Калейдаскоп метадычных напрацовак прадставілі пераможцы конкурсу «Навучаем. Прасоўваем. Дзейнічаем»

- 16:13Новости

Метадычны форум “Вучым. Прасоўваем. Дзейнічаем” сабраў пераможцаў аднайменнага конкурсу, якія на пляцоўцы БДПУ прэзентавалі свае вучэбныя заняткі, класныя гадзіны і іншыя праекты, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Форум стаў фінальным мерапрыемствам II Рэс­публіканскага конкурсу метадычных матэрыялаў “Вучым. Прасоўваем. Дзейнічаем”, які праводзіўся па ініцыятыве каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ. Як адзначыла начальнік цэнтра Інеса Зубрыліна, адаптуюцца розныя педагагічныя, андрагагічныя — любыя адукацыйныя тэхналогіі, каб сэнсы Мэт устойлівага развіцця зразумелай мовай данесці да прадстаўнікоў усіх узростаў.

“Гэты конкурс з’яўляецца адным са спосабаў прыцягнення педагагічнай грамадскасці да пытанняў прасоўвання ідэй, каштоўнасцей устойлівага развіцця і пошуку новых эфектыўных методык і тэхналогій, якія можна выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе, калі толькі пачынаем гаварыць пра неабходнасць клопату аб навакольным асяроддзі, пра сартаванне смецця і любыя іншыя дружалюбныя звычкі”, — заўважыла Інеса Уладзіміраўна.

Пра важнасць фарміравання кампетэнцый педа­гогаў у галіне адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, папулярызацыю ідэй і каштоўнасцей устойлівага развіцця сярод педагагічнай грамадскасці і прасоўванне МУР сярод дзяцей і моладзі гаварылі ў сваіх вітальных словах намеснік начальніка ўпраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Мінчанка і прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ Вераніка Радыгіна.

II Рэспубліканскі конкурс метадычных матэрыялаў “Вучым. Прасоўваем. Дзейнічаем” і аднайменны метадычны форум уключаны ў план рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Падтрымка намаганняў Рэспублікі Беларусь у нацыяналізацыі і лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця”. Партнёрам праекта з’яўляецца Дзіцячы фонд ААН ЮНІСЕФ у нашай краіне. Са словамі віншавання да ўдзельнікаў форуму звярнулася старшы каардынатар па пытаннях развіцця падлеткаў прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Вікторыя Лазюк.

У конкурсе прынялі ўдзел 310 настаўнікаў, 5 метадыстаў, 15 педагогаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 32 выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі, 31 студэнт і 19 навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці. Найбольш актыўнымі аказаліся педагогі Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Усяго на адрас арганізацыйнага камітэта было даслана 412 работ.

34 педагогі сталі лаўрэатамі конкурсу і падчас метадычнага калейдаскопа, арганізаванага пасля ўзнагароджання, азнаёмілі з адметнасцямі сваіх напрацовак у чатырох намінацыях: “Вучэбныя заняткі”, “Пазакласнае мерапрыемства”, “Адукацыйны сацыяльна значны праект”, “Медыяпрадукт”.

Прадстаўленыя работы ўражвалі ідэямі, арыгінальнасцю падачы матэрыялу, калабарацыяй намаганняў, прадметаў і тэм. У прыватнасці, уразіў урок па інфарматыцы, прадстаўлены настаўніцамі інфарматыкі Вольгай Счасновіч (Варатынская сярэдняя школа Бабруйскага раёна) і Святланай Пузіноўскай (сярэдняя школа № 4 Дзяржынска), якія зрабілі яго міжпрадметным, насычаным і дынамічным. Як і настаўнік фізікі Хатыніцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Дзмітрый Бондар, які змог не толькі ўлічыць узроставыя асаб­лівасці навучэнцаў, але і адаптаваць змест свайго ўрока пад адну з Мэт устойлівага развіцця.

Асобна хочацца адзначыць прадстаўнікоў педагагічных класаў. Навучэнкі 10 класа гімназіі № 2 Ваўкавыска Соф’я Лічык і Надзея Вертаградава прааналізавалі ўсе праекты і мерапрыемствы, якія праходзілі ў гімназіі і былі прысвечаны Мэтам устойлівага развіцця. І справіліся на выдатна, што сведчыць пра іх педагагічны талент.

Лепшым быў прызнаны праект настаўніцы пачатковых класаў намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Оршы Святланы Емяльянавай-Раманоўскай, якая прадставіла пазакласнае мерапрыемства “Мэты ўстойлівага развіцця” для навучэнцаў 4-х класаў. Святлана Пятроўна прыдумала і зрабіла малюнкі-асацыяцыі да ўсіх 17 Мэт устойлівага развіцця. Прапанаваныя прыёмы мнематэхнікі вельмі ўразілі студэнтаў БДПУ, якія дапамагалі настаўніцы правесці класную гадзіну. Можна меркаваць, што яны знойдуць сваё адлюстраванне падчас іх педпрактыкі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота прадастаўлены арганізатарамі