Калі адказнасць за навучанне вучань бярэ на сябе

- 12:00Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Звыклая сістэма ацэньвання, якая склалася ў школе, не зусім спрыяе фарміраванню ўнутраных матываў вучэбнай дзейнасці, бо з’яўляецца знешнім фактарам, часам навязаным самому навучэнцу. Каб ацэнка спрыяла развіццю ўнутраных матываў, яна павінна ператварыцца са знешняга фактару ацэньвання вучэбнай дзейнасці ва ўнутраны фактар пазнавальнай дзейнасці самога вучня. А гэта магчыма толькі з развіццём навыкаў ацэначнай дзейнасці ў саміх навучэнцаў.

Актыўная ацэнка адказвае на галоўныя пытанні ў ацэначнай дзейнасці: як ацэньваць, што ацэньваць, з якой мэтай ацэньваць работу вучня на ўроку. Назаву некаторыя прынцыпы, якімі я кіруюся пры ажыццяўленні ацэначнай дзейнасці:

— любая дзейнасць вучня па здабываннi ведаў носіць ацэначны характар;

— ацэнка не носіць кантралюючую і канстатуючую функцыі на кожным уроку;

— яна перш за ўсё змяшчае стымулы, якія падахвочваюць вучня да дзеяння, спрыяе таму, каб у вучня абудзілася жаданне вучыцца;

— адзнака на ўроку цалкам пазбаўлена якога-небудзь моманту параўнання аднаго вучня з іншым;

— яна ў першую чаргу адзначае змены, якія адбываюцца з пэўным навучэнцам, пазітыўныя ці негатыўныя;

— ацэнка не можа быць пакараннем для вучня з боку настаўніка;

— ацэнцы настаўніка папярэднічае самаацэнка вучня, таму неабходная ўмова ацэначнай дзейнасці — пастаянна вучыць дзяцей самаацэнцы і самарэфлексіі;

— ацэнка павінна быць зразумелай вучню і ўспрымацца ім як аб’ектыўная;

— нельга абсалютызаваць ролю ацэнкі на ўроку, навучэнец павінен разумець, што гэта не самае галоўнае ў працэсе навучання, і роля настаўніка заключаецца ў тым, каб растлумачыць дзецям, навошта патрэбна адзнака на ўроку;

— ацэнку дае не толькі настаўнік, але і вучні адно аднаму.

Што ж канкрэтна варта ацэньваць? На мой погляд, варта ацэньваць розную дзейнасць дзяцей, накіраваную на здабыванне ведаў, але перш за ўсё іх поспехі. Вельмі важна зрушыць акцэнты ў гэтым пытанні такім чынам, каб навучэнцы адчулі, што яны нароўні з настаўнікам маюць права на ацэньванне і свайго адказу, і адказу таварыша.

У шырокім сэнсе актыўная ацэнка не зводзіцца да кантрольна-ацэначнай дзейнасці, гэта стратэгія навучання, якая мае сістэматычны характар і ўключае матывацыйны блок, мэтавызначэнне, дзеянні, вынікі і ацэнку. Яна ахоплівае шырокі спектр метадаў і сродкаў, непасрэдна звязаных з працэсамі выкладання і навучання. Цяпер я паспрабую больш падрабязна спыніцца на кожным элеменце.

Першы элемент — давядзенне да вучняў мэт урока, якія, па сутнасці, павінны быць сфармуляваны ў адпаведнасці з падыходам SMART і зразумелыя навучэнцам.

Уявіце сабе, што вы выйшлі з дзецьмі на экскурсію ў лес. Калі мы не скажам, для чаго мы туды ідзём, вучні будуць ісці па-рознаму: хтосьці адстане, хтосьці апярэдзіць іншых, а настаўнік будзе хвалявацца, каб з дзецьмі нічога не здарылася. Калі ж настаўнік адразу агучыць мэту прагулкі ў лес, то вучні будуць свядома туды ісці. Падобным чынам выглядае сітуацыя на ўроку, калі дзеці не ведаюць, чаго яны павінны дасягнуць. Часам настаўнік ставіць перад дзецьмі мэту, якую прапаноўваюць метадычныя распрацоўкі або вучэбныя праграмы. Аднак дзецям трэба ставіць мэту на зразумелай ім мове. Яны павінны дакладна разумець, для чаго ўвесь ўрок яны будуць працаваць.

Найважнейшым элементам актыўнай ацэнкі, які цесна звязаны з мэтамі і ўтварае масток да зваротнай інфармацыі, з’яўляюцца крытэрыі дасягнення. Мы з задавальненнем вучымся таму, што нас цікавіць, што нас інтрыгуе, што неабходна для дасягнення мэты. Мы імкнёмся зразумець і запомніць тое, што нам цікава. У актыўнай ацэнцы існуе свой крытэрый дасягнення пастаўленай мэты — гэта так званы “НаШтоБуЗу”, які азначае “на што буду звяртаць увагу”. Дзякуючы гэтаму прынцыпу можна выявіць, у якой ступені была дасягнута пастаўленая ў пачатку ўрока мэта, паколькі вучань дакладна ўяўляе, якую работу ён павінен выканаць і чаго патрабуе ад яго настаўнік.

Адным з метадаў актыўнай ацэнкі з’яўляецца пастаноўка ключавых пытанняў, якія прыцягваюць увагу вучняў да тэмы, прымушаюць іх думаць. Неабходна адзначыць, што ключавыя пытанні могуць быць у выглядзе праблемы, гіпотэзы, загадкі, задачы, тэзіса, сітуацыі, малюнка ці здымка, калажу. Згодна з прынцыпам актыўнай ацэнкі, настаўнік спачатку задае пытанне, пасля пакідае час на роздум, арыентуючыся на слабейшых вучняў, і толькі пасля таго, як усе вучні самастойна адкажуць на пытанне, выбірае вучня, які павінен даць адказ.

Вось некаторыя прыклады ключавых пытанняў, якія я выкарыстоўвала на сваіх уроках:

1. У якім царстве жыве Алфавіт?

2. Хто, акрамя Алфавіта, жыве ў царстве Фанетыка?

3. Хто старэйшы: гукі ці літары? Чаму?

4. Колькі галосных гукаў жыве ў царстве Беларуская мова?

5. Якое слова складаецца з сямі гукаў, а ўказвае на 32 літары?

6. Алфавіт пабудаваў новы дом. Літарам былі прапанаваны адна-, двух-, трох- і чатырохпакаёвыя кватэры. Якія літары ў якіх кватэрах будуць жыць?

7. Літары ў ім, як байцы на парад, строгім парадкам пастаўлены ў рад. Усе яны пэўнае месца знайшлі ў ім. Мы назавём гэта ўсё ……..

8. Для чаго ўжываюцца ў мове словы-сінонімы?

9. Разгледзьце малюнкі і адкажыце: адзін і той жа грыб ці розныя называюцца чатырма рознымі словамі? Што гэта за словы?

10. Займеннік — самастойная ці службовая часціна мовы?

Наступны элемент актыўнай ацэнкі — тэхніка задавання пытанняў і рэагаванне на адказы навучэнцаў.
Разгледзім 4 аспекты.

Першы — час на абдумванне адказу. Даследаванні паказалі, што настаўнікі чакаюць адказу ад вучня 0,9 секунды. Такая пастаноўка пытанняў не дапамагае ні навучанню, ні мысленню. Прапанаваная ў актыўнай ацэнцы тактыка пастаноўкі пытанняў абапіраецца на тое, што спачатку задаецца пытанне, потым даецца час на роздум і толькі тады выбіраецца вучань, які павінен даць адказ.

Другі аспект, звязаны з пытаннямі ў актыўнай ацэнцы, — увядзенне прынцыпу непадымання рукі. Часцей за ўсё на ўроку працуюць актыўныя дзеці, а сціплыя сядзяць. Прынцып непадымання рукі дапамагае настаўніку лепш кантраляваць, наколькі раўнамерна ён апытвае ўсіх вучняў. Тут яшчэ можна дадаць, што, калі настаўнік выцягвае картку і называе імя вучня, гэта ўносіць ва ўрок элемент гульні і паляпшае атмасферу на ўроку.
Трэці аспект — рэакцыя на памылку вучня. Памылковы адказ вучня сведчыць пра тое, што ён мае праблему па пэўнай тэме. Усе вучні розныя, і адзін спосаб тлумачэння можа падыходзіць для адных вучняў, але не падыходзіць для іншых. У актыўнай ацэнцы настаўнік павінен спакойна выправіць вучня, а яго няправільны адказ можа стаць ключавым пытаннем наступнага ўрока.

І чацвёрты аспект пытанняў у актыўнай ацэнцы найбольш спрыяльны для навучання — пошук адказу ў парах. Пары лепш падбіраць з пазіцыі “моцны — слабы” — тады яны змогуць выбраць правільны адказ або, калі слабы вучань не ведае чагосьці, моцны яго навучыць і дасць магчымасць адказаць яму.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў актыўнай ацэнцы ёсць пэўная паслядоўнасць пастаноўкі пытанняў: пытанне, час на абдумванне, выбар вучня, які будзе адказваць.

Мы ўсе прывучаны звяртаць увагу на памылкі. У сшытках дзяцей пераважае чырвоны колер, якім настаўнік ліквідуе і выпраўляе памылкі. Гэта здаецца правільным, але не заўсёды нашы дзеці задумваюцца над выпраўленымі памылкамі. Звычайна іх не цікавіць, чаму яны іх дапусцілі і як іх выправіць. Адным з крытэрыяў актыўнай ацэнкі, як ужо адзначалася, з’яўляецца зваротная сувязь.

Зваротная сувязь станоўча ўплывае на стварэнне пачуцця асабістай карысці ў дзіцяці і фарміраванне ў яго адэкватнай самаацэнкі, а таксама паказвае настаўніку, што вучань засвоіў вельмі добра, а над чым трэба папрацаваць. Пры ажыццяўленні зваротнай сувязі немэтазгодна выстаўляць дзіцяці ацэнку.

Існуе 4 элементы зваротнай сувязі: вызначыць выдатныя элементы работы вучня; адзначыць тое, над чым вучню трэба папрацаваць; даць падказкі, як вучань можа палепшыць работу; адзначыць, у якім кірунку вучню неабходна рухацца далей.

Зваротную сувязь не абавязкова павінен ажыццяўляць настаўнік. Яе аўтарам можа стаць і другі вучань. Задача настаўніка — падрыхтаваць клас да выкарыстання ўзаемаацэнкі.

Узаемаацэнка ажыццяўляецца па наступных прынцыпах: мы крытыкуем не асобу, а толькі яе работу; мы кіруемся крытэрыямі “НаШтоБуЗу”, а не сваім бачаннем праблемы; мы паважаем асобу; мы спрабуем зразумець іншага чалавека; мы культурна выказваем свае заўвагі. Ацэньваючы любую пісьмовую работу, імкнуся даць падрабязны яе аналіз. А пачынаю гэта рабіць з пахвалы. Напрыклад: “Даша, ты такая малайчынка, бо сёння ты выканала работу лепш за ўсіх. Гэта мяне радуе, бо ты сапраўды многа працавала як дома, так і на кожным уроку”; “ Маша, як прыемна чытаць сення тваё сачыненне! Яно так вобразна і маляўніча адлюстроўвае тыя краявіды, якія мы бачым кожны дзень, калі ідзём у школу, але часта не заўважаем іх. Ты, карыстаючыся мастацкімі сродкамі, змагла ажывіць малюнкі прыроды, перадаць шматкаляровую адметнасць восені. Але разам з тым ты дапусціла памылкі ў напісанні канчаткаў прыметнікаў. Звярніся, калі ласка, да табліцы-схемы ў нашых картках-памятках і выправі свае недахопы”. Такі каментарый работы сваіх вучняў я пакідаю ў сшытку, на стыкеры або пішу паведамленне па электроннай пошце.

Спосабы арганізацыі зваротнай сувязі на ўроку могуць быць самымі рознымі, а самае галоўнае, што ажыццяўляць яе можна на любым этапе ўрока. На кожным уроку беларускай мовы я выкарыстоўваю такі прыём, як “Святлафор”: падчас тлумачэння матэрыялу вучні сігналізуюць карткамі рознага колеру (разумею, ведаю — зялёнага колеру; сумняваюся — жоўтага; не разумею, не ведаю — чырвонага) разуменне новага матэрыялу. У час тлумачэння тэмы я задаю сваім вучням наступныя пытанні: “Усё зразумела?”, “Ці патрэбна яшчэ раз растлумачыць гэты пункт правіла?” Гэта вельмі дзейсны шлях пры тлумачэнні і замацаванні новага матэрыялу. Цяпер мае вучні ўжо не чакаюць ад мяне традыцыйных пытанняў, а самі сігналяць мне аб нейкім незразумелым моманце.

У вучняў 5—6 класаў я практыкую такі від зваротнай сувязі, як “Паляна поспеху”. На аркушы паперы малюю паляну. У канцы ўрока вучні прымацоўваюць на аркуш кветкі адпаведнага колеру (блакітныя — усё атрымалася, жоўтыя — нядрэнна папрацаваў, але не ўсё атрымалася, чырвоныя — сёння ў мяне нічога не атрымалая, але наступны раз усё атрымаецца…). Нядрэннай формай зваротнай сувязі з’яўляюцца падсумоўваючыя пытанні, якімі я карыстаюся напрыканцы ўрока і якія абагульняюць веды вучняў: “Я даведаўся сёння, што…”, “Я зразумеў, што…”, “Я быў здзіўлены наступным…”, “Я сёння дасягнуў пастаўленай мэты, таму што…”, “Я хачу сказаць…”.

Узаемаацэнка — найважнейшы сродак ацэначнай дзейнасці на ўроку, бо гэтая дзейнасць падахвочвае вучня быць на ўроку ў актыўнай пазіцыі: аналізаваць, параўноўваць, ацэньваць, рабіць высновы, імкнуцца працаваць лепш. Так, на ўроку беларускай мовы ў 7 класе па тэме “Асаблівасці ўжывання прыназоўнікаў у беларускай мове” вучань, даючы ацэнку адказу свайго таварыша, адзначыў: “ На працягу ўрока Лёша вельмі стараўся праявіць сябе, адказваў на пытанні, перакладаў словазлучэнні з рускай мовы на беларускую і з беларускай — на рускую, але пры гэтым дапускаў недакладнасці ў перакладзе, у напісанні канчаткаў назоўнікаў”. Лічу, што Лёша, пачуўшы такую ацэнку з боку свайго таварыша, будзе яшчэ больш актыўна працаваць, але будзе больш уважлівым і засяроджаным пры выкананні таго ці іншага задання.

Перад пачаткам узаемаправеркі кожны навучэнец дае самаацэнку сваёй работы. А затым пад кіраўніцтвам настаўніка ідзе ўзаемаправерка (работа ў парах). Далей работы вяртаюцца аўтарам, і яны могуць задаць пытанні, калі не згодны з дзеяннямі правяраючых, — мы гэта называем апеляцыяй.

Рэфлексіўная кантрольна-ацэначная дзейнасць пры арганізацыі калектыўна-вучэбнай дзейнасці прадугледжвае ўключэнне кожнага вучня ў дзеянне ўзаемакантролю і ўзаемаацэнкі. Для гэтага выкарыстоўваюцца ацэначныя карты, мэта якіх — навучыць адэкватна ацэньваць сябе і іншых. Так праходзяць урокі па лірыцы, на якіх самі ж вучні ацэньваюць чытанне вершаў іншых навучэнцаў, урокі ў выглядзе прэс-канферэнцыі (журналісты ацэньваюць самыя цікавыя правільныя адказы, а госці — самае цікавае пытанне). Поспехам карыстаюцца ўрокі-інсцэніроўкі, на якіх лепшай ацэнкай з’яўляюцца апладысменты аднакласнікаў. Так прайшоў урок у 7 класе па творы Янкі Брыля “Сірочы хлеб” на тэму “Урокі пані Мар’і”.

Усе ведаюць, якую важную ролю адыгрывае самаацэнка ў жыцці чалавека. Адэкватная самаацэнка дазваляе мець добрыя зносіны з людзьмі, якія акружаюць цябе, рацыянальна і гарманічна расходаваць свае сілы і дабівацца поспехаў у разнастайных відах дзейнасці. Завышаная ці заніжаная самаацэнка часта суправаджаецца непаразуменнем ва ўзаемаадносінах з людзьмі, а таксама выклікае цяжкасці ў дасягненні пастаўленай мэты. Самаацэнка дазваляе вучням кантраляваць выкананне сваёй работы і рабіць неабходную карэкцыю ўласных дзеянняў. Вучань імкнецца да лепшых вынікаў, ставіць сабе высокую планку, якую ён дасягае дзякуючы сваім здольнасцям і жаданням. Такім чынам, самаацэнка — гэта ацэнка самога сябе, сваіх недахопаў і сваіх здольнасцей, што вельмі карысна ў навучанні. Вучань можа сам паправіць выкананае заданне і ацаніць свае здольнасці і веды. Настаўнік перастае быць пастаянным назіральнікам за вучнямі. Паміж імі ўстанаўліваюцца адносіны, якія грунтуюцца на ўзаемадаверы і ўзаемапавазе.

Такім чынам, сістэма кантролю і ацэнкі становіцца рэгулятарам адносін школьніка і вучэбнага асяроддзя. Вучань ператвараецца ў раўнапраўнага ўдзельніка працэсу навучання. Ён гатовы да праверкі сваіх ведаў, да ўсведамлення таго, чаго ён дасягнуў. Актыўная ацэнка высока ўзносіць пачуццё ўласнай годнасці вучняў, павышае цікавасць да самастойнага вывучэння прадмета, дазваляе браць адказнасць за навучанне на сябе.

Марыя КУЗЬМІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Смаргоні.