Пэн Ліюань, жонка старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна, запрасіла калектывы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі наведаць Кітай. Аб гэтым паведаміла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава.
Віцэ-прэм’ер суправаджала жонку кітайскага лідара ў час наведвання Цэнтра мастацкай творчасці. “Убачыўшы выступленне навучэнцаў, Пэн Ліюань запрасіла творчыя калектывы наведаць Кітай. Яна сказала: “Мы будзем вельмі рады, калі творчыя калектывы, якія я сёння бачыла, прыедуць для таго, каб у Кітаі ўбачылі беларускую народную творчасць”, — расказала Наталля Качанава.
У сваю чаргу міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што візіт творчых калектываў у Кітай магчымы гэтым летам. Паводле яго слоў, якраз у гэты час для адпачынку і аздараўлення ў “Зубраня” прыедуць больш за два дзясяткі кітайскіх школьнікаў. “А нашы калектывы змогуць наведаць розныя правінцыі Кітая”, — заўважыў міністр.
Паводле яго слоў, двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў сферы адукацыі развіваецца даволі дынамічна. “Старшыня КНР афіцыйна заявіў, што дадаткова па нашым пагадненні кожны год 40 студэнтаў будуць выязджаць у Кітай для павышэння кваліфікацыі, навучання ў кітайскіх УВА. Яшчэ было сказана, што выдзелена 100 квот для нашых студэнтаў у мэтах азнаямлення з культурай Кітая. Гэта значыць, што ў бягучым годзе яшчэ 100 нашых студэнтаў паедуць у гэтую краіну, а цяпер запрошаны таксама калектывы Цэнтра мастацкай творчасці, якія прадэманструюць асаблівасці нашага нацыянальнага мастацтва”, — сказаў кіраўнік ведамства.
Міхаіл Жураўкоў дадаў, што з году ў год колькасць кітайскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх УВА, павялічваецца. Акрамя таго, з КНР у Беларусь прыязджаюць на кароткатэрміновыя курсы і на практыку. “Цяпер актывізаваўся абмен паміж маладымі вучонымі, якія выязджаюць у Кітай і Беларусь для правядзення сумесных навуковых даследаванняў”, — сказаў ён.
Фота Сіньхуа — БелТА.