Юны мастак з аграгарадка Акцябрская Віцебскага раёна вучань 6 класа мясцовай сярэдняй школы Тадэвуш Урбель па-асабліваму ўспрымае свет і ўзаемадзейнічае з ім. Прычына таго — аўтызм. Тым не менш гэта не перашкаджае яму вучыцца разам са звычайнымі дзецьмі. У Тадэвуша добрыя інтэлектуальныя здольнасці, таму ён асвойвае агульнаадукацыйную праграму. У школе яму дапамагае выхавальнік суправаджэння (цьютар), а дома бацькі прыкладваюць велізарныя намаганні для таго, каб іх сын атрымліваў усебаковае развіццё.
“Тадэвуш нарадзіўся ў 2008 годзе, — расказвае яго мама Аліна Урбель-Сафіна. — У яго ёсць малодшыя брат і сястра. Галоўнае, аб чым хвалююцца ўсе бацькі ў першыя гады жыцця свайго дзіцяці, — гэта маўленчае развіццё. Маўленне малыша можа адрознівацца ад маўлення іншых дзяцей або зусім адсутнічаць, як было ў выпадку з Тадэвушам. Каб праявіць сябе, ён часцей выкарыстоўваў рухі, мог перайсці на крык. Жадання ўступаць у камунікацыю ў яго не ўзнікала. Нам не ўдавалася ўстанавіць з сынам і зрокавы кантакт. Калі яму было 3 гады, мы заўважылі, што ён незвычайна гуляе з цацкамі. Мог скласці іх у рад па колерах або памеры, яго гульні не былі сюжэтна-ролевымі.
Размаўляць сын пачаў дзесьці ў 7 гадоў, але па-асабліваму, не вельмі дасканала. І сёння, хоць ён мае вялікі слоўнікавы запас, звязваць словы ў сказы і граматычна правільна іх выбудоўваць яму складана. Словы, якія завучыў, ён можа мяняць па склонах, вызначаць іх род і правільна ўжываць. Калі ж трэба з незнаёмых слоў скласці сказ, то ён гаворыць нібыта замежнік. Тадэвушу паставілі дыягназ “ранні дзіцячы аўтызм”. Але, паколькі інтэлект у яго захаваны, мяркую, што ў яго сіндром Аспергера. Па вялікім рахунку, для работы з такімі дзецьмі дыягназ не мае вялікага значэння. Спецыяліст вырашае тую праблему, якую бачыць”.
Тадэвуш хадзіў у звычайны дзіцячы сад у аграгарадку Акцябрская. І ў мясцовай школе ён працягнуў навучанне са сваімі аднагрупнікамі. Яго знаходжанне ў калектыве са звычайнымі дзецьмі станоўча ўплывае на ўсіх. Звычайныя дзеці становяцца больш спагадлівымі, а Тадэвуш вучыцца падтрымліваць зносіны. Сям’я хлопчыка бязмерна ўдзячна настаўніцы пачатковых класаў Алене Рыгораўне Вінакуравай за ўсё добрае, што яна зрабіла для Тадэвуша. Вопыт работы з дзецьмі з аўтызмам яна пераймала на семінарах і курсах. А настаўнікам сярэдняга звяна ўсе нюансы тлумачылі спецыялісты карэкцыйнага цэнтра. Ніхто не здзіўляецца незвычайным паводзінам хлопчыка. Праблем з аднакласнікамі і іншымі дзецьмі ў яго не ўзнікае. Яны разам гуляюць на перапынках, падчас канікул Тадэвуш сумуе па сябрах. Добра прынялі яго і бацькі вучняў, а таксама ўвесь калектыў установы на чале з дырэктарам Юліяй Анатольеўнай Цярэшчанка.
Вучыцца Тадэвуш на 8—9 балаў, хоць бягучыя адзнакі бываюць кардынальна розныя: і 4, і 10 балаў. Напрыклад, яму цяжка даецца разуменне схаванага сэнсу задач. А прыклады, што рашаюцца па формуле, іду ць выдатна. Па рускай мове ён піша без памылак словы, якія яму ўжо сустракаліся, але не разумее інтанацыю, з якой дыктуе тэкст настаўнік, таму не можа правільна расставіць знакі прыпынку. Па літаратуры вершы на памяць адказвае бліскуча, але прачытаць прозу і пераказаць дакладна сюжэт не можа. Калі герой твора відавочна дрэнны ці добры чалавек, то хлопчык перажывае разам з ім простыя і вельмі кантрасныя пачуцці, дакладна яго характарызуе. А вось гульня думак і пачуццяў для Тадэвуша незразумелая. Калі ён піша сачыненне, то прывязвае яго змест да свайго рэальнага жыцця. На ўроках гісторыі, напрыклад, любіць адказваць тэму каля дошкі, а не з месца, як гэта робяць астатнія. Так ён адчувае сябе больш упэўнена. Ужо другі год Тадэвуш усведамляе, што такое добрая адзнака. Да гэтага ўсе балы ўспрымаліся ім аднолькава. Калі хлопчык быў у 2 класе, бацькі заўважылі, што ён вельмі добра гаворыць на англійскай мове, мае вялікі слоўнікавы запас, хоць паўнацэнны дыялог выбудаваць з ім не атрымліваецца. А яшчэ ў яго выдатнае пачуццё колеру, формы і кампазіцыі.
З сямі гадоў хлопчык зацікавіўся жывапісам, графікай і фатаграфіяй. Яго мама і тата мастакі па адукацыі, таму адразу падтрымалі захапленне сына. У 7 гадоў запісалі яго ў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі ў гурток па фота, куды ён хадзіў год, а затым на маляванне. Заняткі праходзяць чатыры разы на тыдзень. На працягу некалькіх гадоў настаўнікам хлопчыка была Валянціна Ігараўна Аўсяннікава, магістр мастацтвазнаўства, выпускніца мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава. Сёння з ім займаецца Юлія Міхайлаўна Салаўёва, педагог дадатковай адукацыі ўзорнай дзіцячай выяўленчай майстэрні “Маленькія чараўнікі”.
Паколькі дзеці з аўтызмам усе змены ў сваім жыцці часта ўспрымаюць у штыкі, не шукаюць перамен, то першы час дадатковыя заняткі з педагогамі даваліся з цяжкасцю. Але дарослыя праяўлялі настойлівасць, каб захапіць хлопчыка новай справай. Тадэвушу цікавыя макраздымкі, ён разглядае ў аб’ектах дэталі, шукае дробязі, напрыклад, каляровыя плямы на фотапартрэтах. Пры апрацоўцы фатаграфій на камп’ютары заўсёды максімальна павялічвае іх. Яму купілі ўсе неабходныя прыстасаванні для якасных макраздымкаў. Фотаработы Тадэвуша можна ўбачыць на старонцы ў “Інстаграме”, якую вядзе яго мама Аліна.
В.В.Харэвіч: “Для нашай краіны навучанне дзяцей з аўтызмам у звычайных школах у суправаджэнні цьютараў дастаткова новы вопыт. Але нават ён паказвае: чым раней пачаць займацца з такімі дзецьмі, сацыялізаваць іх, тым большых поспехаў яны змогуць дасягнуць. Многія ведаюць, што існуе аўтызм на мяжы геніяльнасці. У свеце ёсць прыклады, калі такія людзі вучацца ва ўніверсітэтах у суправаджэнні цьютараў. Магчыма, і мы да гэтага прыйдзем. Такіх дзяцей становіцца ўсё больш, а значыць, усё актыўней грамадства павінна рэагаваць на іх запыты, у тым ліку адукацыйныя”.
Па вечарах Тадэвуш малюе фламастарамі, алоўкамі, гуашшу, акварэллю, алеем. Выбірае матыў, напрыклад, цягнік, і можа маляваць увесь вечар, за некалькі гадзін зрабіць аж 200 аднолькавых цягнікоў. Затым вырашае дадаць да цягніка выяву маста і яшчэ 100 аднолькавых работ атрымаецца. Бачачы такую яго апантанасць, бацькі звярнуліся ў аб’яднанне па інтарэсах “МультыСтудыя” пры Палацы дзяцей і моладзі. На працягу года Тадэвуш маляваў і здымаў пакадрава мульцік-хвілінку “Віцебскі трамвай” у тэхніцы перакладной анімацыі, які можна знайсці па спасылцы https://youtu.be/uia0LdOZ8T8. Да 1045-годдзя Віцебска юны мастак таксама стварыў серыю карцін, прысвечаных любімаму гораду.
Штогод да Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі пра аўтызм праходзяць выставы карцін і фотаработ Тадэвуша пад агульнай назвай “Калейдаскоп”, якія адлюстроўваюць асаблівасць успрымання людзьмі з аўтызмам навакольнага свету. Такія выставы прайшлі ў мастацкім музеі Віцебска, абласной бібліятэцы імя В.І.Леніна, на мастацка-графічным факультэце ВДУ імя П.М.Машэрава, у абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы. Наведвальнікі адзначаюць незвычайны падыход мастака да творчасці, яркасць фарбаў, іх цікавае спалучэнне, арыгінальнасць ідэй. Тадэвуш — майстар калажаў і аплікацыі, ён аддае перавагу вялікім фарматам і яркім фарбам. Але ёсць у яго і невялікія графічныя работы.
Выяўленчая дзейнасць для Тадэвуша — гэта спосаб зносін са светам, які дапамагае яму знізіць эмацыянальнае напружанне, стварыць адчуванне камфорту, перадаць у малюнку ўнутраны свет, свае перажыванні. І творчасць мастака адзначана па заслугах: на 47-й Міжнароднай выставе мастацкіх твораў дзяцей Лідзіцэ, на 5-м Міжнародным конкурсе мультыплікацыі і дыяфільмаў “На сваёй зямлі” за ролік “Віцебскі трамвай” (дыплом лаўрэата з медалём), на Рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаЁлка” (дыплом ІІ ступені), на ХХ Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Квант” (1-е месца ў секцыі “Астраномія і ракетакасмічны мадэлізм”), на абласным этапе ХІ Рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод” у намінацыі “Мастацкая фатаграфія”, на абласным этапе Рэспубліканскай выставы-конкурсу мастацкіх праектаў “КраЯвід” у намінацыі “Авангардная Беларусь” (дыплом І ступені) і інш.
Мама хлопчыка Аліна Урбель-Сафіна наведала мноства курсаў і семінараў, прачытала шмат кніг аб аўтызме. І вывела для сябе і сваёй сям’і своеасаблівую формулу шчасця. “Трэба клапаціцца пра сябе, таму што мама можа вельмі хутка эмацыянальна выгарэць, а значыць, будзе няздольная паўнацэнна дапамагаць свайму асабліваму дзіцяці, — гаворыць Аліна. — Жанчыне абавязкова трэба клапаціцца пра мужа, не перагружаць яго праблемамі, тым больш не ціснуць на псіхіку, маўляў, жыццё скончылася, бо ў нас хворае дзіця. Мужчыны часцей за ўсё гэтага не вытрымліваюць. Удзяляць увагу дзецям у сям’і неабходна пароўну. Дарыць больш любові асабліваму дзіцяці на шкоду здаровым нельга. Тадэвуш разумее, што трэба любіць і клапаціцца пра ўсіх членаў сям’і, і абавязкова пра малодшых браціка і сястрычку. Калі не выконваць падобны баланс у сямейных адносінах, то сям’я, хутчэй за ўсё, разбурыцца, як картачны домік, ці будзе глыбока няшчаснай. Я бачыла ўсё гэта на чужых прыкладах. Таму лічу, што львіная доля адказнасці за тое, каб з сем’яў, дзе ёсць асаблівыя дзеці, не сыходзілі мужчыны, ляжыць на жанчыне. Вельмі важна таксама, каб бацькі разумелі, што рабіць з асаблівым дзіцем. Калі яны недаацэньваюць або пераацэньваюць яго здольнасці, або зусім не разумеюць, чаго хочуць, і спрабуюць на іншых перакласці свае праблемы, нічога добрага не выйдзе. Не маю права нікога асуджаць, але бачу, што ёсць дзеці з асаблівасцямі, якія маглі б хадзіць у звычайныя школы. Але з-за таго, што іх бацькі па нейкіх прычынах не ўдзялялі ўвагі гэтым пытанням, тыя знаходзяцца дома”.
На ўроках і перапынках у школе Тадэвуша суправаджае выхавальнік (цьютар) Васіль Віктаравіч Харэвіч. Яго задача — дубліраваць яму інфармацыю, якую агучвае настаўнік класу. Акрамя таго, цьютар адказвае за жыццё і бяспеку дзіцяці ў вучэбны час, а таксама пры неабходнасці максімальна нармалізуе паводзіны свайго падапечнага. Васіль Віктаравіч — настаўнік гісторыі і да таго ж выкладае гэты прадмет дома ў двух вучняў.
Цьютара для Тадэвуша шукалі яго бацькі. Хацелі, каб гэта быў мужчына, і каб паміж педагогам і іх сынам існаваў эмацыянальны і псіхалагічны кантакт. Штодня яго мама цікавіцца ў Васіля Віктаравіча, як прайшоў іх вучэбны дзень, выказвае некаторыя просьбы, напрыклад, паўтарыць дамашняе заданне перад урокам, даведваецца ў яго, што праходзілі на ўроках і як Тадэвуш зразумеў новы матэрыял, якія каментарыі да дамашніх заданняў рабілі настаўнікі, на што варта звярнуць увагу і г.д.
“Працаваць з Тадэвушам мы пачалі, калі ён вучыўся ў 2 класе. На той момант я быў у пошуках работы і так атрымалася, што бацькі хлопчыка выйшлі на мяне, — гаворыць Васіль Віктаравіч. — Па адукацыі я настаўнік гісторыі, скончыў ВДУ імя П.М.Машэрава. Спецыяльных ведаў па дэфекталогіі на той момант не меў. Але неўзабаве прайшоў навучанне на курсах, заняўся самаадукацыяй, рашэнні прымаў, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі і назіранняў за Тадэвушам. Усе людзі з аўтызмам вельмі розныя, з рознымі характарамі, у кожнага з іх свая глыбіня аўтызму. Псіхалагічна я сышоўся з Тадэвушам. Наладжвалі з ім адносіны цэлы навучальны год, асабліва складанымі былі першыя паўгода. У класе падчас урокаў я сяджу побач з ім за партай і дублірую дзеянні і словы настаўнікаў. Звяртаю ўвагу на тое, што яму трэба спісаць з дошкі, на самае галоўнае, што гаворыць настаўнік, дапамагаю працаваць з падручнікам і сшыткам. Тадэвуш — кемлівы хлопчык, досыць хутка схоплівае матэрыял, хоць з ім займацца трэба больш, чым са звычайнымі дзецьмі, і праяўляць пры гэтым настойлівасць. Адчуваецца, што велізарную работу з ім праводзяць бацькі.
З кожным годам назіраю прагрэс у развіцці Тадэвуша як асобы, бачу, як расце ўзровень яго самасвядомасці, паляпшаецца якасць яго жыцця і камунікацыі. Калі б ён знаходзіўся дома, такіх поспехаў не было б. Яму патрэбны сацыяльны кантакт, адчуванне, што ён не адзін, што побач з ім яшчэ 18 аднакласнікаў і сяброў. Назіраючы за звычайнымі дзецьмі, ён цягнецца за імі, асвойвае нормы паводзін. Ніхто і не здагадаецца збоку аб яго парушэнні. Але аднаго пакідаць яго надоўга нельга, паколькі ён вельмі няўважлівы і могуць узнікнуць непрыемнасці. Са школы і ў школу яго водзяць бацькі. А ў школе я адказваю за яго бяспечнае перамяшчэнне.
Дасягнуць устойлівых адносін з аўтычным дзіцем і стварыць умовы для праяўлення ім сваіх пачуццяў няпроста. Побач з ім і я многаму навучыўся, перш за ўсё цярпенню, набыў унутраную загартоўку, назіральнасць. Дык хто ж яны, дзеці з аўтызмам? Такія ж дзеці са сваімі інтарэсамі, станоўчымі бакамі і недахопамі. Яны маюць такія ж правы і павінны мець такія ж магчымасці, што і іншыя людзі. Задача нашага грамадства — працягнуць руку дапамогі асаблівым дзецям, каб яны змаглі адаптавацца ў сучасным свеце”.
Надзея ЦЕРАХАВА.