Калі бяруцца за справу, то робяць усё на 100%. Сям’я педагога Ірыны Новікавай заняла 2-е месца ў конкурсе «Сям’я года»

- 9:21Новости

Дыпломам II ступені VI Рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” ўзнагароджана сям’я Новікавых з Рэчыцы. Рэцэптам гармоніі і добрага настрою з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася мнагадзетная маці і педагог Ірына Новікава.

Дзень Ірыны Ігараўны літаральна распісаны па хвілінах. Пры гэтым яна паспявае быць неверагодна абаяльнай жанчынай, мамай траіх дзяцей і выдатным спецыялістам: працуе настаўніцай нямецкай мовы ў Бронненскай сярэдняй школе. У вольны час любіць чытаць, цяпер не можа адарвацца ад “Мізэры” Стывена Кінга.

Педагог прызнаецца, што ўсю сябе прысвячае сям’і. Яе муж Дзмітрый Якаў­левіч працуе аператарам таварным на Беларускім газаперапрацоўчым заводзе, а яшчэ ён майстар спорту па кулявой стральбе, віртуозна іграе на гітары, гармоні, піша вершы. У вялікай, дружнай і моцнай сям’і выхоўваюцца прыгажуня Софія і шустрыя хлопчыкі Ціхан ды Іван. Дзяўчынка вучыцца ў 4 класе Рэчыцкай раённай гімназіі імя В.П.Маргелава, займаецца лёгкай атлетыкай і плаваннем. Ад маці яна атрымала ў спадчыну не толькі прыгажосць, але і любоў да чытання. Так, 9-гадовая Софія ўжо прачытала сотні кніг! Яе 6-гадовы брат Ціхан — першакласнік. Яму падабаецца зай­мацца вялікім тэнісам, плаваннем, ён лю­біць маляваць і збіраць канструктары. Самы малодшы ў сям’і — Іван, яму 4 гады. Ён кожную раніцу спяшаецца ў Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Рэчыцы. Як і старэйшы брат, Іван ходзіць на заняткі па тэнісе, захоплены маляваннем.

У размове з Ірынай Новікавай удалося даведацца шмат цікавага пра іх сям’ю і тое, якімі правіламі кіруюцца муж і жонка пры выхаванні дзяцей, пра самыя шчаслівыя моманты мацярынства, а таксама пра прызванне і любімую прафесію.

— На мой выбар прафесіі перш за ўсё паўплывала настаўніца пачатковых класаў Вера Мікалаеўна Пінчук, — успамінае Ірына Ігараўна. — Калі заканчвала 9 клас у базавай школе, трэба было вырашыць, куды паступаць. Я вельмі хацела пайсці вучыцца ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча (цяпер — Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж), марыла стаць настаўнікам пачатковых класаў. Аднак у маім жыцці быў доўгі перыяд, калі я ездзіла ў Германію, дзе вельмі добра авалодала гутарковай нямецкай мовай. Мне ўсе раілі не ехаць далёка, а паступаць у Рэчыцкі дзяржаўны педагагічны каледж на адпаведную спецыяльнасць. Прызнацца, доўга сумнявалася, узважвала ўсе “за” і “супраць”, але ўсё ж вырашыла паспрабаваць. Паступіла з лёгкасцю, бо сярэдні бал атэстата ў мяне быў высокі. Чатыры гады навучання праляцелі непрыметна. Моцная база ведаў, атрыманая ў каледжы, дазволіла здаць ЦТ па нямецкай мове на 96 балаў, і я стала студэнткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (завочнага аддзялення). Свой працоўны шлях пачынала ў цудоўным калектыве Камсамольскай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна. Да гэтага часу з вялікай павагай і трапятаннем успамінаю сваіх калег і першых вучняў. Менавіта яны ўмацавалі маё жаданне працаваць настаўнікам замежнай мовы і яшчэ раз дапамаглі зразумець, што мой выбар прафесіі быў правільным. Пасля дэкрэтнага водпуску адзінае, што мяне спыніла вярнуцца на першае працоўнае месца, — адлегласць ад дома да школы ў 50 кіламетраў.

Цяпер педагог працуе ў Бронненскай сярэдняй школе. На сваіх занятках яна заўсёды прапаноўвае вучням шмат творчых заданняў.

— Дзякуючы ім, выхаванцы могуць раскрыць свой патэнцыял, — адзначае суразмоўніца. — Я супраць зазубрывання: гэта неэфектыўна. Лепш даць вучням лексіку ў зразумелых кантэкстах, пасля якіх ім бу­дзе прасцей усё запомніць. Тое ж самае і з граматыкай. Дарэчы, называю школьнікаў на ўроку поўнымі імёнамі. Спачатку яны здзіў­ляюцца: “Чаму Ксенія, Аляксандр, Вікторыя?” А потым ім вельмі падабаецца. Гэта перш за ўсё паказвае маю павагу да іх. Стаўлюся да дзяцей, як да дарослых, і яны імкнуцца адпавядаць майму даверу.

Для павышэння ўзроўню падрыхтоўкі педагог рэгулярна глядзіць фільмы на нямецкай мове, чытае кнігі на мове Гётэ, Канта, Ніцшэ, Моцарта, Баха і Бетховена.

— Велізарная радасць — мець вялікую і дружную сям’ю. Па шчаслівых і бесклапотных вачах дзяцей бачна, што сапраўднай любові тут хапае на ўсіх.

— Рашэнне мець вялікую сям’ю было для нас з мужам узаемнае. У маіх бацькоў было чацвёра дзяцей, я старэйшая, у сям’і мужа — двое. Так мы і вырашылі, што трое — залатая сярэдзіна. Вялізнае шчасце — чуць дзіцячы смех, мудрагелістыя аповеды малых, радавацца сумесным вечарам, займальным паездкам. Гэта тое, што складае сэнс нашага жыцця. Пры гэтым вучым дзяцей не толькі з карысцю право­дзіць час, але і быць адказнымі. Кіруемся па жыцці такім прынцыпам: калі бярэшся нешта зрабіць, прыкладзі максімум намаганняў.

— Што паўплывала на ваша рашэнне прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Сям’я года”?

— Паставілі сабе задачу — зрабіць усё на 100 працэнтаў. Мы выйгралі раённы этап конкурсу, потым абласны. У рэспуб­ліканскім фінале зробім усё, што ад нас залежыць. А ўвогуле сталі ўдзельнікамі па шчаслівай выпадковасці, ад якой вырашылі не адмаўляцца. Насамрэч, жыццё кожны дзень прадастаўляе тысячы магчымасцей: змяніцца, пачаць усё спачатку, прая­віць сябе з іншага боку, адкрыць новыя таленты. Галоўнае — не ўпускаць гэты шанс, другога можа і не быць. Да таго ж вопыт удзе­лу ў сямейных конкурсах у нас ёсць. У 2017 і 2023 гадах мы станавіліся пераможцамі абласнога конкурсу “Лепшая маладая сям’я Гомельшчыны”. Нашы дзеці не баяцца сцэны, яны вельмі актыўныя, лёгка знахо­дзяць кантакт з іншымі. Сцэнарый для конкурсу пісалі з мужам удваіх. Ён — візітоўку, а я прыдумала сацыяльна значны праект “Помнім, перадаём, атрымліваем у спадчыну”, мэта якога — расказаць дзецям пра іх малую радзіму, навучыць захоўваць гістарычную памяць і ганарыцца тым, што ты беларус. Атрымалася крэатыўна, творча і цікава, сапраўдны тэатральны паказ. Нам ёсць чым здзівіць гледачоў і членаў журы.

— А які дзень для вас стаў самым шчаслівым?

— Не магу вылучыць нейкі адзін момант, іх вельмі шмат. Але, мабыць, самыя кранальныя і запамінальныя — нараджэнне дзяцей.

— Што для вас галоўнае ў выхаванні дачкі і сыноў?

— Імкнёмся паказваць ім правільны прыклад узаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай, паміж татам і мамай, паміж братамі і сёстрамі. Несумненна, соцыум уно­сіць свае карэктывы, але мы перакананы, што самае важнае дзеці выносяць у гэты свет з сям’і. Часам становіцца сумна, калі бачу, наколькі некаторыя вучні адзінокія ў сваіх праб­лемах і пытаннях. Каб так не адбывалася з нашымі дзецьмі, мы з мужам шмат увагі ўдзяляем шчырым сямейным гутаркам. Любім падарожнічаць усе разам. Ужо наведалі шмат краін. Стараемся вандраваць і па роднай Беларусі. Пад уражаннем засталіся, наведаўшы Нясвіжскі і Мірскі замкі, Брэсцкую крэпасць. Час, праведзены ў сямейным коле, запамінаецца цікавымі і цёплымі імгненнямі.

— Падзяліцеся рэцэптам добрага настрою і сямейнага дабрабыту.

— Заўсёды трэба ўмець расстаў­ляць прыярытэты ў той ці іншы момант. Калі мне трэба пагаварыць з дзіцем, я адкладваю справы ўбок. Калі заўтра буду тлума­чыць навучэнцам новую тэму і мне неабходна падрыхтавацца, значыць, усе дамачадцы знойдуць сабе занятак на некаторы час. Калі мы з мужам абодва стаміліся на рабоце, то можам купіць гатовую вячэру. Менавіта абапіраючыся на сітуацыю, на свой унутраны стан і нейкія іншыя фактары, можна паспяхова ўсё сумяшчаць. Рэцэпт шчасця, гармоніі, добрага настрою — у любові. Любоў да сваёй сям’і, сваёй справы, да навакольнага свету — безумоўнае пачуццё, якое не патрабуе нагоды.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Ірыны НОВІКАВАЙ