Па традыцыі кожны навучальны год у сярэдняй школе № 152 Мінска праходзіць урачыстая цырымонія пасвячэння ў кадэты.
Прыём у кадэты пачынаецца з 5 класа. Навучэнцы ўсведамляюць, што пасля прамоўленых ва ўрачыстай атмасферы слоў клятвы яны павінны быць сумленнымі, вернымі сябрамі, гатовымі прыйсці на дапамогу тым, хто трапіў у бяду, шанаваць гонар кадэта, добра вучыцца, выхоўваць у сабе лепшыя якасці чалавека, дастойнага грамадзяніна сваёй краіны.
Горда і ўрачыста гучаць словы камандзіра 5 “Б” класа Ірыны Рыбнікавай: “Клянуся з гонарам і годнасцю несці званне кадэта сярэдняй школы № 152 Мінска!”. Складана не заўважыць хваляванне, аднак немагчыма не звярнуць увагу і на поўныя радасці і шчасця вочы дзіцяці.
Традыцыя кадэцтва ў школе мае глыбокія карані. Работа ў гэтым напрамку пачалася яшчэ ў 2002 годзе. Спачатку гэта была актыўная прафарыентацыйная работа з вучнямі. У мэтах далейшага развіцця і ўмацавання сувязей навучэнскай моладзі з органамі ўнутраных спраў, забеспячэння якаснай прафесійнай арыентацыі выпускнікоў школы для наступнага навучання ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і іншых установах адукацыі юрыдычнага профілю, павышэння ўзроўню інтэлектуальнага, маральнага, фізічнага развіцця і прававой культуры навучэнцаў быў заключаны дагавор паміж сярэдняй школай № 152 Мінска і Акадэміяй МУС Рэспублікі Беларусь. У аснове ўзаемадзеяння — дапамога моладзі ў выбары будучай прафесіі, фарміраванне ў вучняў высокіх маральна-валявых якасцей, актыўнай жыццёвай пазіцыі, дзяржаўнага светапогляду, выхаванне ў духу патрыятызму, грамадзянскасці, законапаслухмянасці.
Кіраўніцтва школы пачало актыўна прыцягваць да ўзаемадзеяння прадстаўнікоў факультэта даўніверсітэцкай і прафарыентацыйнай падрыхтоўкі Акадэміі МУС, факультэта па рабоце з моладдзю, групы інфармацыі і грамадскіх сувязей, кафедраў беларускай і замежнай моў, педагогікі і псіхалогіі, філасофіі і ідэалагічнай работы, прафесійна-прыкладной фізічнай падрыхтоўкі, тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”.
У адпаведнасці з дагаворам, у 2009 годзе ў школе быў адкрыты 5 кадэцкі клас. Пачалося супрацоўніцтва з вайсковай часцю 5448, УУС Ленінскага раёна Мінска, цэнтральнай бібліятэчнай сістэмай Асіповіч Магілёўскай вобласці ў рамках рэалізацыі праекта “Шлях да Абеліска“. З сакавіка 2014 года навучэнцы школы пачалі пошукавую работу, звязаную з ветэранамі праваахоўных органаў. Была арганізавана работа па зборы матэрыялаў для кнігі “Памяць”, прысвечанай супрацоўнікам, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.
Мы разумеем, як важна захаваць традыцыю кадэцтва. У маі 2017 года на базе школы быў адкрыты цэнтр грамадзянскага і патрыятычнага выхавання Ленінскага раёна Мінска. Работа вядзецца з навучэнцамі і педагагічнымі работнікамі як самой школы, так і ўстаноў адукацыі раёна. Для трансляцыі перадавога педагагічнага вопыту наладжана супрацоўніцтва з рознымі ўстановамі адукацыі нашай краіны і Расіі.
Сярод праведзеных мерапрыемстваў трэба адзначыць круглы стол “Вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг. — аснова грамадзянскага і патрыятычнага выхавання сучаснай моладзі”, праведзены сумесна з БДПУ імя Максіма Танка; семінар “Адраджэнне і ўмацаванне духоўна-маральных традыцый ва ўмовах сацыякультурнай прасторы адукацыйнай установы як важны складнік грамадзянскага і патрыятычнага выхавання”; раённую інтэлектуальную гульню для навучэнцаў “Мая краіна — мая Беларусь”; прававую алімпіяду “Феміда” і інш. Гэтыя мерапрыемствы таксама становяцца школьнымі традыцыямі.
Важнай падзеяй лічым правядзенне форуму навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія супрацоўнічаюць з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (з міжнародным удзелам). Традыцыйна форум праходзіць у красавіку. Тэмамі для абмеркавання на конкурсе работ даследчага характару і праектаў становяцца розныя аспекты кадэцкага руху, значныя даты ў гісторыі. Удзел прымаюць навучэнцы з устаноў адукацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама партнёры з Масквы, Смаленска, Валгаграда, Калугі, Калінінградскай вобласці. Праграмай форуму прадугледжваецца не толькі работа па секцыях, але і ўрок мужнасці з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл Беларусі, прэзентацыя відэа “Свой свет мы будуем самі”, інтэрактыўная пляцоўка “Зносіны” з удзелам курсантаў Акадэміі МУС.
Работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, якая праводзіцца ў школе, дае свае вынікі. Кадэцкае выхаванне садзейнічае фарміраванню ў вучняў пачуцця вернасці сваёй Айчыне, малой радзіме, школе.
Алена ЦІТОВА,
дырэктар сярэдняй школы № 152.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.