гэта памылка. Тэхналогія віртуальнай сімуляцыі з’яўляецца магутным інструментам у руках педагога: магчымасці віртуальнага асяроддзя бязмежныя. У віртуальным асяроддзі эфект прысутнасці адчуваецца максімальна моцна, таму VR-падарожжа, знаёмства са славутасцямі, гісторыяй, магчымасць паглядзець на вядомыя лакацыі з незвычайнага боку могуць інтэгравацца ў любы адукацыйны кантэнт, звязаны з турыстычна-краязнаўчым сектарам. У такім фармаце можна зрабіць любую аглядную экскурсію, знаёмства з населеным пунктам, падарожжа, распрацаваць маршрут або паказаць у адным месцы некалькі аддаленых адна ад адной лакацый”, — адзначыла Настасся Філімонава і ў якасці прыкладу прывяла VR-гід па Ніжнім Ноўгарадзе. У занятках прадстаўлены некалькі значных для горада месцаў, якія зняты ў высокай якасці з поўным эфектам прысутнасці. Лакацыі дапоўнены інфармацыйнымі матэрыяламі: ад фота, відэа да трохвымерных інтэрактыўных аб’ектаў. Афлайн-частка прадстаўлена камандным квізам, прысвечаным гісторыі і асаблівасцям роднага горада.
У прафесію — ужо сёння
Педагогамі дадатковай адукацыі Беларусі быў шырока прадстаўлены інавацыйны вопыт работы па прафарыентацыі, у тым ліку і з адоранымі дзецьмі. Так, дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Грэцкі расказаў аб развіцці інжынерна-тэхнічных кампетэнцый навучэнцаў на аснове канструктарскай і праектнай дзейнасці прадпрыемстваў рэгіёна. З гэтай мэтай на базе цэнтра былі створаны летняя аздараўленчая пляцоўка “Тэхнастарт” і аздараўленчы лагер дзённага знаходжання дзяцей “Тэхнатраекторыя”.
Аляксандр КАДЛУБАЙ, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь: Сістэма дадатковай адукацыі, як ніякі іншы ўзровень адукацыі, у першую чаргу працуе на выхаванне асобы праз інтарэсы маладых людзей, праз іх захапленні.
“Такая форма арганізацыі вольнага часу навучэнцаў на сённяшні дзень аказалася найбольш запатрабаванай сярод падлеткаў, — адзначыў Аляксандр Грэцкі. — Адукацыйны кірунак уключаў практычныя заняткі ў канструктарскіх і праектных бюро, лабараторыях прадпрыемстваў, правядзенне лабараторных эксперыментаў па фізіцы і хіміі ў РУП “ВНВЦ “Тэхналаб”, работу ў розных тэхніках па тэхнічным мадэляванні, развіцці лагічнага мыслення, навыкаў калектыўна-творчай дзейнасці і вопыту выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій. Гэта дазволіла многім навучэнцам вызначыцца ў выбары прафесійнай дзейнасці”.
Інавацыйны падыход да фарміравання прафесійных кампетэнцый у галіне ландшафтнага дызайну прадставіла дырэктар Жлобінскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Аксана Урачанка. Асаблівасцю прадстаўленага вопыту з’яўляецца гарманічнае спалучэнне камп’ютарных тэхналогій, ландшафтнага мадэлявання і рэалізацыі праектаў на вучэбна-доследным участку.
“Дзеці распрацоўваюць эскізы і выконваюць планы на паперы, затым па эскізе выконваюць 3D-макеты. У рамках асваення камп’ютарнай праграмы праектуюць участак, падбіраюць расліны, выбіраюць стыль. Пры ландшафтным праектаванні яны выкарыстоўваюць камп’ютарную праграму Realtime Landscaping Architect. Гэты просты ландшафтны канструктар мае прыемны інтэрфейс і стварае ўмовы для якаснага ландшафтнага праектавання”, — патлумачыла Аксана Урачанка. А ў якасці прыкладаў рэалізацыі такіх праектаў яна назвала стварэнне ландшафтных кампазіцый на тэрыторыі ўстановы: “Сажалка ў садзе”, “Сад ценяў”, “Сад карысных раслін”, “Сад для насякомых”, паціа “Астравок шчаслівага дзяцінства”, “Усходні сад” і інш. Многія з гэтых праектаў сталі пераможцамі абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА