Калейдаскоп творчых знаходак

- 11:55Адукацыйная прастора

На працягу месяца ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці праходзіла 47-я абласная выстава дзіцячай творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп”. На выставу былі заяўлены 140 работ выяўленчай і 625 дэкаратыўна-прыкладной творчасці школьнікаў і выхаванцаў устаноў дадатковай адукацыі.

Лепшыя работы дэманстраваліся ў залах цэнтра ў намінацыях “Тэкстыль”, “Мастацкі роспіс”, “Мастацкая саломка”, “Кераміка”, “Выцінанка”, “Лялька”, “Кампазіцыя ў нацыянальным стылі”, “Сюжэтная кампазіцыя на тэму казкі”, “Жывапіс”, “Графіка” і інш. Разнастайнасцю матэрыялаў і тэхнік выканання вылучаліся работы навучэнцаў Іванаўскага і Кобрынскага раённых цэнтраў дзіцячай творчасці, Драгічынскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Цэнтра дзіцячай творчасці Івацэвіч, цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы і Пінска, Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна.

Цікавых лялек, кампазіцыі ў народным стылі прэзентавалі выхаванцы ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Чараўніца” і ўзорнай студыі народнай цацкі “Лялька” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярозы, узорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” са Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Арыгінальныя вышытыя і тканыя ручнікі падрыхтавалі навучэнцы ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Макатка” і аб’яднання па інтарэсах “Беларускае ткацтва” з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Белаазёрска.

Журы адзначыла рост майстэрства ў выкананні творчых работ і іх высокі мастацкі ўзровень.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.