Кадэцкае сяброўства і братэрства нараджаецца на берагах Нарачы

- 12:21Адукацыйная прастора, Рознае

Сёлетняя грамадзянска-патрыятычная кадэцкая змена навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны” ў НДЦ “Зубраня” юбілейная і праводзіцца ў дзясяты раз, па традыцыі адкрываючы новы навучальны год у “Зубраняці”. Сюды на 21 дзень прыехалі 504 хлопчыкі і дзяўчынкі — пароўну з Беларусі і Расіі. Усе яны — самыя годныя навучэнцы 9—10 класаў спецыялізаваных кадэцкіх устаноў адукацыі, ваенна-патрыятычных класаў школ і гімназій Мінска, Магілёва, Брэста, Кобрына, Барысава, Кастрамы, Пермскага краю, Курганскай, Архангельскай і Яраслаўскай абласцей, Краснадарскага краю, Рэспублік Комі і Марый Эл і іншых рэгіёнаў Саюзнай дзяржавы — усяго 21 дэлегацыя.

Размясціліся кадэты ва ўтульных карпусах НДЦ “Зубраня”. Атрады аб’яднаны ў 4 роты, з кожнай працуе курсант Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь з ліку лепшых навучэнцаў. Культурна-адукацыйная праграма змены прадугледжвае экскурсіі для знаёмства з нашай краінай. У спісе для наведвання кадэтамі — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Нацыянальная бібліятэка ў Мінску, Мір і Нясвіж, этнавёска, маляўнічыя мясціны Нарачанскага краю. На заняткі кадэтаў запрашаюць аб’яднанні па інтарэсах і клубы “Зубраняці”. Цікава, што хлопцы, якіх у кадэцкай змене значная большасць, выбіраюць не толькі робататэхніку, 3D-мадэляванне ці аўтамадэляванне, а з задавальненнем вырабляюць сувеніры на занятках па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца пляценне фенечак з надпісамі на памяць.

Абавязкова дэлегацыі ўдзельнічаюць у конкурсах і спаборніцтвах кадэцкай змены: агляд-конкурс строю і песні, ваенна-спартыўная гульня “Ураган”, бег, плаванне, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Кожная дэлегацыя прэзентавала сябе і ўзяла ўд зел у конкурсе ваенна-патрыятычнай песні “Песня ў салдацкім шынялі”, а таксама конкурсе знаўцаў ваеннай гісторыі.

Да гэтых выпрабаванняў удзельнікі змены старанна рыхтаваліся, прадумвалі стратэгію. Напрыклад, каманда Смаленскага фельдмаршала Кутузава кадэцкага корпуса ўдзельнічае ў змене “За гонар Айчыны” штогод і мае свае сакрэты: “Мы абапіраемся на свой вопыт і рыхтавацца пачынаем амаль адразу, як заканчваецца папярэдняя змена. Выбіраем лепшых курсантаў у каманду і забяспечваем пераемнасць паміж тымі, хто пабываў на змене, і тымі, хто збіраецца,” — расказвае выхавальнік кадэцкага корпуса падпалкоўнік запасу Сяргей Мікалаевіч Навумаў.

Калі ў вышэйадзначаных мерапрыемствах спаборнічалі дэлегацыямі, то ў іншых “зубраняцкіх” спаборніцтвах уд зел бралі атрадамі. А ў склад кожнага атрада ўвайшлі дзве дэлегацыі — па адной з Расіі і Беларусі. Так кадэты з краін-суседак бліжэй пазнаёміліся. “Наша Гродзенская дэлегацыя аб’яднана ў атрад з дэлегацыяй з Уладзіміра, — расказвае выхаванка Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча Дар’я Драбняк. — Мы ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па валейболе, футболе, баскетболе, хутка пасябравалі, а потым, калі спаборнічалі ўжо дэлегацыямі ў аглядзе-конкурсе строю і песні і іншых дысцыплінах, зусім не адчувалі саперніцтва, а падтрымлівалі адно аднаго!”

Таксама кадэты бралі ўдзел у конкурсе чытальнікаў “Сэрцам да подзвігу ты дакраніся”, пошукавым праекце “Насіце ордэны і ў святы, і ў будні”, інтэрнэт-форуме “Сяброўства без межаў”, фестывалі мастацтваў, прыгодніцкім квесце, вечары бардаўскай песні. Наперадзе яшчэ многа цікавых мерапрыемстваў — напрыклад, традыцыйны кадэцкі баль. Таксама падлеткі пасадзяць алею сяброўства і сустрэнуцца за круглым сталом “Кадэцкі рух Беларусі і Расіі: на скрыжаванні ўзаемных інтарэсаў”.

Адным з цэнтральных і найбольш значных дзён змены з’яўляецца Дзень Саюзнай дзяржавы, які традыцыйна становіцца прыгожым святам. На сустрэчу да кадэтаў прыехалі прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, міністэрстваў адукацыі і абароны Беларусі, МНС.

— Прыемна сёння назіраць за вамі, бо вы — маладосць, прыгажосць, сіла, наша надзея і апора. Вы выбралі для сябе шлях служэння Айчыне — і шляху больш годнага няма, — звярнуўся да кадэтаў Аляксандр Іванавіч Сягоднік, член камісіі Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. — Заўсёды крочце па жыцці са словамі “За гонар Айчыны” на вуснах і ў сэрцы.

Дзень Саюзнай дзяржавы пачаўся парадам. У гэты дзень у “Зубраняці” працавала палявая кухня, выстава зброі, музычныя віншаванні дарыў духавы аркестр Мінскага сувораўскага вучылішча. На стадыёне выступілі курсанты факультэта ваеннай разведкі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікі Кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл краіны. Святочным падарункам стаў канцэрт “Са стагоддзя ў стагоддзе крочым разам”. Лазернае шоу і феерверк сталі прыгожым завяршэннем дня.

Кадэтаў чакае яшчэ шмат насычаных дзён змены, а таксама падвядзенне вынікаў спаборніцтваў і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. А галоўнай узнагародай для іх стане сяброўства, якое нарадзілася на берагах Нарачы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.