Калектыў Міністэрства адукацыі далучыўся да рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!»

- 13:44Новости

Калектыў Міністэрства адукацыі прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”, старт якой абазначыў 11 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Супрацоўнікі міністэрства працавалі над аднаўленнем участкаў ляснога фонду, які пацярпеў у выніку разгулу ліпеньскай стыхіі на тэрыторыі аграгарадка Лукі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці (49-ы лясны квартал, участак плошчай 27,7 га). На пасадку сосен, елак і бяроз выйшлі каля 60 работнікаў сістэмы.

— Мне здаецца, гэта самы лепшы спосаб для таго, каб калектыў змяніў від дзейнасці, працуючы не толькі ў кабінетах над тымі задачамі, якія сёння стаяць у сістэме адукацыі, але і заняўся фізічнай працай у такое цудоўнае надвор’е, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — А тое, што мы аднаўляем участак, пашкоджаны падчас летняга ўрагану, прыносіць задавальненне ўдвая.

Міністр звярнуў увагу на тое, што ведамства кожны год вясной і восенню ўключаецца ў падобныя акцыі. Андрэй Іванавіч падкрэсліў, што каля 1,8 тысячы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі маюць свае прышкольныя ўчасткі альбо замацаваныя пладовыя сады. І гэта элемент добрага працоўнага і экалагічнага выхавання. Дзіця, якое сваімі рукамі пасадзіць дрэва, збярэ ўраджай, будзе цаніць гэта, берагчы прыроду. Важна і тое, каб дарослыя падавалі маладому пакаленню станоўчы прыклад. Таму і апарат Міністэрства адукацыі, і УВА, каледжы, школы актыўна прымаюць удзел у акцыі “Дай лесу новае жыццё!”.

— Трэба на гэтыя месцы гадоў праз 10 выязджаць і глядзець, як лес падымаецца, — падзяліўся эмоцыямі намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, які нарадзіўся і вырас у Карэліцкім раёне і тут у свой час навучыўся саджаць лес.

Да акцыі далучыўся і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык, які адзначыў уменне беларусаў дзейнічаць калектыўна, збірацца талакой, калі трэба вырашыць узнікшую праблему. Сёння — гэта пасадка лесу, кожны гектар якога мае вялікую каштоўнасць для краіны.  

У суботні дзень прадстаўнікі Міністэрства адукацыі высадзілі больш за 9 тысяч маладых дрэў.

Нагадаем, што ў Навагрудскім лясгасе ад стыхіі пацярпела 118,9 га лесу, з іх у Карэліцкім лясніцтве, якое да яго адносіцца, знішчана каля 85 га. Каб вырас такі лес, якім ён быў да гэтага, спатрэбіцца не менш за 60 гадоў. Пра гэта расказаў дырэктар лясгаса Дзмітрый Каранюк. Таксама ён заўважыў, што пастаўлена задача ўвесь пашкоджаны лес аднавіць у тры этапы да восені 2025 года.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара