СЦЯПАНАВА Юлія Уладзіміраўна,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Барысава.
У 2008 годзе скончыла Барысаўскі дзяржаўны педагагічны каледж, у 2011 годзе — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Выкладае англійскую мову ўжо дзевяць гадоў. У сваёй педагагічнай дзейнасці імкнецца пастаянна рухацца наперад, знаходзіцца ў пошуку яркіх і карысных ідэй, спрабуе новае, дзеліцца вопытам з калегамі і вучыцца ў сваіх падапечных.
Намінацыя “Замежная мова”
Сучасная педагогіка і псіхалогія таксама прызнаюць наяўнасць кардынальных змен у паводзінах сучасных дзяцей — “лічбавых абарыгенаў”, развіццё і выхаванне якіх непасрэдна звязана з выкарыстаннем інфармацыйных гаджэтаў. Іх успрыманне рэчаіснасці адрозніваецца ад таго, як бачаць гэты свет “лічбавыя іншаземцы”, што засвойвалі камп’ютарную дасведчанасць ужо ў свядомым узросце. Шмат увагі ўдзяляецца асаблівасцям развіцця сучасных навучэнцаў, іх перспектывам і сацыяльнай ролі ў будучыні. Сёння адукацыя арыентуецца на выхаванне поліфункцыянальнай асобы, дзейнасць якой будзе запатрабавана як з прафесійнага, так і з сацыяльнага пункту гледжання. Сацыёлагі склалі спіс прафесійна значных і каштоўных кампетэнцый для чалавека-2020, а менавіта ўменне падтрымліваць зносіны і працаваць у камандзе, вырашаць комплексныя задачы, крытычна мысліць, развіваць творчыя здольнасці, разважаць і прымаць рашэнні, мець кагнітыўную гібкасць. Такім чынам, можна зрабіць выснову: сучасных дзяцей нельга вучыць традыцыйнымі метадамі, паколькі яны губляюць сваю актуальнасць і эфектыўнасць.
Ва ўмовах зменлівай рэальнасці і глабальнай інфарматызацыі грамадства прымяненне лічбавых сродкаў навучання ўсё менш пужае сучасную школу, таму што менавіта пры дапамозе інфармацыйна-мультымедыйных прадуктаў можа адбывацца паўнацэннае комплекснае развіццё сённяшніх навучэнцаў.
Садзейнічаць развіццю кагнітыўна гібкай асобы, вучыць думаць, лагічна выказваць свае думкі, прымаць рашэнні, рэагаваць на зменлівыя рэаліі ў рамках камунікацыі — менавіта той напрамак, які Юлія Уладзіміраўна абрала вядучым у сваёй педагагічнай дзейнасці. Кагнітыўная гібкасць — гэта здольнасць кантраляваць псіхічныя пазнавальныя працэсы, мяняць паводзінскія рэакцыі і рэканструяваць ход думак у адпаведнасці з іншымі нязвыклымі ўмовамі і акалічнасцямі, асабістымі матывамі і пастаўленымі задачамі. Вывучэнне замежнай мовы напрамую звязана са зменамі ў свеце, з’яўленнем новых тэндэнцый і ўсведамленнем асабістага вопыту навучэнцаў.
Выкарыстанне сродкаў і інструментаў інтэрнэт-прасторы дапамагае педагогу адказаць на хвалюючыя пытанні “навошта?” і “як?”. Багацце сервераў і анлайн-рэсурсаў дазваляе з лёгкасцю ўцягваць навучэнцаў у свядомае навучанне, садзейнічае рэалізацыі кагнітыўнай функцыі. Ствараючы ўласныя мультымедыйныя матэрыялы, Ю.У.Сцяпанава стараецца ўлічваць усе псіхалагічныя і метадычныя аспекты. Выкарыстанне мультымедыйных прадуктаў надае асаблівую кантэкстуальную афарбоўку як уроку ў цэлым, так і кожнаму этапу ў прыватнасці, служыць лагічнай апорай і асновай для дзейнасці ўдзельнікаў працэсу, дапамагае стварыць сітуацыю поспеху для кожнага.
Для ўздзеяння на ўспрыманне розных груп навучэнцаў, візуалаў і аўдыялаў, настаўніца выкарыстоўвае камп’ютарную графіку, створаную на аснове рэсурсаў GoAnimate.com. Тэхнічныя магчымасці гэтай анлайн-крыніцы здольны стварыць персанаж, аднавіць гукавы рад і задаць патрэбныя характарыстыкі. Відэарад дазваляе ўплываць на апрацоўку і інтэрпрэтацыю інфармацыі. Спецыяльна распрацаваныя мультыплікацыйныя ролікі могуць стварыць праблему, якая запатрабуе абмеркавання: персанаж можа паведаміць навучэнцам аб сваім выхадным дні ці аб любімым занятку, а ўстаноўка перад праглядам здольна сканцэнтраваць увагу на пошуку адказу падчас прагляду. Такім жа чынам працуе і рэсурс ToonyTool.com, тэхнічныя магчымасці якога дазваляюць ствараць коміксы.
Для трэніроўкі памяці Юлія Уладзіміраўна выкарыстоўвае спектр функцый рэсурсу LearningApps. Напоўненасць практыкаванняў, дакладныя ўстаноўкі, алгарытмічнасць выканання заданняў дапамагаюць прыводзіць у сістэму пазнавальныя функцыі свядомасці навучэнцаў.
Вартасць распрацаваных педагогам інтэрактыўна-мультымедыйных матэрыялаў у тым, што яны могуць мяняць умовы ўзаемадзеяння ўдзельнікаў камунікацыі, уздзейнічаць на псіхічныя кагнітыўныя працэсы і рэгуляваць дзейнасць навучэнцаў, абапіраючыся на іх асабісты вопыт.
Трэба адзначыць, што выкарыстанне інтэрактыўна-мультымедыйнага кантэнту — дапаможны сродак развіцця кагнітыўнай гібкасці навучэнцаў, ключавым жа інструментам з’яўляецца асобасная ўстаноўка і арыентацыя навучэнцаў. Несумненна, наяўнасць інтэрактыўна-мультымедыйнага кантэнту павышае цікавасць да вывучэння замежнай мовы.